“Ага, пераможца!” – сказаў ён сам сабе, ледзь утрымліваючыся на нагах пад націскам натоўпу, які пёр наперад, пляскаў у ладкі, крычаў “віват”, паказваў на героя пальцам, пытаўся, як яго завуць. Здавалася, што ўладальніка гарнітура зараз на руках панясуць па вуліцах, і раптам – запал астыў. Людзі запавольваліся, пачалі нават спыняцца, воклічы сталі заціхаць, нарэшце змоўклі зусім. Герой аднаго імгнення саслізнуў зверху і праз некалькі хвілін быў забыты.
“Перасцярога мне!” – падумаў Вакульскі, выціраючы пот з ілба.
Пляц і вясёлы тлум зусім ужо абрыдзелі яму. Ён павярнуў назад.
Па Алеі ўсё яшчэ цягнуліся брычкі і карэты. У адной з іх Вакульскі ўгледзеў светла-блакітную сукенку.
“Панна Ізабэла?..”
У яго закалацілася сэрца.
“Не, не яна”.
Далёка наперадзе заўважыў ён прыгожы жаночы твар і зграбную фігуру.
“Яна?.. Не. Навошта ёй тут быць?”
Так мінуў ён Алею, Аляксандраўскі пляц, Новы Свят, увесь час віжуючы кагосьці і ўвесь час падманваючыся.
“Дык вось яно, маё шчасце? – думаў ён. – Што даступна, таго я не жадаю, а рвуся да таго, што не даецца ў рукі. Няўжо гэта і ёсць шчасцем?.. Хто ведае, ці смерць аж такое зло, як уяўляюць сабе людзі”.
І ўпершыню засумаваў ён па моцным беспрабудным сне, якога не патрывожаць ані жаданні, ані надзеі.
У гэты самы час панна Ізабэла, вярнуўшыся ад цёткі дадому, ледзь не з парога гучна паведаміла панне Фларэнтыне:
– Ведаеш, ён быў на прыёме!
– Хто?
– Ну, гэты... Вакульскі...
– Чаму ж яму не быць, калі яго запрасілі? – здзівілася панна Фларэнтына.
– Але ж гэта нахабства. Гэта нечувана! І яшчэ, уяві сабе, цётка зачараваная ім, князь ледзь не вешаецца яму на шыю, і ўсе разам лічаць яго знакамітасцю... Чаму ты маўчыш?..
Панна Фларэнтына сумна ўсміхнулася.
– Мне гэта вядома. Герой сезона... Зімою быў у гэтай ролі пан Казімір, а гадоў з пятнаццаць таму... нават я, – ціха дадала яна.
– Але ж не забывай, хто ён! Купец. Купец!..
– Дарагая Бэла, – адказала панна Фларэнтына, – я памятаю сезоны, калі мы захапляліся нават цыркачамі. Мінецца і гэта.
– Баюся я гэтага чалавека, – прашаптала панна Ізабэла.
ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА
…Маем мы, такім чынам, новую краму: пяць вокнаў на вуліцу, два склады, сем крамнікаў і швейцар у дзвярах. Маем яшчэ каляску, блішчастую, як толькі што наваксаваныя боты, пару гнядых коней, фурмана і лёкая ў ліўрэі. І ўсё гэта звалілася на нас на пачатку мая, калі Англія, Аўстрыя і нават разбітая ўшчэнт Турцыя ўзбройваліся на скрут галавы92
.– Каханы Стасю, – казаў я Вакульскаму, – усе купцы з нас смяюцца, што мы гэтак шмат выдаткоўваем у няпэўны час.
– Каханы Ігнасю, – адказаў мне Вакульскі, – а мы будзем смяяцца з усіх купцоў, калі надыдзе больш пэўны час. Цяпер якраз самая пара на інтарэсы.
– Але ж еўрапейская вайна, – кажу я, – на валаску ліпіць. У такім выпадку пэўна чакае нас банкруцтва.
– Смеху варта, – адказвае Стась. – Увесь гэты шум сціхне праз пару месяцаў, а мы тым часам далёка ззаду пакінем усіх нашых канкурэнтаў.
Ну – і няма вайны. У нашай краме рух, як падчас фэсту, на нашы склады тавары вязуць, як на млын, а грошы плывуць у касу не горш за мякіну. Нехта, не ведаючы Стася, сказаў бы, што гэта геніяльны купец, але ж я яго ведаю, дык усё часцей пытаю сябе: навошта ўсё гэта?..
Праўда, і ў мяне гэтак пыталіся. Але хіба гэткі я ўжо стары, як нябожчыца
Памятаю, калі Людвік Напалеон (пазнейшы імператар Напалеон ІІІ) уцёк з вязніцы ў 1846 годзе, дык ускалыхнулася ўся Еўропа. Ніхто не ведаў, што будзе. Але ўсе разважлівыя людзі да нечага рыхтаваліся, а дзядзька Рачак (пан Рачак ажаніўся з маёю цёткаю) увесь час паўтараў:
– Я казаў, што Банапарт вынырне і дасць ім прыкурыць! Адна бяда – занядужаў я нешта на ногі.
Год 1846 і 1847 прайшлі ў вялікай сумятні. Раз-пораз з’яўляліся нейкія лісты і знікалі людзі. Часта я думаў: ці не пара ўжо і мне вытыркнуць нос на шырэйшы свет? А калі сумневы і трывога моцна даймалі, пасля закрыцця крамы ішоў я да дзядзькі Рачка, расказваў яму пра набалелае і прасіў, каб ён даў мне бацькоўскую параду.
– Ведаеш што, – казаў дзядзька і біў кулаком па хворым калене, – дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш, кажу я табе… дык ідзі, а не хочаш, кажу я табе… дык застанься…
Толькі ў лютым 1848 года, калі Людвік Напалеон быў ужо ў Парыжы, прысніўся мне аднае ночы сам нябожчык бацька, такі, якім я запомніў яго ў труне. Сурдут зашпілены пад самую шыю, завушніца ў вуху, вус падчэрнены (гэта пан Даманьскі пастараўся, каб бацька абы-як з’явіўся на Божым Судзе). Стаў ён у дзвярах маёй каморкі і сказаў толькі такія словы:
– Памятай, вісус, чаму я цябе вучыў!..
“Куды ноч – туды і сон”, – думаў я некалькі дзён. Але крама ўжо мне абрыдла. Нават да святое памяці Малгосі Пфайфер страціў я цікавасць, і так цесна зрабілася мне на Падвалю, што не мог я больш вытрываць. Ізноў пайшоў я да дзядзькі Рачка па параду.