Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Яна адсоўвае пяльцы і са століка, на якім ляжаць Шэкспір, Дантэ, альбом еўрапейскіх славутасцяў, а таксама некалькі часопісаў, бярэ “La Moniteur de la Mode” ды пачынае гартаць з найвялікшаю засяроджанасцю. Вось убор для абедаў, вось веснавыя ўборы паненкам, паннам, сталым кабетам, маладзіцам ды іх маткам, а вось сукні на візіты, прыёмы, шпацыры, вось шэсць новых капелюшоў рознае формы, з дзясятак тканін, мноства колераў… Што ж тут абраць? Божа!.. Не варта прымаць рашэнне без папярэдняе нарады з паннай Фларэнтынай і з мадысткаю…

Панна Ізабэла незадаволена адкладае модны часопіс і ўладкоўваецца ў шэзлонгу напаўлежачы. Рукі, складзеныя як на малітву, яна абапірае на парэнчы, галаву схіляе на рукі, і глядзіць на неба летуценнымі вачыма. Квеста на Вялікі Тыдзень, новыя ўборы, хмары на небе – усё мяшаецца ў яе галаве, але верх бярэ шкадаванне сервізу і лёгкі сорам за тое, што прадае яго.

“Ах, нічога!” – кажа яна сама сабе і зноў прагне, каб хмары разышліся хоць на хвіліну. Але хмары наплываюць яшчэ больш, а ў сэрцы ўзмацняюцца туга, сорам і непакой. Позірк яе падае на столік каля шэзлонга і на малітоўнік, апраўлены ў слановую косць. Панна Ізабэла бярэ ў рукі кнігу і паволі, старонка за старонкаю, пачынае шукаць малітву “Acte de résignation65, знаходзіць яе і пачынае чытаць:

Que votre nom soit béni à jamais, bien qui avez voulu m’éprover par cette peine66. Пакуль яна чытае, неба святлее, а пры апошніх словах: “…et d’attendre en paix votre divin secours67 – хмары разыходзяцца, і паказваецца лапік яснае сінечы. Кабінет панны Ізабэлы напаўняецца святлом, а душа яе – спакоем. Цяпер яна ўжо не сумняваецца, што малітва пачутая, і ў яе будзе самы прыгожы ўбор ды самы лепшы касцёл для квесты.

У гэты момант дзверы кабінета ціха адчыняюцца. На парозе з’яўляецца панна Фларэнтына – высокая, апранутая ў чорнае, нясмелая – яна трымае двума пальцамі ліст і ціха кажа:

– Ад пані графіні.

– Ах, гэта з нагоды квесты, – адказвае панна Ізабэла з чароўнаю ўсмешкаю. – Ты цэлы дзень не заходзіла да мяне, Флора.

– Не хачу табе перашкаджаць.

– Нудзіцца?.. – пытае панна Ізабэла. – Хто ведае, ці не весялей было б нам нудзіцца ў адным пакоі.

– Ліст… – кажа нясмелая асоба ў чорнай сукенцы і працягвае яго панне Ізабэле.

– Я ведаю, пра што ён, – спыняе яе панна Ізабэла. – Пасядзі трохі ў мяне і, калі не справіць гэта табе клопату, прачытай мне гэты ліст.

Панна Фларэнтына нясмела сядае ў фатэль, далікатна бярэ са століка ножык і з вялікаю асцярожнасцю разразае канверт. Яна кладзе на столік ножык, потым – канверт, разгортвае паперу і ціхім меладычным голасам чытае ліст, напісаны па-французску:

“Дарагая Бэла! Прабач, што звяртаюся ў справе, вырашаць якую маеце права толькі ты і твой бацька. Я ведаю, дарагое дзіця, што ты пазбываешся сервізу і срэбра, бо сама, зрэшты, мне пра гэта казала. Ведаю я таксама і тое, што знайшоўся пакупнік, які прапануе вам пяць тысяч рублёў, а гэта, паводле майго меркавання, мала, хоць у цяперашні час цяжка спадзявацца на большае. Пасля размовы, аднак, наконт гэтага з Кшэшоўскаю, я пачынаю непакоіцца, каб цудоўныя фамільныя каштоўнасці не перайшлі ў нявартыя іх рукі.

Мне б хацелася гэта прадухіліць, дык я прапаную табе, калі згодзішся, тры тысячы рублёў пазыкі пад заклад памянёнага сервізу і срэбра. Мяркую, што цяпер лепш яму захоўвацца ў мяне, калі твой бацька мае такія клопаты. Забраць зможаш, калі захочаш, а ў выпадку маёй смерці нават не трэба будзе вяртаць пазыку.

Я не навязваюся, а толькі прапаную. Разваж, як табе лепш, але перадусім падумай пра наступствы.

Наколькі я цябе ведаю, табе балюча было б пачуць, што нашыя фамільныя каштоўнасці ўпрыгожваюць стол нейкага банкіра або сталі часткаю пасагу ягонае дачкі.

Дасылаю табе тысячу пацалункаў.

Яанна.

Р. S. Уяві сабе, якое шчасце напаткала мой прытулак. Учора, калі я была ў краме гэтага славутага Вакульскага, дык закінула слоўца пра невялікае ахвяраванне сіротам. Спадзявалася на якія рублёў дзесяць-дваццаць, а ён, ці паверыш? ахвяраваў мне тысячу, літаральна – тысячу рублёў, ды яшчэ сказаў, што не наважыўся б скласці меншае сумы ў мае рукі. Некалькі такіх Вакульскіх, і, адчуваю, што ў старасці я зрабілася б дэмакраткаю”.

Панна Фларэнтына прачытала ліст і баялася падняць ад яго вочы. Нарэшце яна наважылася і паглядзела: панна Ізабэла сядзела ў шэзлонгу збялелая са сціснутымі рукамі.

– Што скажаш, Флора? – запыталася яна праз хвіліну.

– Я думаю, – ціха адказала тая, – што пані графіня ў пачатку ліста трапна вызначыла магчымасць свайго ўдзелу ў гэтай справе.

– Якая знявага! – прашаптала панна Ізабэла, нервова пастукваючы рукою па шэзлонгу.

– Знявага ў тым, каб прапанаваць тры тысячы рублёў пад заклад срэбра, і гэта ў той час, калі нехта чужы прапануе пяць тысяч… Іншай я не бачу.

– Як яна ставіцца да нас… Мы, хіба, сапраўды ўсё страцілі…

Перейти на страницу:

Похожие книги