Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Сузін?.. Злуецца. А горш за тое, крыўдзіцца. Кажа, што Станіслаў Пятровіч ужо не той, што раней, не лічыцца з ім… Словам, скандал! Пяцьдзясят тысяч рублёў прыбытку і дармовае падарожжа. Ну, няхай пан сам скажа, хіба на такіх умовах нават святы Станіслаў Костка не паехаў бы ў Парыж?..

– Пэўна! – прамармытаў пан Ігнацы. – Дзе ж Стах… гэта значыць Вакульскі? – дадаў ён, падымаючыся з фатэля.

– Ён зараз сядзіць у пакоях пана і складае рахункі для Сузіна. Пабачыш, пан, чаго вам будуць каштаваць гэтыя фіглі.

Дзверы кабінету прыадчыніліся, і на парозе з’явіўся Клейн з лістом у руцэ.

– Лёкай Ленцкіх прынёс старому, – сказаў ён. – Можа, пан яму аддасць, бо нешта сёння ён злы, як д’ябал…

Пан Ігнацы ўзяў у рукі блакітны канверт, аздоблены незабудкамі, але завагаўся: ісці ці не. Тым часам Мрачэўскі зазірнуў яму праз плячо і ўбачыў адрас.

– Ліст ад Бэльці! – выгукнуў ён. – Анягож!

Ён зарагатаў і выскачыў з кабінету.

“Д’ябал! – прамармытаў пан Ігнацы. – Няўжо ўсе плёткі – праўда?.. Дык ён з-за яе выдаткоўвае на камяніцу дзевяноста тысяч і адмаўляецца ад пяцідзесяці, абяцаных Сузіным?.. Разам – сто сорак тысяч рублёў!.. А каляска, а скачкі, а дабрачыннасць?.. А! Яшчэ ж той Росі, на якога панна Ленцкая пазірае гэтак горача, як жыд на дзесяць прыказанняў!.. Уга! Схаваю я лепш у кішэню ўсе гэтыя цырымоніі…”

Ён зашпіліў сурдут на ўсе гузікі пад самую шыю, выпрастаўся і пайшоў з лістом да сябе дадому. Тут ён заўважыў раптам, што крыху рыпяць яго чаравікі, і адчуў нейкую палёгку.

У пакоі пана Ігнацы за сталом над паперамі сядзеў Вакульскі без сурдута і камізэлькі ды нешта пісаў.

– А! – выгукнуў ён, калі ўбачыў Жэцкага. – Ты не гневаешся, што я распараджаюся тут, як дома?

– Гаспадар цырымоніцца! – іранічна азваўся пан Ігнацы. – Вось ліст ад… тых… Ленцкіх.

Вакульскі зірнуў на адрас, спехам разарваў канверт і чытаў… чытаў… Раз, другі, трэці перачытваў ён ліст. Жэцкі корпаўся ў шуфлядах. А калі заўважыў, што гаспадар ужо скончыў чытанне і задумліва абапёр галаву на рукі, ён суха спытаў:

– Едзеш сёння ў Парыж з Сузіным?

– І не думаю.

– Я чуў, што гэта нейкая важная справа… Пяцьдзясят тысяч рублёў…

Вакульскі маўчаў.

– Дык паедзеш заўтра або паслязаўтра, бо, падобна, Сузін мае намер пачакаць цябе пару дзён?

– Я не ведаю яшчэ, калі паеду.

– Гэта кепска, Стаху. Пяцьдзясят тысяч рублёў – вялікія грошы, шкода іх страціць… Калі даведаюцца, што ты не скарыстаўся гэткім выпадкам…

– Скажуць, што я звар’яцеў, – скончыў Вакульскі.

Ён зноў памаўчаў і нечакана азваўся:

– А каб у мяне быў больш важны абавязак, чым зарабіць пяцьдзясят тысяч?..

– Палітычны? – ціха спытаў Жэцкі з трывогаю ў вачах, але з усмешкаю на вуснах.

Вакульскі падаў яму ліст.

– Прачытай, – сказаў ён, – і пераканайся, што ёсць рэчы, лепшыя за палітыку.

Пан Ігнацы крыху завагаўся, але ўзяў ліст у рукі і толькі пасля паўторнага загаду Вакульскага пачаў чытаць:

“Вянок цудоўны, і я наперад ад імя Росі дзякую пану за гэты падарунак. Асабліва ўдала атрымалася гэта непрыкметнае размяшчэнне смарагдаў сярод залатых лісткоў. Пан мусіць абавязкова прыехаць да нас заўтра на абед, каб мы параіліся пра развітанне з Росі, а таксама пра наша падарожжа ў Парыж. Учора тата паведаміў, што мы едзем і не пазней, як праз тыдзень. Вядома, мы паедзем разам, бо без мілага таварыства пана падарожжа страціла б для мяне палову сваёй вартасці. Дык да пабачэння. Ізабэла Ленцкая”.

– Я не разумею, – прамовіў пан Ігнацы і абыякава кінуў ліст на стол. – Дзеля таго, каб падарожнічаць з паннаю Ленцкаю ды каб радзіцца пра прэзенты яе… яе аматарам, не кідаюць у гразь па пяцьдзясят тысяч… калі не болей…

Вакульскі прыўзняўся з канапы і, абапіраючыся рукамі на стол, запытаўся:

– А каб я хацеў кінуць дзеля яе ўвесь маёнтак у гразь, дык што?

Жылы набрынялі ў яго на лбу, грудзі хадзілі ходырам, аж уздымалася кашуля. У вачах запалаў той самы агонь, які ўжо бачыў Жэцкі падчас двубою з баронам.

– Дык што?.. – паўтарыў Вакульскі.

– Дык нічога, – спакойна адказаў Жэцкі. – Давялося б толькі прызнаць, што я памыліўся, не ведаю ўжо каторы раз у жыцці…

– У чым?

– Цяпер – у табе. Я думаў, што чалавек, які гатовы на смерць і... на абгаворы, каб набыць капітал, ідзе на гэта дзеля нейкіх агульных мэтаў…

– Адчапіцеся ж вы ад мяне з гэтым вашым агулам!.. – закрычаў Вакульскі і грукнуў кулаком па стале. – Што я рабіў дзеля яго, я ведаю, але… што ён зрабіў дзеля мяне? Ці скончыцца калі-небудзь патрабаванне ахвяр, якія не даюць мне ніякіх правоў?.. Я, нарэшце, хачу хоць раз зрабіць нешта дзеля сябе… У мяне ўжо мазалі ў вушах ад тых фраз, якім ніхто не верыць… Уласнае шчасце – гэта сёння мой абавязак… іначай… у лоб сабе стрэліць, як няма нічога наперадзе, апроч нейкіх фантастычных павіннасцяў. Тысячы лайдачаць, а адзін у адносінах да іх мае абавязкі! Ці чуў хто гэткую несусвеціцу?

– А авацыі Росі – гэта не павіннасць? – запытаўся пан Ігнацы.

– Я раблю гэта не дзеля Росі…

– Толькі, каб дагадзіць кабеце… Ведаю… З усіх ашчадных – гэта каса самая рызыкоўная, – адказаў Жэцкі.

– Будзь асцярожны!.. – прашыпеў Вакульскі.

Перейти на страницу:

Похожие книги