– Я так і думаў, – уздыхнуў цырульнік. – Шаноўны пан без усялякіх прэтэнзій, а гэта нядобра!.. Я ведаю пару балерынак, якія ахвотна сышліся б з панам. Слова гонару, варта! Фігуры цудоўныя, мускулатура дубовая, бюст, як матрац на спружынах, у кожным руху – грацыя, і зусім не надмерныя патрабаванні, прынамсі, пакуль маладыя. Бо кабета, пане, чым яна старэйшая, тым больш дарагая, дык пэўна таму нікога і не цягне да шасцідзесяцігадовых, бо няма ўжо ім цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!.. А новенькай пакладзе пан тысячы тры рублікаў на год, дасць пару прэзентаў, і будзе яна пану верная… Ах, гэтыя кабеткі!.. Навярэдзіў я сабе крыж з-за іх, але не трымаю на іх зла…
Ён скончыў сваё мастацтва, пакланіўся, паводле ўсіх канонаў галантнасці, і з усмешкаю выйшаў. Гледзячы на яго фанабэрыстую міну і партфель, у якім ён насіў шчоткі ды брытвы, можна было падумаць, што гэта міністэрскі чыноўнік.
Пасля таго, як за ім зачыніліся дзверы, Вакульскі і хвіліны не думаў пра маладых ды малапатрабавальных балерынак. Яго займала значна больш важнае пытанне, змест якога зводзіўся да двух слоў: фрак ці сурдут.
“Калі апрану фрак, дык буду падобны на франта, які пільнуецца этыкету, а ён мяне абсалютна не абыходзіць. А калі апрану сурдут, гэта можа Ленцкіх абразіць. Зрэшты, калі раптам будзе там хто чужы… Няма рады, калі ўжо я наважыўся на гэткія выбрыкі, як каляска ды скакавы конь, дык і фрак трэба апранаць!”
Гэтак разважаючы, ён пасміхаўся з тае прорвы дзівацтваў, у якую папіхала яго знаёмства з паннаю Ізабэлаю.
“Ах, стары мой Гопфер! – казаў ён. – Мае ж вы ўніверсітэцкія ды сібірскія калегі, ці хто з вас мог уявіць, каб займалі мяне падобныя пытанні?..”
Ён апрануў фрачны гарнітур і, стаўшы перад люстэркам, адчуў задавальненне. Гэты строй дасканала пасаваў да яго атлетычнае фігуры.
Коні чакалі ўжо з чвэрць гадзіны, і была палова на шостую. Вакульскі накінуў лёгкае паліто і выйшаў з дому. У каляску ён садзіўся вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, што вырушыў насустрач небяспецы.
“ЯНА” – “ЁН” – І ТЫЯ ІНШЫЯ
У той дзень, калі Вакульскі меўся прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была крыху разгневаная і крыху задуменная, разам – прыўкрасная.
Сёння яна зазнала шчасце і расчараванне. Вялікі італьянскі трагік Росі147
, знаёмы ім з цёткаю яшчэ з Парыжу, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Ён адразу наведаў графіню і зацікаўлена распытваў пра панну Ізабэлу. Сёння ён зноў меўся прыйсці, і графіня адмыслова дзеля яго запрасіла пляменніцу. Але Росі не прыйшоў, толькі даслаў ліст, у якім прабачаўся і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкае высокапастаўленае асобы.Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы. Яна закахалася ў яго і нават, не выходзячы, вядома, за межы прыстойнасці паненкі з яе становішчам, не хавала сваіх пачуццяў. Знакаміты артыст ведаў гэта, штодня бываў у доме графіні, прадстаўляў і дэкламаваў усё, што загадвала яму панна Ізабэла, а калі ад’язджаў у Амерыку, падараваў ёй італьянскі асобнік “Рамэа і Джульеты” з прысвячэннем: “
Навіна, што Росі прыехаў у Варшаву і памятае яе, узрушыла панну Ізабэлу. Ужо а першай гадзіне дня яна была ў цёткі. Ёй не сядзелася на месцы, раз за разам яна падыходзіла да вакна, тарахценне кожнае каляскі прыспешвала біццё яе сэрца, на кожны званок яна ўздрыгвала, не магла засяродзіцца на размове, твар яе гарэў… Ну, і Росі не прыйшоў!..
А яна сёння была такая прыгожая. Спецыяльна дзеля яго прыбралася ў атласную сукенку крэмавага колеру (здалёк падобную да пакамечанага палатна), у вушах мела завушніцы з брыльянтамі (не большымі за гарошыны) і пунсовую ружу на плячы. І ўсё. Няхай Росі цяпер шкадуе, што не пабачыў яе!
Пасля чатырохгадзіннага чакання яна вярнулася дадому абураная. Але, нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі томік “Рамэа і Джульеты” ды, гартаючы яго, думала: “А што, каб раптам увайшоў сюды Росі?..”
Тут было нават лепш, чым у графіні. Без сведак ён мог шапнуць ёй нейкае крыху гарачэйшае слоўца, і сам бы пераканаўся, што яна шануе яго памяткі, а галоўнае, пераканаўся б (як сцвярджае вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтаю ружаю і ў гэтым блакітным фатэлі яна выглядае, як багіня.
Яна ўспомніла, што на абедзе мусіць быць Вакульскі і міжвольна паціснула плячыма. Галантарэйны купец пасля Росі, якім захапляецца цэлы свет, падаўся ёй гэткім смешным, што аж выклікаў літасць. Каб Вакульскі ў гэты момант апынуўся каля яе ног, яна б, магчыма, усадзіла пальцы яму ў валасы і, забаўляючыся, як з вялікім сабакам, чытала б яму вось гэтыя скаргі Рамэа да Ларэнца:
“Там неба толькі, дзе жыве Джульета.
Сабака, кот і мыш няшчасная,
І кожнае нікчэмнае стварэнне
Жыве пад гэты небам, бачыць рай.
У мухі болей шчасця і свабоды,
Чым у Рамэо. Дадзена ёй права
Па ўласнай волі сесці і ўзляцець
З Джульецінай рукі, дзівоснай, белай,
Ці красці асалоду з вуснаў мілых…
Муха можа,
Адзін Рамэо гэтага не можа.
Яна свабодная, а я выгнаннік…
І ты мне кажаш, што выгнанне – міласць?..