Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Па-ранейшаму займаешся шарадамі, пане Шлянгбаўм? – спытаў ён.

– Што я!.. – адказаў стары жыд. – Але ў мяне, пане, ёсць унучак, Генрыкаў сын, якому яшчэ толькі дзевяць гадоў, і няхай пан толькі паслухае, які ён мне на мінулым тыдні ліст прыслаў. “Дзядуля, – піша ён, той малы Міхась, – мне трэба такая рэч:

Першае значыць дол, другое – пярэчанне,

А ўсё разам – картовае адзенне.

А як дзядуля адгадае, – пісаў ён, Міхась, – дык няхай мне дзядуля прышле шэсць рублёў на гэтую картовую справу”. Я расплакаўся, пане Вакульскі, калі прачытаў. Бо той першы – гэта спод, а пярэчанне – гэта ні, а ўсё разам – сподні. Я плакаў, пане Вакульскі, што такое мудрае дзіця з-за ўпартасці Генрыка ходзіць без портак. Але я яму адпісаў: “Мой даражэнькі, я вельмі задаволены, што ты навучыўся, як дзед, складаць шарады. А каб ты яшчэ навучыўся і ашчаднасці, дык я табе на тое картовае адзенне дасылаю толькі чатыры рублі. І калі ты будзеш добра вучыцца, я табе пасля вакацый спраўлю такую шараду:

Першае па-нямецку значыць вусны, другое – гадзіна.

Купляецца дзіцяці, калі яно ў гімназію паступае”.

Гэта значыць mund-ur. Пан адразу здагадаўся, пане Вакульскі?

– Дык уся панская сям’я бавіцца шарадамі? – заўважыў Вакульскі.

– Не толькі мая, – адказаў Шлянгбаўм. – У нас, пане, у жыдоў нібы, калі моладзь збярэцца, дык яны не бавяцца, як у панства, аднымі танцамі, кампліментамі, уборамі ды рознымі дрындушкамі, але яны або лічаць нешта, або гартаюць вучоныя кніжкі ды адзін аднаму здаюць іспыт або разгадваюць шарады, рэбусы, шахматныя задачы. У нас няспынна заняты розум, і таму жыды маюць розум, і таму, няхай пан не абразіцца, яны ўвесь свет заваююць. У панства ўсё робіцца праз сардэчную гарачку і праз вайну, а ў нас толькі розумам ды цярплівасцю.

Апошнія словы ўразілі Вакульскага. Ён жа якраз здабываў панну Ізабэлу розумам і цярплівасцю… Крыху лягчэй стала яму на сэрцы, ён перастаў вагацца і раптам сказаў:

– У мяне ёсць да пана просьба, пане Шлянгбаўм.

– Панская просьба для мяне азначае загад, пане Вакульскі.

– Я хачу купіць дом Ленцкага…

– Ведаю яго, ён пойдзе за шэсцьдзясят з нечым тысяч рублёў.

– Я хачу, каб ён пайшоў за дзевяноста тысяч, і мне трэба нехта, хто б падымаў цану на аўкцыёне да гэтае сумы.

Жыд вырачыў вочы.

– Як?.. Пан хоча заплаціць на трыццаць тысяч рублёў даражэй? – запытаўся ён.

– Так.

– Перапрашаю, але я не разумею. Бо каб гэта дом самога пана прадавалі, а Ленцкі хацеў яго купіць, тады пан меў бы інтарэс падбіваць цану. Але як пан купляе, дык пан мае інтарэс зніжаць цану…

– Маю інтарэс заплаціць даражэй.

Стары патрос галавою і праз момант загаварыў:

– Каб я пана не ведаў, дык падумаў бы, што пан робіць кепскі інтарэс, але я пана ведаю, дык я сабе думаю, што пан робіць… дзіўны інтарэс. Пан не толькі закопвае ў муры гатоўку і траціць на тым з дзесяць працэнтаў штогод, але яшчэ хоча пан заплаціць на трыццаць тысяч рублёў больш… Пане Вакульскі, – дадаў ён, беручы яго за руку, – не рабі, пан, гэткае бязглуздзіцы. Я пана прашу… Стары Шлянгбаўм пана просіць…

– Павер, пан, што мне гэта акупіцца…

Жыд раптам стукнуў сабе пальцам у лоб. Бліснулі ў яго вочы і зубы белыя, як перлы.

– Ха-ха!.. – зарагатаў ён. – Ну, які я ўжо стары, што адразу не сцяміў… Пан пану Ленцкаму дасць трыццаць тысяч рублёў… а той пану паспрыяе, можа, на сто тысяч рублёў… Git!..132 Я пану дам ліцытанта, які за пятнаццаць рублікаў падаб’е кошт дому. Вельмі прыстойны пан, католік, толькі яму нельга даваць vadium133 у рукі… Я пану дам яшчэ шляхетных кабет, што таксама за дзесяць рублікаў будуць падбіваць… Я магу даць яшчэ пару жыдкоў, па пяць рублікаў… Зладзім такі аўкцыён, што пан можа заплаціць за той дом хоць сто пяцьдзясят тысяч і ніхто не здагадаецца, у чым тут справа…

Вакульскаму было трохі прыкра.

– У любым выпадку справа павінна застацца паміж намі, – сказаў ён.

– Пане Вакульскі, – адказаў жыд урачыста, – я думаю, што пану не трэба было гэтага казаць. Панскі сакрэт – гэта мой сакрэт. Пан заступіўся за майго Генрычка, пан не пераследуе жыдоў…

Яны развіталіся і Вакульскі вярнуўся дадому. Там ён застаў ужо Марушэвіча, з якім паехаў у райтшуле134, каб агледзець купленую кабылу.

Райтшуле складалася з двух злучаных паміж сабою будынкаў, якія разам утваралі нешта кшталту кукарды. У круглай частцы знаходзіўся манеж, у простакутнай – стайні.

Перейти на страницу:

Похожие книги