Звычайны збег акалічнасцяў глыбока ўзрушыў Вакульскага, і на момант ён нават паверыў у праўдзівасць прадчуванняў ды з радасным здзіўленнем падумаў: “Ці не прадвяшчае мне гэта, што ён будзе мець славу Каперніка, а я – шчасце?.. Будуй жа ты свае лятальныя машыны, толькі пакінь мне сваю кузінку!.. Але адкуль гэта прымхлівасць у мяне?! – апамятаўся ён праз момант. – Я і прымхі!”
Як бы там ні было, але надта падабалася яму ідэя, што Ахоцкі будзе мець несмяротную славу, а ён – жывую панну Ізабэлу. На сэрцы стала лягчэй. Ён нават пакпіў з сябе, хоць адчуваў, што з’явілася больш упэўненасці і адвагі.
“Можна дапусціць, – казаў ён, – што ўсе мае захады скончацца тым, што яна адпрэчыць мяне… Ну і што? Слова гонару, адразу ж вазьму ўтрыманку і ў тэатры буду садзіцца з ёю паблізу ложы панства Ленцкіх. Дабрадзейка пані Мелітан, а можа, і гэты… Марушэвіч знойдуць мне кабету з падобнымі рысамі твару (за колькі тысяч ці дзясяткаў тысяч рублёў нават і гэта можна знайсці). З ног да галавы абвіну яе карункамі, абсыплю брыльянтамі, і тады пабачым, ці не паблякне побач з ёю панна Ізабэла. Няхай ідзе тады замуж хоць за маршалка, хоць за барона”.
Але думка пра замужжа панны Ізабэлы выклікала ў яго гнеў і роспач. У гэты момант захацелася яму наладаваць увесь свет дынамітам ды высадзіць у паветра. Але ён зноў апрытомнеў:
“Ну, і што рабіць, калі пажадае яна выйсці замуж?.. Не! Нават каб пажадала мяняць каханкаў: раз – майго крамніка, іншым разам – нейкага афіцэра, потым – фурмана або лёкая… Няма рады!..”
Шанаванне свабоды іншае асобы было ў яго гэткім моцным, што адступала перад гэтым нават яго манія.
“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць?.. – паўтараў ён і сціскаў рукамі гарачую галаву.
На гадзінку зайшоў ён у краму, нешта там зрабіў і вярнуўся дадому. А чацвёртай слуга дастаў яму з камоды бялізну, і прыйшоў цырульнік, каб пагаліць ды расчасаць.
– Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаўся ён у цырульніка.
– Нічога, а будзе яшчэ горш. Берлінскі кангрэс думае, як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а жыды – як да рэшты нас абабраць… – адказаў малады майстар, прыгожы, як херувім, і зграбны, нібы ўцёк са старонак кравецкага часопісу.
Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і, з бліскавічнай хуткасцю намыльваючы яму твар, працягваў:
– У горадзе, пане, ціха да часу, а так нічога. Я ўчора быў у кампаніі на Саскай Кемпе, але што, пане, за арыгінальная моладзь!.. Пасварыліся двое падчас танцаў, і хай пан уявіць сабе… Галоўку крыху вышэй,
Вакульскі падняў галаву крыху вышэй і ўбачыў, што ягоны
– Пасварыліся падчас танцаў, – працягваў франт, пабліскваючы брытваю перад вачыма кліента, – і прашу сабе ўявіць, што цаляючы адзін аднаму ў вока, яны зачапілі даму! Нарабілася шуму… двубой… Мяне, вядома, выбралі за секунданта, і сёння якраз ламаў я сабе галаву, што рабіць, бо маю толькі адзін пісталет, як паўгадзіны таму прыходзіць да мяне вінаваты і кажа, што ён не дурань, каб страляцца, дык абражаны можа даць яму здачы, але каб толькі адзін раз… Галоўку направа,
Ён скончыў галіць і абмыў Вакульскаму твар, а потым ахінуў яго апранахаю, падобнаю да смяротнай кашулі асуджанага, і працягваў:
– Але нешта не заўважаў я ніколі ў пана ані следу кабеты, хоць прыходжу я ў розны час…
Ён узяў у рукі грэбень, шчотку і пачаў часаць.
– …прыходжу ў розны час, а вока, пане, у мяне на гэткія рэчы… ого!.. Але ж, каб хоць дзе беражок спаднічкі мільгануў, ці чаравічак, ці стужачка! А мне ж нават у аднаго каноніка здарылася раз угледзець гарсэт, праўда, ён знайшоў яго на вуліцы і хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А ў афіцэраў, пане, асабліва ў гусараў!.. (Галоўку ўніз,
– Дзякуй, не, – адмовіўся Вакульскі.