– Дзевяноста тысяч рублёў трэці раз! – абвяшчае каморнік і стукае малаточкам па зялёным сукне.
– Шлянгбаўм купіў! – чуваць у зале.
Пан Ленцкі няўцямна азіраецца навокал, і яго позірк спыняецца на адвакаце.
– А, пане мецэнаце, – дрыжачым голасам звяртаецца ён да таго, – гэта нягожа!..
– Што нягожа?..
– Нягожа… гэта значыць, несумленна!.. – паўтарае абураны пан Ленцкі.
– Што нягожа?.. – пачынае ўжо злавацца адвакат. – Пасля заплаты іпатэчнага доўгу атрымае пан трыццаць тысяч рублёў…
– Але мне гэты дом каштаваў сто тысяч, і мог бы пайсці, каб справа была лепей піль-на-ва-ная, за сто дваццаць тысяч…
– Так, – пацвярджае касцельны, – дом варты ста дваццаці тысяч.
– А! Чуе пан?! – кажа пан Ленцкі. – Каб справа была да-піль-на-ва-ная…
– Але ж, пане, прашу без абраз! Пан наслухаўся парадаў з усіх куткоў, розных лотраў з Павяка…
– О, прашу прабачэння… – адказвае абражаны касцельны. – Не кожны той лотр, хто сядзіць у Павяку… А што да парадаў…
– Так, дом варты быў ста дваццаці тысяч! – нечакана азываецца саюзнік у асобе ягамосця з круцельскаю фізіяноміяй.
Пан Ленцкі глядзіць на яго шклянымі вачыма, але нічога ўжо не разумее. Ён не развітваецца з адвакатам, проста ў зале насоўвае капялюш на галаву і выходзіць з мармытаннем:
– Страціў з-за жыдоў і адвакатаў не менш як трыццаць тысяч рублёў… Можна было атрымаць сто дваццаць тысяч…
Стары Шлянгбаўм таксама ўжо выходзіць, але яму заступае дарогу пан Цынандэр, той брунет, прыгажэй за якога ніколі не бачыў пан Ігнацы.
– Што гэта пан Шлянгбаўм робіць? – пытаецца прыгожы брунет. – Гэты дом можна было купіць за семдзясят адну тысячу. Ён на сённяшні дзень не варты больш…
– Аднаму не варты, а другому варты. Я заўсёды добра раблю, – задуменна адказвае Шлянгбаўм.
Нарэшце і Жэцкі выходзіць з залы, у якой пачынаецца іншы аўкцыён ды збіраецца іншая публіка. Пан Ігнацы павольна спускаецца сходамі ды разважае:
“Дык дом купіў Шлянгбаўм і якраз за дзевяноста тысяч, як і прадказваў Клейн. Ну, але ж Шлянгбаўм не Вакульскі… Стах не зрабіў бы гэткае бязглуздзіцы… Не! І з гэтаю паннаю Ізабэлаю – фарс, дый годзе. Плёткі…”
ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА
Была гадзіна дня, калі пан Ігнацы з пачуццём сораму і трывогі падышоў да крамы. Навошта ён змарнаваў гэтулькі часу?.. Якраз у пару найбольшага наплыву пакупнікоў! А раптам яшчэ і бяда якая здарылася! І што за радасць у спёку бадзяцца па вуліцах, глытаючы пыл і смурод разагрэтага асфальту?!
Сапраўды, дзень быў надзвычай спякотлівы і сонечны: ходнікі і каменныя сцены дыхалі гарачынёю, да бляшаных шыльдаў і жалезных слупоў нельга было дакрануцца, ад зыркага святла ў пана Ігнацы слязіліся вочы і чорныя мухі мігцелі перад вачыма.
“Каб я быў панам Богам, – думаў ён, – дык палову ліпеньскае спёкі пакінуў бы на снежань…”
Раптам ён зірнуў на вітрыну ўласнае крамы, якую якраз мінаў, і аслупянеў. Вітрына ўжо другі тыдзень была не абноўленая! Тая самая бронза, маёліка, вееры, тыя самыя нэсэсэры, пальчаткі, парасоны і цацкі!.. Ці бачыў хто падобнае нядбальства?!
“Але ж і нягоднік я! – прамармытаў ён. – Нядаўна напіўся, сёння бадзяюся… Да д’ябла пойдзе лаўка, як амэн у пацерах…”
Толькі ўвайшоў ён у краму, няпэўны, дзе адчувае большы цяжар – у нагах ці на сэрцы, як падхапіў яго Мрачэўскі. Быў ён ужо падстрыжаны па-варшаўску, расчасаны і наадэкалонены, як раней, і паводле ўласнага жадання абслугоўваў гасцей крамы, хоць сам быў госцем ды яшчэ з гэткіх далёкіх краёў. Мясцовыя панове надзівіцца на яго не маглі.
– Пабойся ж Бога, пане Ігнацы, – загаманіў ён. – Я тры гадзіны чакаю пана! Вы ўсе тут ад рук адбіліся…
Ён узяў яго пад руку і, не зважаючы на здзіўленыя позіркі пакупнікоў, зацягнуў пана Жэцкага ў кабінет, дзе стаяла каса.
Тут ён папхнуў на крэсла ссівелага на сваёй пасадзе крамніка, сам стаў перад ім з заламанымі рукамі, як роспачны Герман перад Віялетай159
, і пачаў:– Вось што, пане… Я ведаў, што варта мне з’ехаць, дык усёй справе гамон, але не думаў, што так хутка… Тое, што пан не сядзіць у краме – няважна, нічога з ёю не зробіцца. Але выбрыкі старога – гэта проста скандал!..
Здавалася, што ад здзіўлення ў пана Ігнацы бровы залезуць на макаўку галавы.
– Перапрашаю!.. – узняўся быў ён з крэсла.
Але Мрачэўскі прытрымаў яго на месцы.
– Перапра…
– Няхай пан хвілінку памаўчыць! – спыніў яго наадэкалонены дзяцюк. – Пан хоць ведае, што тут робіцца?.. Сузін сёння ўночы едзе ў Берлін паглядзець на Бісмарка, а потым – у Парыж на выставу. Абавязкова, чуе пан? Абавязкова ўгаворвае Вакульскага ехаць з ім. А той дур…
– Пане Мрачэўскі!.. Як пан насмеліўся…
– Я ад нараджэння ўжо смелы, а Вакульскі – вар’ят!.. Сёння я даведаўся, нарэшце, праўду… Пану вядома, колькі стары мог бы зарабіць на гэтай справе ў Парыжы з Сузіным? Не дзесяць, а пяцьдзясят тысяч рублёў, пане Жэцкі!.. І той асёл не толькі не хоча сёння ехаць, але яшчэ кажа, што не ведае, калі паедзе. Ён не ведае, а Сузін можа чакаць з тою справаю ўсяго некалькі дзён.
– Што ж Сузін?.. – ціха спытаў заклапочаны ўжо пан Ігнацы.