Пан Ігнацы хоча ўжо падымацца сходамі на трэці паверх, як бачыць баранесу Кшэшоўскую, якая спускаецца ў таварыстве мужчыны са знешнасцю стомленага настаўніка старажытных моў. Але гэта адвакат, пра што сведчыць срэбны значок, прышпілены да адвароту зношанага фрака, а шарачковыя порткі каплана справядлівасці гэтак выцертыя на каленях, нібы іх гаспадар замест таго, каб абараняць сваіх кліентаў, толькі і рабіў, што прасіў рукі ў багіні Фэміды.
– Калі не раней, чым праз гадзіну, – плаксіва гаворыць пані Кшэшоўская, – дык я схаджу пакуль да капуцынаў157
… Як пан мяркуе?..– Я не думаю, каб візіт да капуцынаў меў нейкі ўплыў на аўкцыён, – адказвае ўшчэнт знясілены адвакат.
– Каб, аднак, пан мецэнат шчыра хацеў, каб пабегаў…
Мецэнат у выцертых портках нецярпліва махае рукою.
– Ах, пані дабрадзейка, – кажа ён, – я ўжо столькі набегаўся з-за гэтага аўкцыёну, што сёння, хіба, мог бы ўжо і аддыхацца. Апроч таго, хутка ў мяне абарона… Забойства. Бачыць пані тых прыгожых дам?... Яны ідуць паслухаць мяне… Эфектная справа!
– Дык пан мецэнат пакідае мяне? – енчыць баранеса.
– Але ж я буду… буду ў зале, – супакойвае яе адвакат, – буду на аўкцыёне, толькі хай пані дасць мне хоць хвілінку падумаць пра майго забойцу…
І ён хаваецца за дзвярыма, наказваючы вознаму, каб той нікога не пускаў.
– О Божа! – голасна заводзіць баранеса, – нягодны забойца і той мае абаронцу, а бедная самотная кабета дарэмна шукае чалавека, які заступіўся б за яе гонар, за яе спакой, за яе майно…
А як пан Ігнацы не збіраецца быць тым чалавекам, дык ён спешна збягае сходамі, абмінаючы маладых, прыгожых і элегантных кабет, якіх прыгнала сюды жаданне паслухаць гучны працэс пра забойства. Гэта цікавей за тэатр, бо акцёры судовага спектаклю іграюць калі не лепш, дык, дакладна, больш рэалістычна, чым драматычныя.
На сходах разлягаецца лямант пані Кшэшоўскае ды вясёлая гамана маладых, прыгожых і элегантных кабет, якія спяшаюцца паглядзець на забойцу, на акрываўленае адзенне, на тую сякеру, якою ён забіў сваю ахвяру, ды на спатнелых суддзяў. Пан Ігнацы з вестыбюля перабягае аж на другі бок вуліцы, у цукерню на рагу Капітульнае і Мядовае, а там хаваецца ў такі цёмны куток, дзе яго не магла б пазнаць нават пані Кшэшоўская.
Ён замаўляе філіжанку шакаладу з пенкаю, закрываецца падзёртаю газетаю і бачыць, што ў малым пакойчыку ёсць яшчэ цямнейшы куток, дзе сядзіць нейкі велічнага выгляду ягамосць ды нейкі згорблены жыд. Пан Ігнацы мяркуе, што велічны ягамосць, хіба, граф ды буйны землеўласнік з Украіны, а жыд – ягоны брокер. І яму чуваць іх гутарку.
– Пане дабрадзею, – кажа згорблены жыд, – каб не тая акалічнасць, што пана дабрадзея ніхто не ведае ў Варшаве, дык не даў бы я пану і дзесяці рублёў за гэта. А так заробіць пан дваццаць пяць…
– І гадзіну прастаяць у душнай зале! – бурчыць ягамосць.
– Праўда, – згаджаецца жыд, – у нашым веку цяжка стаяць, ну, але гэткія грошы таксама пехатою не ходзяць… А якая ў пана дабрадзея будзе рэпутацыя, калі даведаюцца, што пан таргаваўся за камяніцу коштам восемдзясят тысяч рублёў!..
– Няхай так. Але дваццаць пяць рублёў гатоўкаю на стол…
– Барані Божа! – адказвае жыд. – Пан дабрадзей атрымае ў рукі пяць рублёў, а дваццаць пойдуць за даўгі таму беднаму Селігу Куперману, што ўжо два гады ні гроша ад пана не бачыў, хоць мае вырок суду.
Паважны пан б’е кулаком па мармуровым стале і падымаецца. Згорблены жыд хапае яго за крысо сурдута, зноў усаджвае на крэсла і прапануе шэсць рублёў гатоўкаю.
Яны некалькі хвілін яшчэ таргуюцца і пагаджаюцца на васьмі рублях, з якіх сем будуць заплачаны пасля аўкцыёну, а рубель – адразу. Жыд супраціўляецца, але велічны пан адным аргументам знішчае ўсе ягоныя сумневы:
– Прынамсі, д’ябал яго бяры, трэба ж мне заплаціць за гарбату ды піражкі.
Жыд уздыхае, дастае з зашмальцаванае партманеткі самую падраную паперку, разгладжвае яе і кладзе на мармуровы стол. Потым ён падымаецца і няспешна выходзіць з цёмнага пакойчыка, а пан Ігнацы праз дзірку ў газеце пазнае ў ім старога Шлянгбаўма.
Пан Ігнацы спехам дапівае свой шакалад і ўцякае з цукерні на вуліцу. Яму ўжо абрыд гэты аўкцыён, пра які толькі і гавораць кругом, які займае ўсе ягоныя думкі. Ён хоча перачакаць недзе да пачатку і заўважае, што касцёл капуцынаў адчынены, дык накіроўваецца туды ў спадзяванні, што знойдзе спакой, прыемную прахалоду, а галоўнае, ніхто там не будзе згадваць аўкцыён.
Ён уваходзіць у касцёл і, сапраўды, знаходзіць там цішыню, прахалоду, а яшчэ нябожчыка на катафалку, абстаўленага свечкамі, якія яшчэ не гараць, і кветкамі, якія ўжо не пахнуць. Пану Ігнацы ад нейкага часу не падабаецца выгляд труны, таму ён паварочвае налева і бачыць укленчаную на падлозе кабету ў чорным. Гэта баранеса Кшэшоўская. Сагнутая ў пакоры да зямлі, яна б’е сябе ў грудзі і раз за разам падносіць да вачэй хустачку.
“Несумненна, яна моліцца, каб дом Ленцкага пайшоў за шэсцьдзясят тысяч рублёў,” – думае пан Ігнацы. А з-за таго, што выгляд пані Кшэшоўскае не падаецца яму прывабным, ён на дыбачках адступае і пераходзіць на правы бок касцёла.