Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Усё гэта ён рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш за ўласнае жыццё. І адчуваў сябе абсалютна шчаслівым, варта ёй было ўсміхнуцца яму, зычліва зірнуць на яго або за нейкую выключную заслугу сардэчна паціснуць яму руку. А калі пан Бог даў ёй дзяцей, ён шукаў ім гувернёраў і настаўнікаў, памнажаў іх маёнтак і, нарэшце, калі яна памерла (тут слёзы набеглі на прыгожыя вочы панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле… Не! З-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, ён застрэліўся на некалькі магіл далей.

Прыход бацькі спыніў яе фантазіі.

– Падобна, пісаў табе Кшэшоўскі? – пацікавіўся пан Тамаш.

Дачка паказала яму на ліст, што ляжаў на стале, побач з залатою скрыначкай. Пан Тамаш круціў галавою, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:

– Як заўсёды – вар’ят, хоць і добры хлапец. Але… Вакульскі, сапраўды, аказаў табе паслугу: перамагла ты смяротнага ворага.

– Я думаю, тата, што варта было б таго пана запрасіць некалі на абед… Хацелася б пазнаёміцца з ім бліжэй.

– Якраз пра гэта ўжо некалькі дзён я і збіраўся цябе прасіць!.. – адказаў узрадаваны пан Тамаш. – Не варта занадта прытрымлівацца этыкету ў адносінах да гэтак патрэбнага чалавека.

– Вядома, – згадзілася панна Ізабэла, – нават з надзейнымі слугамі дазваляем мы сабе крыху фамільярнасці.

– Схіляю галаву перад тваім розумам і тактоўнасцю, Бэла!.. – выгукнуў пан Тамаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, а потым у лоб.


 


ЯК ЧАЛАВЕЧУЮ ДУШУ МУЧЫЦЬ ЖАРСЦЬ, А ЯК РОЗУМ


Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег з крамы на вуліцу. Цесны пакой душыў, а размова з Жэцкім, калі крамнік перасцерагаў і павучаў яго, здалася надзвычай недарэчнаю. Смех дый годзе, каб спарахнелы кавалер, у якога адно крама ды Банапарты ў галаве, дакараў яго апантанасцю!..

“Што ж я раблю кепскага, – думаў Вакульскі, – калі кахаю?.. Можа, крыху і позна, але ніколі ў жыцці не дазваляў я сабе гэтае раскошы. Кахаюць мільёны людзей, увесь свет, здольны да пачуццяў, жыве каханнем, чаму ж мне аднаму можа быць яно забаронена? А калі гэта заканамерна ў прынцыпе, дык заканамерна і ўсё тое, што я раблю. Хто хоча ажаніцца, мусіць мець грошы, – дык і я займеў грошы. Мусіць ён наблізіцца да выбранніцы – я таксама наблізіўся. Мусіць клапаціцца пра яе дабрабыт і бараніць ад непрыяцеляў, – я раблю і тое, і другое. А ў гэтым сваім імкненні да шчасця ці ж я пакрыўдзіў каго? Ці занядбаў я свае абавязкі ў дачыненні да грамадства і бліжніх?.. Ах, гэтыя каханыя бліжнія, гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і ставіла мне на шляху адны перашкоды, затое няспынна чакае ахвяр з майго боку… Але тое, што яны называюць апантанасцю, якраз і штурхае мяне да выканання нейкіх уяўных абавязкаў. Каб не гэта, дык сядзеў бы я зараз, нібы моль, у кніжках, і сотні людзей не мелі б працы. Чаго ж яны ад мяне хочуць?” – злосна пытаў ён сам у сябе.

Праходка па свежым паветры супакоіла яго, ён пайшоў далей Алеямі Ерусалімскімі і павярнуў да Віслы. Абвеяў яго рэзкі ўсходні вецер і абудзіў тыя няясныя адчуванні, якія выклікаюць у памяці ўспаміны дзяцінства. Здавалася яму, што ён зноў тое дзіця з Новага Святу, і што зноў ён чуе штуршкі і хвалі маладое крыві. Ён усміхнуўся пясочніку141, што вёз свой тавар нягеглым конікам у доўгай скрыні, а падобная да ведзьмы жабрачка падалася яму вельмі мілай бабулькаю. Цешыў яго фабрычны шум, і хацелася яму пагаманіць з грамадкаю цудоўных мальцаў, якія пасталі ў шэраг на прыдарожным пагорку і шпурлялі камяні ў жыдоў, што праходзілі побач.

Ён старанна адганяў думкі пра сённяшні ліст і пра заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў захаваць цвярозасць розуму, але ўзрушанасць брала верх.

“Чаму яны мяне запрасілі? – задаваўся ён пытаннем, адчуваючы ўнутранае трымценне. – Панна Ізабэла хоча са мною пазнаёміцца… Але ж, так! Яны даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!.. Яны ж не сляпыя і не ідыёты, каб не заўважыць, што са мною дзеецца ў яе прысутнасці…”

Яго закалаціла, аж зашчоўкалі зубы, і тады азваўся прыглушаны розум.

“Хвілінку. Ад першага абеду і першага візіту яшчэ вельмі далёка да сапраўднага знаёмства. А з тысячы сапраўдных знаёмстваў хіба адно вядзе да сватаўства. З дзесяці сватанняў хіба адно сканчаецца згодаю, і нават з тых яшчэ хіба ўсяго палова прыводзіць да шлюбу, які мае ледзьве адзін шанец супраць дваццаці тысяч… Ясна ці няясна?”

Вакульскі мусіў прызнаць, што ясна. Каб кожнае знаёмства вяло да шлюбу, кожная кабета мусіла б мець добры дзясятак мужоў, кожны мужчына – добры дзясятак жонак, ксяндзы не паспявалі б усіх перажаніць, і свет ператвараўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў. А ён, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмым панны Ленцкае, а ўсяго толькі меўся неўзабаве пазнаёміцца з ёю.

“Што ж я маю, – пытаўся ён, – пасля балгарскае небяспекі ды тутэйшых скачак і двубояў?..”

“Маеш болей шанцаў, – растлумачыў розум. – Год таму меў, можа, адну сотую або адну дваццацімільённую долю праўдападобнасці, што ажэнішся з ёю, а праз год можаш мець ужо адну дваццацітысячную…”

Перейти на страницу:

Похожие книги