Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Я буду на аўкцыёне, але цяпер мне трэба ісці да майго забойцы…

– А! Ліхі злачынца выклікае ў пана больш спачування, чым пакінутая кабета, у якой маёмасць, гонар, спакой…

Задураны адвакат уцякае гэтак хутка, што яго выцертыя на каленях порткі, здаецца, не вытрымаюць. Баранеса спачатку кідаецца за ім, але трапляе ў абдымкі нейкага ягамосця, які носіць вельмі сінія акуляры ды мае фізіяномію касцельнага служкі.

– Што пані турбуе, дарагая пані? – саладжава пытаецца ягамосць у сініх акулярах. – Аніводзін адвакат не падыме пані кошт дома… На гэта ёсць я… Дасі, пані, адзін працэнт з кожнае тысячы рублёў вышэй за пачатковую суму і дваццаць рублікаў за клопаты…

Баранеса Кшэшоўская адскоквае ад яго, адкідваецца назад, як акцёрка ў трагічнай ролі, і кідае адно толькі слова:

– Шатан!..

Ягамосць у акулярах разумее, што памыліўся, і адступае са збянтэжаным выглядам. У гэты час заступае яму дарогу іншы ягамосць з фізіяноміяй скончанага круцяля, нешта шэпча і вельмі жвава пры гэтым жэстыкулюе. Пан Ігнацы ўпэўнены, што гэтыя два паны зараз паб’юцца, аднак яны разыходзяцца вельмі мірна, а ягамосць з круцельскаю фізіяноміяй набліжаецца да баранесы Кшэшоўскае і ціхенька кажа ёй:

– Калі пані баранеса згодзіцца нечым рызыкнуць, дык можам не дапусціць нават да сямідзесяці тысяч рублёў.

– Збаўца!.. – крычыць баранеса. – Перад табою кабета пакрыўджаная і пакінутая, у якой маёмасць, гонар, спакой…

– Што мне той гонар! – кажа ягамосць з круцельскаю фізіяноміяй. – Дасць пані дзесяць рублёў задатку?

Яны разам адыходзяць у самы дальні куток залы, і пан Ігнацы бачыць, як хаваюцца за групкаю старазаконных. У гэтай групцы стаіць стары Шлянгбаўм і малады жыдок без барады, гэтакі бяскроўны і выпетраны, што пан Ігнацы робіць выснову: нядаўна ажаніўся. Стары Шлянгбаўм нешта тлумачыць выпетранаму жыдку, які вылупляе вочы ўсё больш і больш. Што ж, аднак, ён мог бы яму тлумачыць? Пан Ігнацы не можа даўмецца. Ён адварочваецца і за некалькі крокаў ад сябе заўважае пана Ленцкага з ягоным адвакатам, які, відавочна, нудзіцца і хацеў бы сысці.

– Каб хоць сто пятнаццаць… ну, сто дзесяць тысяч!.. – кажа пан Ленцкі. – Прынамсі, пан адвакат мусіць ведаць нейкія спосабы.

– Хм!.. Хм!.. – мармыча адвакат і тужліва пазірае на дзверы. – Пан жадае занадта высокае цаны… Сто дваццаць тысяч за дом, за які даюць шэсцьдзясят.

– Але ж, пане, ён каштаваў мне сто тысяч…

– Так… Хм!.. Хм!.. Крыху пан пераплаціў…

– І я ж, – перабівае яго пан Ленцкі, – хачу ўсяго сто дзесяць… Здаецца мне, ужо калі-калі, але гэтым разам мусіў бы пан мне дапамагчы… Ёсць жа нейкія спосабы, якіх я не ведаю, бо я не праўнік.

– Хм!.. Хм!.. – мармыча адвакат.

На шчасце, адзін з калегаў (таксама ў фраку са срэбным значком) выклікае яго з залы, і адразу ж да пана Ленцкага падыходзіць ягамосць у сініх акулярах з фізіяноміяй касцельнага служкі ды кажа:

– Што пана турбуе, пане граф?.. Аніводзін адвакат не падыме пану кошт дома… На гэта ёсць я… Дасі, пане граф, дваццаць рублёў за клопаты і адзін працэнт ад кожнае тысячы па-над шэсцьдзясят тысяч…

Пан Ленцкі пазірае на касцельнага надта фанабэрыста, нават засоўвае абедзве рукі ў кішэні (што аж самому здаецца дзіўным) ды кажа:

– Дам адзін працэнт ад кожнае тысячы вышэй за сто дваццаць тысяч рублёў…

Касцельны ў сініх акулярах кланяецца, варушыць левым плячом і адказвае:

– Перапрашаю пана графа…

– Стой! – спыняе яго пан Ленцкі. – Вышэй за сто дзесяць…

– Перапрашаю.

– За сто.

– Перапрашаю.

– Каб на вас пярун! Дык колькі ты хочаш?..

– Адзін працэнт ад сумы вышэй за семдзясят і дваццаць рублікаў за клопаты… – кажа, кланяючыся да зямлі, касцельны.

– Дзесяць рублёў возьмеш? – пытаецца барвовы ад злосці пан Ленцкі.

– Я і рублікам не пагрэбую…

Пан Ленцкі выцягвае прыгожы пулярэс, з яго – цэлы пачак дзесяцірублёвак і адну з іх дае касцельнаму, які зноў кланяецца да зямлі.

– Пабачыць яснавяльможны пан… – шэпча касцельны.

Побач з панам Ігнацы стаяць двое жыдоў, адзін высокі, худы, барада ў яго гэткая чорная, што аж адлівае сінім, а другі – лысы, з гэткімі доўгімі фаварытамі, што яны аж кладуцца яму на адвароты сурдута. Джэнтльмен з фаварытамі заўважае дзесяцірублёўкі пана Ленцкага, усміхаецца і ціха кажа прыгожаму брунету:

– Бачыць пан тыя пянёндзы ў тэн шляхціц… Пан чуе, як яны шамацяць?.. Гэта ж яны цешацца, што мяне бачаць… Пан разумее, пане Цынандзер?..

– Ленцкі – кліент пана? – пытае прыгожы брунет.

– Чаму ён не можа быць маім кліентам?

– А што ён мае? – пытае брунет.

– Ён мае… ён мае… сястру ў Кракаве, якая, разумее пан, запысала яго дачцэ…

– А калі яна нічога не запісала?..

Джэнтльмен з фаварытамі на момант ніякавее.

– Толькі, пан, не кажы мне гэтакае лухты! Чаму сястры з Кракава не запысаць, калі яна хворая?

– Я нічога не ведаю, – адказвае прыгожы брунет. (Пан Ігнацы прызнае ў душы, што гэткага прыгожага мужчыны ён ніколі яшчэ не бачыў.)

– Але ў яго ёсць дачка, пане Цынандэр… – неспакойна кажа ўласнік буйных фаварытаў. – Пан ведае яго дачку, тую панну Ізабэлу, пане Цынандэр? Я б сам, не таргуючыся, даў сто рублёў…

Перейти на страницу:

Похожие книги