– Пачакай!.. – мармытаў ён. – Паквітаемся мы з табою… Вялікі пан, бач ты… Скраў чатырыста рублёў і размаўляць не хоча з чалавекам!..
УРАЖАННІ, УЯЎЛЕННІ ДЫ НАЗІРАННІ
СТАРОГА КРАМНІКА
Для пана Ігнацы Жэцкага зноў надышла пара неспакою ды нечаканасцяў.
Той самы Вакульскі, які год таму паімчаў у Балгарыю, а некалькі тыдняў раней, як магнат, бавіўся скачкамі ды двубоямі, той самы Вакульскі надта ўпадабаў раптам тэатральныя паказы. І каб яшчэ польскія, але – італьянскія… Ён, які не разумеў па-італьянску ні слова!
Ужо амаль тыдзень працягвалася гэтая новая манія, якая дзівіла ды засмучала не аднаго пана Ігнацы.
Аднаго разу, напрыклад, стары Шлянгбаўм па нейкай, вядома, важнай справе паўдня шукаў Вакульскага. Прыйшоў ён у краму – Вакульскі толькі што выйшаў з крамы, а перад тым загадаў занесці акцёру Росі вялікі вазон з саксонскае парцаляны. Шлянгбаўм пабег дадому да Вакульскага – той толькі што выйшаў з кватэры і паехаў да Бардэта153
па кветкі. Стары жыд, каб дагнаць яго, хоць і скрывіўся, але ўзяў брычку, а з-за таго, што прапанаваў фурману злоты і восем грошай замест сарака грошай, дык пакуль яны старгаваліся (за злоты і восем грошай) і даехалі да Бардэта, Вакульскага ўжо не было ў аранжарэі.– А пан не ведае, куды ён паехаў? – запытаўся Шлянгбаўм у садоўніка, які з дапамогаю крывога нажа пустошыў прыгожы кветнік.
– Хіба я ведаю? Падобна, у тэатр, – адказаў садоўнік з такім тварам, нібы гэтым крывым нажом ён хацеў перарэзаць горла Шлянгбаўму.
Жыд, якому якраз гэта прыйшло ў галаву, адхіснуўся, хуценька выбег з аранжарэі ды як камень, выкінуты з прашчы, ускочыў у брычку. Але фурман (які ўжо, відавочна, паразумеўся з крыважэрнымі садоўнікамі) заявіў, што ні за якія скарбы на свеце не паедзе далей, хіба купец заплаціць яму сорак грошай ды верне тое, што вытаргаваў пры першай паездцы.
Шлянгбаўм адчуў слабасць у грудзях і ў першы момант хацеў або вылезці, або паклікаць паліцыю. Але прыгадаўшы, колькі злосці ды несправядлівасці пануе цяпер у хрысціянскім свеце, колькі лютасці да жыдоў, дык згадзіўся на ўсе ўмовы бессаромнага фурмана і хоць заенчыў, але паехаў у тэатр.
Там спачатку не было з кім гаварыць, потым не хацелі з ім гаварыць, аж, нарэшце, ён даведаўся, што пан Вакульскі быў, але толькі што паехаў у алеі Уяздоўскія. Чуваць яшчэ тарахценне яго каляскі ў браме…
У Шлянгбаўма апусціліся рукі. Пешкі ён вярнуўся ў краму Вакульскага, там не прамінуў чарговы раз – ці ўжо не соты – праклясці свайго сына за тое, што той назваўся Генрыкам, ходзіць у сурдуце ды есць трэфнае, і, нарэшце, пайшоў жаліцца пану Ігнацы.
– Ну, – залямантаваў ён, – што гэты пан Вакульскі творыць!.. У мяне была такая справа, што ён са свайго капіталу мог зарабіць трыста рублёў… І я б сотню якую займеў… Але ён раз’язджае па горадзе, а я на адны брычкі патраціў два злотыя і дваццаць грошай… Ай! Рабаўнікі сапраўдныя з тых фурманаў…
Вядома, пан Ігнацы ўпаўнаважыў Шлянгбаўма скончыць тую справу і не толькі вярнуў яму грошы, выдаткаваныя на брычкі, але яшчэ за ўласны кошт загадаў завезці яго на вуліцу Электаральную, чым гэтак расчуліў старога жыда, што той, адыходзячы, зняў са свайго сына бацькоўскі праклён і нават запрасіў яго да сябе на шабас.
“Як бы там ні было, – сказаў сабе Жэцкі, – а паганая гісторыя з тым тэатрам, бо Стах, прынамсі, занядбаў справы.”
Аднаго разу завітаў нечакана ў краму вельмі шаноўны адвакат, правая рука князя, юрыдычны дарадца ўсяе арыстакратыі, каб запрасіць Вакульскага на нейкі вечаровы сход. Пан Ігнацы не ведаў, куды пасадзіць знакамітую асобу, як цешыцца з пашаны, аказанай ягонаму Стаху. Тым часам, Стах не толькі не ўзрушыўся ганаровым запрашэннем, але ўзяў ды адмовіўся, што зрабіла прыкрае ўражанне на мецэната, які адразу ж нядбала развітаўся і выйшаў.
– Чаму ты не прыняў запрашэння? – спытаў засмучаны пан Ігнацы.
– Бо мушу быць сёння ў тэатры, – адказаў Вакульскі.
Але сапраўдную небяспеку адчуў Жэцкі, калі ў той самы вечар інкасатар Аберман прыйшоў з просьбаю скончыць усе дзённыя рахункі, калі не было яшчэ і сёмае гадзіны.
– Пасля восьмае… пасля восьмае… – адказаў яму пан Ігнацы. – Цяпер яшчэ рана.
– А пасля восьмае мне будзе позна, – адказаў Аберман.
– Як гэта?.. Што гэта?..
– А тое, што а палове на восьмую я мушу быць з нашым гаспадаром у тэатры… – паціснуў плячыма Аберман.
У той жа момант з усмешкаю на твары падышоў да іх пан Зэмба, каб развітацца.
– Пан ужо сыходзіць з крамы?.. Пане Зэмба!.. Без чвэрці сем…. – вырачыў вочы здзіўлены пан Ігнацы.
– Я іду па вянкі для Росі, – прашаптаў ветлівы пан Зэмба з яшчэ больш прыемнаю ўсмешкаю.
Жэцкі аберуч схапіўся за галаву.
– Павар’яцелі з тым тэатрам! – выбухнуў ён. – Можа, і мяне яшчэ туды пацягнуць?.. Ну, але са мною не атрымаецца!..
Адчуваючы, што хутка і яго Вакульскі пачне ўгаворваць, пан Ігнацы падрыхтаваў цэлую прамову, у якой збіраўся не толькі заявіць, што не пойдзе на італьянцаў, але і яго самога заклікаць да разважлівасці прыкладна такімі словамі: “Супакойся… Нашто табе гэтыя недарэчнасці!..” і гэтак далей.