Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“Праз год?.. – паўтарыў Вакульскі і зноў дыхнула на яго нечым студзёным і суровым. Але ён не паддаўся і спытаў: – А калі панна Ізабэла пакахае мяне альбо ўжо пакахала?..”

“Спачатку варта было б ведаць, ці панна Ізабэла здольная кахаць каго-небудзь…”

“Хіба ж яна не кабета?”

“Бываюць кабеты з маральным дэфектам, не здольныя кахаць нікога і нічога, апроч сваіх мімалётных капрызаў, гэткія ж бываюць і мужчыны. Загана, не горшая за слепату, глухату або паралюш, толькі менш прыкметная”.

“Дапусцім…”

“Добра, – не сунімаўся голас, у якім Вакульскаму чулася з’едлівасць доктара Шумана, – каб тая панна наогул здольная была некага кахаць, дык паўстае другое пытанне: ці пакахае яна цябе?”

“Зрэшты, не такі ўжо я і агідны”.

“Няўжо? Якраз такім агідным і можаш ты быць. Як самы прыўкрасны леў агідны карове або арол – гусі. Бачыш, я нават кажу табе кампліменты: параўноўваю з ільвом ды арлом, якія, нягледзячы на ўсе іх вартасці, выклікаюць жах у самак іншага віду. Таму ўнікай самак не свайго віду…”

Вакульскі апрытомнеў і агледзеўся. Ён быў ужо непадалёк ад Віслы, побач з драўлянымі свірнамі, і фурманкі з дарогі запарушвалі яго чорным пылам. Ён хутка павярнуў у горад і заняўся развагамі пра сябе.

“Ува мне ёсць два чалавекі, – казаў ён. – Адзін цалкам разумны, а другі – вар’ят. І хто з іх пераможа?.. Ат!.. Чаго мне клапаціцца пра гэта. Але што рабіць, калі возьме верх той, разумны? Як жахліва валодаць гэткім вялікім капіталам пачуццяў, каб скласці яго самцы іншага віду: карове, гусі ці нечаму яшчэ горшаму?.. Якое прыніжэнне пацяшацца з трыумфу нейкага быка ці гусака і ў той жа час плакаць над уласным сэрцам, гэтак балесна раздзёртым, гэтак балесна растаптаным?.. Ці варта жыць далей, калі яно так?”

І ад гэтае думкі Вакульскі адчуў прагу смерці, але каб ані парэшткаў, ані попелу ад яго не засталося на гэтай зямлі.

Паступова, аднак, ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў ужо цалкам рацыянальна абдумваць пытанне: апрануць яму на заўтрашні абед фрак ці сурдут?.. Альбо ці не здарыцца да заўтра нечага неспадзяванага, што зноў перашкодзіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым ён яшчэ падлічыў апошнія гандлёвыя абароты, даслаў некалькі тэлеграм у Маскву і Пецярбург ды напісаў, нарэшце, ліст старому Шлянгбаўму з прапановаю, каб той пазычыў яму сваё прозвішча для пакупкі камяніцы Ленцкіх.

“Мецэнат мае рацыю, – думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужою шыльдаю. Іначай яны маглі б падазраваць мяне ў жаданні нажыцца на іх ці, яшчэ горш, што я раблю ім ласку!”

Аднак пад прыкрыццём гэтае заклапочанасці бушавала бура. Розум крыкам крычаў, што заўтрашні абед нічога не значыць і нічога не абяцае. А надзея ціха-ціха шаптала: можа, ён каханы, а можа, будзе ім некалі.

Але ціха… так ціха, што Вакульскі з пільнаю ўвагаю мусіў прыслухоўвацца да яе шэпту.

Наступны дзень, вельмі важны для Вакульскага, не быў адзначаны нічым асаблівым ні ў Варшаве, ні ў прыродзе. Тут і там курэў вулічны пыл, узняты мётламі вартаўнікоў, брычкі то перліся напралом, то марудзілі без прычыны, а бясконцая плынь мінакоў цягнулася ў адзін і ў другі бок, хіба толькі для таго, каб не спыняўся гарадскі рух. Пад сцены дамоў ціснуліся абадранцы – згорбленыя, з рукамі, схаванымі ў рукавы, нібы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам сярэдзінаю вуліцы праязджаў сялянскі воз з бляшанымі збанамі, якім правіла ўвішная баба ў сінім каптане з чырвонаю хусткаю на галаве.

Усё гэта раенне мела месца паміж двума доўгімі сценамі, утворанымі рознакаляровымі камяніцамі, над якімі ўздымаліся высокія фасады святынь. А на абодвух канцах вуліцы, нібы вартаўнікі, што пільнуюць горад, стаялі два помнікі. З аднаго боку – кароль Жыгімонт142, які, схіляючыся ў бок бернардынаў, відавочна, хацеў нешта паведаміць мінакам, а з другога боку – нерухомы Капернік з нерухомым глобусам у руцэ, які павярнуўся спінаю да сонца, што выходзіла раніцаю з-за дома Карася, падымалася над палацам Таварыства сяброў навукі143 і хавалася за дом Замойскіх, нібы аспрэчваючы афарызм: “Стрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым кірунку якраз глядзеў з уласнага балкона, міжвольна ўздыхнуў, прыгадваючы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома засталіся грузчыкі ды палацёры, не надта абазнаныя, як вядома, у заслугах Каперніка.

“Усяе радасці, – думаў Вакульскі, – што ў нейкіх кніжках называюць яго гонарам нацыі!.. Працаваць дзеля шчасця – гэта я разумею, але працаваць дзеля фікцыі, якая завецца грамадствам ці славаю, за гэта ўжо не ўзяўся б. Грамадства няхай само пра сябе клапоціцца, а слава… Што мне замінае думаць, што ў мяне ўжо ёсць слава, напрыклад, на Сірыусе? А Капернік жа сёння не ў лепшым становішчы адносна зямлі, і гэтак жа яго хвалюе статуя ў Варшаве, як мяне піраміда на нейкай там Везе ў сузор’і Ліры!.. Тры стагоддзі славы аддам я за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі сваёй неразважлівасці, што некалі думаў іначай”.

Нібы ў адказ на свае думкі ён заўважыў на другім баку вуліцы Ахоцкага. Гэты маньяк ішоў павольна з апушчанаю галавой і рукамі ў кішэнях.

Перейти на страницу:

Похожие книги