Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Як у цябе, мой ойча, служка боскі,

Духоўнік мой і друг, хапіла духу

Забіць мяне страшэнным словам “выгнан”?148

Яна ўздыхнула. Хто ведае, колькі разоў паўтараў гэтыя словы беспрытульны вандроўнік, думаючы пра яе?.. Можа, яму нават няма каму даверыцца!.. Вакульскаму якраз можна было б даверыцца. Яму, хіба, знаёмае пачуццё адчаю, бо ён жа рызыкаваў жыццём за яе.

Яна адгарнула некалькі старонак назад і зноў пачала чытаць:

“Рамэо! Ах, чаму Рамэо ты?

Ад бацькі адрачыся, ад імя,

А не – дык пакляніся мне, што любіш,

І я дачкой не буду Капулеці…

Не ты, адно імя тваё – мой вораг,

Ты ж сам сабой, зусім не Мантэкі…

Як ружу ні заві, а пах той самы.

Рамэо, каб і не Рамэо быў,

І без імя застаўся б ён цудоўным.

О кінь імя, Рамэо, бо яно ж

Не частачка цябе, і за імя

Ты ўсю мяне вазьмі…”

Якое ж дзіўнае між імі падабенства: ён – Росі, актор, а яна – панна Ленцкая. Адмоўся ад свайго прозвішча, пакінь свой лад жыцця… Так, але што тады застанецца? Зрэшты, нават прынцэса магла выйсці за Росі, і свет адно толькі захапляўся б яе ахвярнасцю.

Выйсці за Росі?.. Дбаць пра ягоны тэатральны гардэроб, а можа, прышываць яму гузікі да начных кашуляў?..

Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго безнадзейна, і досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кімсьці пра гэтае безнадзейнае каханне… Можа, з паннай Фларэнтынай? Не, яна занадта халодная. Значна лепш прыдаўся б на гэта Вакульскі. Ён глядзеў бы ёй у вочы, пакутаваў бы і за яе, і за сябе, а яна апавядала б яму пра пакутлівы боль і свой, і ягоны, і такім чынам вельмі прыемна міналі б ім гадзіны. Галантарэйны купец у ролі набліжанае асобы!.. Зрэшты, можна ўжо і забыцца на тое купецтва…

У той самы час пан Тамаш, падкручваючы вус, расхаджваў па сваім кабінеце і думаў:

“Вакульскі – чалавек вельмі здатны ды энергічны! Каб быў у мяне такі ўпаўнаважаны (тут ён уздыхнуў), дык не страціў бы я маёнтка… Ну але ўжо так сталася. Затое сёння я яго маю… З прададзенае камяніцы застанецца мне сорак… не, пяцьдзясят, можа, нават і шэсцьдзясят тысяч рублёў… Ну, не варта перабольшваць, няхай пяцьдзясят тысяч, няхай усяго сорак тысяч… Аддам іх яму, ён будзе плаціць мне прыкладна восем тысяч рублёў у год, а рэшту (калі ў яго справы пойдуць, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў загадаю капіталізаваць… За пяць-шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо за дзесяць – можа вырасці ў чатыры разы… Бо на гандлёвых аперацыях грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!.. Вакульскі, калі ён сапраўды геніяльны купец, павінен мець і, дакладна, мае сто за сто. І ў такім разе я зірну яму ў вочы і скажу наўпрост: “Давай ты каму іншаму, мой дабрадзей, пятнаццаць ці дваццаць працэнтаў гадавых, але не мне, бо я на гэтым знаюся”. І ён, вядома, калі ўбачыць, з кім мае справу, адразу ж палагаднее і, можа, нават прапануе мне такі даход, якога я не сніў…”

З вітальні пачуўся падвойны званок. Пан Тамаш адышоў у глыб кабінета, сеў у фатэль і ўзяў у рукі якраз на гэты выпадак падрыхтаваны том эканомікі Супіньскага149. Мікалай адчыніў дзверы, і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.

– А… вітаю!.. – выгукнуў пан Тамаш, працягваючы яму руку.

Вакульскі нізка пакланіўся сівізне чалавека, якога рады быў назваць бацькам.

– Сядай жа, пане Станіславе… Можа, папяросу?.. Калі ласка… Што чуваць?.. Я чытаў якраз Супіньскага – вось галава! Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і ашчаджаць, мусяць знікнуць з твару зямлі… Толькі ашчаднасць і праца!.. Але нашы супольнікі нешта пачынаюць касавурыцца, га?..

– Няхай робяць, як ім лепш, – адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні рубля.

– Але я не пакіну цябе, пане Станіславе, – прамовіў пан Тамаш пераканаўчым тонам, і працягваў: – Днямі я прадаю, гэта значыць, дазваляю, каб прадалі, мой дом. Было мне з ім шмат клопату, кватаранты не плацяць, адміністратары – злодзеі, а іпатэчным крэдыторам даводзілася плаціць з уласнае кішэні. Дык не дзіва, што мне гэта нарэшце абрыдла…

– Вядома, – заўважыў Вакульскі.

– Я спадзяюся, – працягваў пан Тамаш, – што застанецца мне з продажу пяцьдзясят, ці, хаця, сорак тысяч рублёў…

– Колькі пан спадзяецца ўзяць за той дом?..

– Сто… да ста дзесяці тысяч рублёў… Але ўсё, што атрымаю, я аддам табе, пане Станіславе.

Вакульскі схіліў галаву на знак згоды і падумаў, што за камяніцу пан Тамаш, аднак, не атрымае больш за дзевяноста тысяч рублёў. Бо столькі было ў яго на сённяшні дзень наяўных грошай, а даўгоў рабіць ён не мог, каб не рызыкаваць сваім крэдытам.

– Аддам табе, пане Станіславе, – казаў далей пан Ленцкі. – І якраз хацеў запытацца, ці прымеш?

– Але ж, вядома…

– А які ты мне дасі працэнт?

– Гарантую дваццаць, а як справы пойдуць, дык і больш, – адказаў Вакульскі, адзначаючы ў душы, што больш за пятнаццаць працэнтаў нікому б іншаму ён не даў.

“Штукар!.. – падумаў пан Тамаш. – Сам мае пад сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”

Але ўголас, аднак, ён прамовіў:

– Добра, каханы пане Станіславе. Згаджаюся на дваццаць працэнтаў, абы ты мне плаціў іх наперад.

– Буду плаціць наперад… кожныя паўгода, – адказаў Вакульскі, бо забаяўся, што пан Тамаш можа патраціць грошы занадта хутка.

Перейти на страницу:

Похожие книги