Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“Варта спраўдзіць,” – думае пан Ігнацы, забываецца на свае абавязкі намесніка і старшага крамніка ды ідзе следам за брычкаю. Нягеглыя коні цягнуць гэтак павольна, што пан Ігнацы мае магчымасць бачыць гэты рыдван на ўсім шляху да калоны Жыгімонта. Тут коні збочваюць налева, а Жэцкі думае:

“Вядома, едзе баба на Мядовую. Танней бы ёй каштавала дабрацца туды на памяле…”

Паўз дом Рэзлера (які нагадвае пра нядаўнюю п’янку!) па Сенатарскай пан Ігнацы даходзіць да вуліцы Мядовае. Мінаючы склад гарбаты Навіцкага, ён на хвіліну затрымліваецца, бо мерыцца зайсці павітацца з гаспадаром, але адразу ж уцякае з мармытаннем: “Што ён падумае, калі ўбачыць мяне гэтаю парою на вуліцы?.. Вядома, ён падумае, што я нічога не варты намеснік, што не сядзіцца мне ў краме, дык лайдачу па горадзе… Дажыўся!..”

Усю астатнюю дарогу да суда пана Ігнацы мучыць сумленне. Яно ўвасабляецца ў барадатага волата ў жоўтым ядвабным халаце і гэткіх жа штанах, які зычліва, але разам з тым іранічна зазірае яму ў вочы ды пытае:

“А скажы ты мне, пане Жэцкі, хто з прыстойных купцоў бадзяецца ў гэты час па горадзе? З пана гэткі ж купец, як з мяне балерына…”

І пан Ігнацы разумее, што яму няма чаго адказаць сувораму суддзі. Ён чырванее, патнее і ўжо хоча вяртацца да сваіх кніг (але каб заўважыў гэта Навіцкі), як раптам бачыць перад сабою даўні палац Паца.

“Тут будзе аўкцыён!” – кажа сабе пан Ігнацы і забываецца на згрызоты сумлення. Волат з барадою ў жоўтым ядвабным халаце развейваецца ў яго душы, як туман.

Пан Ігнацы азіраецца і заўважае, што будынак суда мае два ўваходы. Яшчэ ён бачыць старазаконных, якія сабраліся ў чатыры няроўныя кучкі ды стаяць з вельмі паважнымі фізіяноміямі. Пан Ігнацы не ведае, куды ісці, аднак ідзе да тых дзвярэй, перад якімі стаіць найбольш старазаконных, здагадваючыся, што там мусіць быць аўкцыён.

У гэты момант да будынка суда пад’язджае каляска, а ў ёй – пан Ленцкі. Пан Ігнацы не можа супраціўляцца пачуццю пашаны да ягонай сівізны і не можа надзівіцца з яго добрага гумору. Бо пан Ленцкі выглядае не банкрутам, у якога забралі камяніцу, каб прадаць яе на аўкцыёне, а мільянерам, што прыехаў да натарыуса, каб аформіць невялічкую суму ў некалькі сотняў тысяч рублёў.

Пан Ленцкі ўрачыста высаджваецца з каляскі і трыумфальным крокам набліжаецца да дзвярэй суда. Адразу да яго з другога боку вуліцы падбягае джэнтльмен, які мае ўсе прыкметы лайдака, аднак з’яўляецца адвакатам. Пасля хуткага і нават нядбалага вітання пан Ленцкі пытаецца ў джэнтльмена:

– Ну што?.. Калі?..

– Праз гадзінку… можа, крыху пазней… – адказвае джэнтльмен.

– Уяві сабе, пан, – кажа з прыязнаю ўсмешкаю пан Ленцкі, – тыдзень таму адзін мой знаёмы за дом, які каштаваў яму сто пяцьдзясят тысяч, узяў дзвесце. А як мой каштаваў мне сто тысяч, дык я павінен узяць, адпаведна, сто дваццаць пяць…

– Гм!.. Гм!.. – мармыча адвакат.

– Будзеш, пан, смяяцца, – працягваў пан Тамаш, – з таго, што я табе скажу (бо вы любіце кпіць са сноў і прадчуванняў), аднак сёння снілася мне, што мой дом пайшоў за сто дваццаць тысяч… Кажу гэта пану перад аўкцыёнам, прашу заўважыць... Праз пару гадзін сам пераканаешся, што не варта смяяцца са сноў… Ёсць нешта на небе і на зямлі…

– Гм!.. Гм!.. – мармыча ў адказ адвакат, і яны разам уваходзяць у дзверы будынка.

“Дзякуй Богу! – думае пан Ігнацы. – Калі Ленцкі возьме сто дваццаць тысяч за свой дом, дык гэта азначае, што Стах не заплаціць за яго дзевяноста тысяч рублёў.”

Тут нехта кранае яго за плячо. Пан Ігнацы азіраецца і бачыць старога Шлянгбаўма.

– Пан не мяне шукае? – пытаецца сівы жыд, пільна зазіраючы яму ў вочы.

– Не, не… – адказвае збянтэжаны пан Ігнацы.

– У пана няма да мяне ніякае справы?.. – перапытвае Шлянгбаўм, міргаючы чырвонымі павекамі.

– Не, не…

Git!156 – кідае Шлянгбаўм і вяртаецца да сваіх аднаверцаў.

Пана Ігнацы прадзірае мароз па скуры, прысутнасць Шлянгбаўма зноў абуджае ў ім падазрэнні. Каб разагнаць іх, пан Ігнацы пытаецца ў вознага, што стаіць пры дзвярах, дзе адбываецца аўкцыён. Возны паказвае яму лесвіцу.

Пан Ігнацы бяжыць наверх і ўваходзіць у першую залу. Уражвае яго тлум старазаконных, якія прагна слухаюць нейкую прамову. Жэцкі разумее, што тут адбываецца судовы працэс, што прамаўляе пракурор, што справа пра ашуканства. У зале не прадыхнуць, прамову пракурора часам заглушае грукат брычак за акном. Гледзячы на суддзяў, здаецца, што яны дрэмлюць, адвакат пазяхае, у падсуднага выраз твару, нібы ён гатовы ашукаць нават найвышэйшы суд, старазаконныя пазіраюць на яго спачувальна, а абвінавачванне слухаюць вельмі ўважліва. Некаторыя на кожны доказ віны крывяцца ды пырхаюць: “Ай-вай!..”

Пан Ігнацы выходзіць з залы, бо не дзеля гэтае справы ён сюды прыйшоў.

Перейти на страницу:

Похожие книги