– Але ж, Бэла!.. – ажывілася панна Фларэнтына. – Якраз гэты прыкры ліст і даводзіць, што не страцілі ўсяго. Хоць цётка і паказвае нязносны характар, але яна ўмее ашчаджаць гора. Калі б вам пагражала галеча, вы б знайшлі ў ёй спагадлівую і далікатную суцяшальніцу.
– Дзякуй, абыдуся.
– І баяцца няма чаго. Заўтра мы атрымаем пяць тысяч рублёў, якіх хопіць на гаспадарчыя выдаткі на паўгода… ці хоць на квартал. Праз некалькі месяцаў…
– Прададуць з аўкцыёну нашу камяніцу…
– Звычайная фармальнасць, вось і ўсё. Нават на карысць вам, бо цяпер камяніца толькі абцяжарвае. Ну, і па цётцы Гартэнзіі ты атрымаеш у спадчыну каля ста тысяч рублёў. Зрэшты, – дадала пасля паўзы панна Фларэнтына, падымаючы бровы, – я таксама не ведаю, што і думаць, бо ў твайго бацькі магло застацца яшчэ шмат грошай. Усе так мяркуюць…
Панна Ізабэла прыўзнялася ў шэзлонгу і ўзяла панну Фларэнтыну за руку.
– Флора, – сказала яна ціха, – каму ты гэта кажаш?.. Дык ты і праўда лічыш мяне за паненку на выданні, якая нічога не бачыць і нічога не разумее?.. Думаеш, я не ведаю, – скончыла яна яшчэ цішэй, – што ўжо цэлы месяц грошы на ўтрыманне дому ты пазычаеш у Мікалая…
– Можа, бацька якраз і хоча гэтага…
– Можа, ён хоча таксама, каб ты кожную раніцу падкладала яму некалькі рублёў у партманетку?
Панна Фларэнтына зірнула ёй у вочы і паківала галавою.
– Ты шмат ведаеш, – адказала яна, – але не ўсё. Ужо два тыдні, можа, дзён з дзесяць, я бачу, што ў бацькі пачало з’яўляцца рублёў па пятнаццаць…
– Дык ён бярэ напавер…
– Не. Бацька ніколі не пазычае ў горадзе. Кожны крэдытор прыходзіць з грашыма сюды і ў яго кабінеце атрымлівае распіску пад працэнты. Табе гэта невядома было.
– Дык адкуль жа ў яго грошы?
– Я не ведаю. Бачу, што ёсць, і чую, што яны заўсёды ў яго былі.
– Чаму ж ён тады дазваляе прадаваць срэбра? – упарта дапытваецца панна Ізабэла.
– Можа, хоча пазлаваць радню.
– А хто выкупіў ягоныя вэксалі?
Панна Фларэнтына развяла рукі.
– Не Кшэшоўская выкупіла іх, – адказала яна, – гэта я ведаю дакладна. Дык, альбо цётка Гартэнзія, альбо…
– Альбо?
– Альбо сам бацька. Ты ж ведаеш, чаго ён толькі не зробіць, каб растрывожыць радню, а потым пасмяяцца…
– Навошта ж яму мяне, нас трывожыць?
– Ён думае, што ты спакойная. Дачка мусіць цалкам давяраць бацьку.
– Ах, так!.. – ціха прамовіла панна Ізабэла і задумалася.
Апранутая ў чорнае кузіна павольна паднялася з фатэля і ціхенька выйшла.
Панна Ізабэла ізноў пачала глядзець на свой пакой, які падаўся ёй выцвілым, на чорныя галіны, якія хісталіся за вакном, на пару вераб’ёў, якія шчабяталі, магчыма, пра пабудову гнязда, на неба, якое зрабілася аднастайна шэрым без адзінае яснае прожылкі. У яе памяці ізноў абудзіліся пытанні пра квесту і новыя ўборы, але яны здаліся ёй такімі дробнымі і такімі ледзьве не смешнымі, што, думаючы пра гэта, яна злёгку паціснула плячыма.
Непакоілі яе іншыя пытанні: можа, сапраўды, аддаць сервіз графіні, і – адкуль у бацькі грошы? Калі ён меў іх і раней, дык навошта дазволіў пазычаць у Мікалая?.. А калі не меў, дык якая крыніца цяперашніх ягоных прыбыткаў?.. Калі яна аддасць сервіз і срэбра цётцы, дык страціць магчымасць прадаць за добрыя грошы, а калі прадасць за пяць тысяч, дык фамільныя каштоўнасці, сапраўды, могуць трапіць у нявартыя рукі, як і пісала графіня.
Раптам гэтая плынь думак была перарваная: яе чуйнае вуха ўлавіла гукі з дальніх пакояў. Гэта былі мужчынскія крокі: размераныя, спакойныя. У салоне іх крыху прыглушаў дыван, у сталовым пакоі гук узмацніўся, а ў яе спальні – прыцішыўся, нібы нехта ступаў на пальцах.
– Прашу, тата, – азвалася панна Ізабэла, калі пачула стук у дзверы.
Увайшоў пан Тамаш. Яна прыўзнялася на шэзлонгу, але бацька не дазволіў ёй устаць. Ён абняў яе, пацалаваў у галаву і, перад тым як сесці каля яе, кінуў вокам у вялікае люстра на сцяне. Угледзеў там свой прыгожы твар, сівыя вусы, беззаганны цёмны жакет, адпрасаваныя штаны – быццам толькі што ад краўца – і ўпэўніўся, што ўсё добра.
– Я чуў, – сказаў ён дачцэ з усмешкаю, – што паненка атрымлівае карэспандэнцыю, якая псуе ёй настрой.
– Ах, тата, каб ты ведаў, якім тонам загаварыла цётка…
– Відавочна, тонам асобы, хворай на нервы. Ты за гэта не павінна на яе крыўдаваць.
– Каб толькі крыўда. Я баюся, што яна мае рацыю, і што наша срэбра сапраўды можа трапіць на стол нейкага банкіра.
Яна прытулілася галавою да бацькавага пляча. Пан Тамаш міжволі зіркнуў у невялікае люстэрка на століку і адзначыў, што яны разам у гэтую хвіліну ствараюць вельмі прыгожую кампазіцыю. Асабліва выразны быў кантраст паміж трывогаю на твары дачкі і ягоным уласным спакоем. Ён усміхнуўся.
– Сталы банкіраў!.. – паўтарыў ён. – Срэбра нашых продкаў бывала ўжо на сталах татараў, казакоў, бунтаўнікоў сялян, і гэта не толькі не зашкодзіла нашаму гонару, але нават прынесла славу. Хто змагаецца – той рызыкуе ўсё страціць.
– Трацілі з-за вайны і на вайне, – заўважыла панна Ізабэла.