Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“Так, – падумаў ён, – з гэтымі панамі больш прыемна мець справу, чым з купцамі. Яны сапраўды злепленыя з іншае гліны…”

А потым ён дадаў:

“Чаго дзівіцца, што панна Ізабэла пагарджае гэтакім, як я, калі яна выхавалася сярод такіх, як яны… Ну, але што яны робяць на свеце і дзеля свету?.. Шануюць людзей, якія могуць даць пятнаццаць працэнтаў з іх капіталу… Гэта яшчэ не заслуга”.

“Да ліха! – прамармытаў ён і шчоўкнуў пальцамі. – Адкуль жа ім вядома, што я купіў кабылу?.. Ад пані Кшэшоўскае за пасярэдніцтвам Марушэвіча… Зрэшты, я сам занадта часта бываю ў манежы, мяне там ведаюць усе слугі… Гэх! Пачынаю ўжо рабіць глупствы, раблюся неасцярожны… Адразу не падабаўся мне гэты Марушэвіч…”


ВЕЛІКАСВЕЦКІЯ ЗАБАВЫ


Нарэшце надышоў дзень скачак, пагодны, але не гарачы, якраз такі, як трэба. Вакульскі быў на нагах ужо а пятай рана і адразу ж паехаў праведаць сваю кабылу. Яна прыняла яго досыць абыякава, але была ў парадку, а пан Мілер поўны аптымізму.

– Што, – рагатаў ён, торгаючы Вакульскага за плячо. – Загарэўся пан, га?.. Абудзіўся ў пану спартсмен!.. Мы, пане, увесь час скачак у гарачцы жывем. Наш заклад пра пяцьдзясят рублёў трывае, га?.. Яны ўжо нібы ў мяне ў кішэні, мог бы пан зараз жа мне іх аддаць.

– Аддам з найвялікшым задавальненнем, – адказаў Вакульскі, а сам думаў: “Ці выйграе кабыла?.. Ці панна Ізабэла пакахае мяне?.. Ці не здарыцца чаго?.. А калі кабыла зломіць нагу?..”

Ранішнія гадзіны цягнуліся, нібы запрэжаныя валамі. Вакульскі на хвілінку ўсяго завітаў у краму, не змог з’есці абед, потым пайшоў у Саскі парк, несупынна думаючы: ці кабыла выйграе і ці панна Ізабэла яго пакахае?.. Аднак ён перамог сябе і выехаў з дому толькі а пятай.

У алеі Уяздоўскай было ўжо гэтак цесна ад калясак і брычак, што месцамі даводзілася рухацца вельмі павольна, а пры рагатцы ўтварыўся сапраўдны затор, і яму давялося чакаць з чвэрць гадзіны, пакутуючы ад нецярплівасці, пакуль нарэшце каляска не выехала на Макатоўскія палі.

На павароце Вакульскі выхіліўся і праз смугу жаўтаватага пылу, які густа асядаў яму на твар і на вопратку, пачаў аглядаць поле скачак. Пляц падаваўся яму сёння бясконцым і непрыемным, нібы над ім лунаў прывід няпэўнасці. Далёка перад сабою ён бачыў доўгі шнур людзей, што стаялі паўколам, якое пастаянна абрастала новымі грамадкамі.

Нарэшце, ён дабраўся да месца і зноў прайшло з дзесяць хвілін, пакуль слуга вярнуўся з касы з білетам. Каляску акружыў натоўп бясплатных гледачоў, і Вакульскаму здавалася, што ў шматгалосай гамане ўсе размовы толькі пра яго кабылу і кпіны з купца, які бавіцца скачкамі.

Нарэшце каляску прапусцілі ў сярэдзіну кола. Вакульскі саскочыў на зямлю і пашыбаваў да свае кабылы, стараючыся ўдаваць абыякавага гледача.

Пасля доўгіх пошукаў ён знайшоў яе на сярэдзіне поля для скачак, а пры ёй паноў Мілера і Шульца, а таксама жакея з тоўстаю цыгараю ў зубах, у жоўтай з блакітным шапцы і ў паліто, накінутым на плечы. Кабыла яго на вялізным полі сярод незлічонага тлуму падалася яму гэткаю малою і лядашчаю, што ў роспачы ён хацеў ужо ўсё кінуць і вярнуцца дадому. Але фізіяноміі паноў Мілера і Шульца яснелі надзеяй.

– Нарэшце пан тут! – загаманіў дырэктар манежа і паказаў вачыма на жакея. – Пазнаёмлю паноў. Пан Юнг, славуты ў краі жакей. Пан Вакульскі.

Жакей прыклаў два пальцы да жоўта-блакітнае шапкі, дастаў другой рукою з роту цыгару і цыркнуў праз зубы слінаю.

Вакульскі падумаў, што такога худога і нізкарослага чалавечка ён яшчэ ніколі ў жыцці не бачыў. А сам пры гэтым заўважыў, што жакей аглядае яго як каня – ад ілба да пятаў, ды гэтак сукае нагамі, нібы намерваецца сесці і праехаць на ім.

– Хай пан пацвердзіць, пане Юнг, ці ж мы не выйграем? – запытаўся дырэктар.

– Вох! – адказаў жакей.

– Тыя два кані някепскія, але наша кабыла знакамітая, – працягваў дырэктар.

– Вох! – паўтарыў жакей.

Вакульскі адвёў яго ў бок і сказаў:

– Калі выйграем, буду пану вінны пяцьдзясят рублёў звыш дамоўленага.

– Вох! – адказаў жакей, уважліва зірнуў на Вакульскага і дадаў: – Пан – чыстакроўны спартсмен, але пан яшчэ ў гарачцы. Праз год будзе пан спакайней.

Ён зноў цыркнуў слінаю на даўжыню каня і пайшоў у бок трыбуны, а Вакульскі, пасля таго як развітаўся з панамі Мілерам ды Шульцам і папесціў кабылу, вярнуўся да свае каляскі.

Цяпер ён пачаў шукаць панну Ізабэлу.

Ён прайшоў уздоўж доўгага ланцуга калясак, прыглядаючыся да коней, да слуг, заглядаючы пад парасоны дам, але панны Ізабэлы не ўбачыў.

“Можа, не прыедзе,” – падумаў ён, і здалося яму, што ўвесь гэты пляц, поўны людзей, западае разам з ім пад зямлю. Нашто было выкідаць гэтулькі грошай, калі яе тут не будзе! А можа, пані Мэлітан, старая інтрыганка, падманула яго разам з Марушэвічам?..

Ён падняўся на прыступкі, што вялі на трыбуну суддзяў, і пачаў азірацца навокал. Дарэмна. Калі спускаўся, загарадзілі яму дарогу двое паноў, яны стаялі спінамі, і адзін з іх, высокі, з характэрнымі рысамі спартсмена, узрушана гаварыў другому:

Перейти на страницу:

Похожие книги