Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– І на гэта згода, – прамовіў пан Тамаш тонам вельмі сардэчным. – А ўсе прыбыткі, – дадаў ён з лёгкім націскам, – усе прыбыткі, большыя за дваццаць працэнтаў, прашу, каб ты не даваў мне ў рукі, хоць бы я нават… упрошваў цябе, разумееш?.. А каб далучаў да капіталу. Няхай расце, праўда?..

У гэты момант дзверы кабінету адчыніліся і Мікалай прамовіў:

– Пані просяць.

Пан Тамаш урачыста падняўся з фатэля і цырымонным крокам увёў госця ў салон.

Пазней Вакульскі не раз намагаўся прыгадаць гэты салон, і як ён туды ўвайшоў, але так і не змог. Памятаў ён толькі, што перад дзвярыма некалькі разоў пакланіўся пану Тамашу, што потым абвінуў яго нейкі прыемны пах, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунсоваю ружаю на плячы, а потым – іншай даме: высокай, апранутай у чорнае, якая спалохана пазірала на яго. Прынамсі, гэтак яму здавалася.

Не адразу ён зразумеў, што дамаю ў крэмавай сукенцы была панна Ізабэла. Яна сядзела ў фатэлі, схіленая да яго з непараўнальнай грацыяй, лагодна пазірала яму ў вочы і казала:

– Мой бацька як супольнік пана павінен адбыць доўгую практыку, пакуль пан зможа быць ім задаволены. Я прашу аб паблажлівасці да яго.

Яна працягнула руку, да якой Вакульскі ледзь насмеліўся дакрануцца.

– Пану Ленцкаму, – адказаў ён, – як супольніку трэба толькі мець адваката, якому ён давярае, і бухгалтара, які рэгулярна будзе кантраляваць рахункі. Астатняе – гэта наш клопат.

Ён пачырванеў, бо яму здалося, што сказаў нешта вельмі недарэчнае.

– Пан, відаць, моцна загружаны справамі пры гэтакім магазіне… – заўважыла апранутая ў чорнае панна Фларэнтына і яшчэ больш спалохалася.

– Не так і моцна. Я займаюся абаротным капіталам ды сувязямі з пастаўшчыкамі. А ўжо ўласна таварам ды ацэнкаю яго кошту займаецца адміністрацыя крамы.

– Ці ж магчыма перадаверыць усё чужым? – уздыхнула панна Фларэнтына.

– Я маю бездакорнага намесніка, ён таксама і добры мой прыяцель, які дае ўсяму рады лепш за мяне.

– Шанцуе табе, пане Станіславе… – падхапіў Ленцкі. – Не едзеш сёлета за мяжу?

– Хацелася б паехаць на выставу ў Парыж.

– Я зайздрошчу пану, – азвалася панна Ізабэла. – Два месяцы ўжо я мару пра Парыжскую выставу, але тата чамусьці не надта схільны ехаць…

– Наша паездка цалкам залежыць ад пана Вакульскага, – адказаў бацька. – Дык раю табе часцей запрашаць яго на абед і падаваць смачны, каб у яго быў добры настрой.

– Магу запэўніць, што кожны раз, як пан будзе мець ласку да нас завітаць, я сама зазірну на кухню. Аднак ці дастаткова добрага намеру ў гэтым выпадку…

– З удзячнасцю прымаю гэта абяцанне, – адказаў Вакульскі. – Але яно не можа ўплываць на паездку панства ў Парыж, бо ўсё залежыць толькі ад вашае волі.

Merci… – ціха прамовіла панна Ізабэла.

Вакульскі схіліў галаву. “Ведаю я гэтае merci! – падумаў ён. – Разлічвацца за яго даводзіцца кулямі…”

– Дазволіць панства – да стала?.. – запрасіла панна Фларэнтына.

Яны перайшлі ў сталовы пакой, дзе пасярэдзіне стаяў круглы стол, накрыты на чатыры асобы. Вакульскі апынуўся паміж паннаю Ізабэлаю і яе бацькам, насупраць панны Фларэнтыны. Ён быў ужо зусім спакойны, аж дзівіла яго гэта. Ліхаманка прайшла, і ён нават пытаў сябе: ці яна – тая кабета, якую ён кахаў?.. Бо ці можна кахаць гэтак, як ён? Сядзець за крок ад аб’екта сваёй апантанасці і адчуваць гэткую цішу ў душы, гэткую нязмерную цішу?.. Розум быў такі ясны, што ён не толькі заўважаў кожны рух на тварах сваіх суседзяў пры стале, але нават (што было аж смешна), пазіраючы на панну Ізабэлу, рабіў наступныя падлікі:

“Сукенка. Пятнаццаць локцяў цяжкага шоўку па рублю – гэта пятнаццаць рублёў… Карункі – каля дзесяці рублёў, а з работаю – дык і пятнаццаць… Разам – пад сорак рублёў сукенка, каля ста пяцідзесяці рублёў завушніцы і за дзесяць грошай – ружа…”

Мікалай пачаў падаваць стравы. Вакульскі без апетыту з’еў некалькі лыжак халадніку і выпіў партвейну, потым паспытаў паляндвіцу і выпіў піва. Ён пасміхаўся, сам не ведаючы чаго, і ў прыступе нейкага студэнцкага свавольства пастанавіў рабіць памылкі за сталом. Спачатку, пасля таго, як пакаштаваў паляндвіцы, ён паклаў нож і відэлец на падстаўку побач з талеркаю. Панна Фларэнтына ажно здрыганулася, а пан Тамаш пачаў вельмі гучна апавядаць пра вечар у Цюільры150, падчас якога на жаданне каралевы Яўгеніі151 ён танцаваў з нейкай маршалковай менуэт.

Падалі рыбу, гэта быў судак, і Вакульскі атакаваў яго нажом і відэльцам. Панна Фларэнтына ледзь не самлела, панна Ізабэла зірнула на суседа з паблажлівай літасцю, а пан Тамаш… таксама пачаў есці судака нажом і відэльцам.

“Якія ж вы прастакаватыя!” – падумаў Вакульскі, адчуваючы, як абуджаецца ў ім нешта падобнае на пагарду да гэтага таварыства. У дадатак яшчэ азвалася панна Ізабэла, зрэшты, без ценю зласлівасці:

– Тата мусіць некалі навучыць і мяне есці рыбу нажом.

Вакульскаму падалося гэта нетактоўным.

“Бачу ўжо, што тут і скончыцца маё каханне, яшчэ хутчэй за абед,” – сказаў ён сам сабе.

– Дарагая мая, – адказаў пан Тамаш дачцэ, – тое, што рыбу не ядуць нажом, гэта, насамрэч, нічым не апраўданыя забабоны… Ці не так, пане Вакульскі?

Перейти на страницу:

Похожие книги