Мы змоўклі і выраўнялі крыху пагнутыя шэрагі. Неба было чыстае, толькі дзе-нідзе нерухома бялелі аблачынкі, на кустах, якія мы міналі, не варушыўся аніводзін лісток, над полем, парослым маладою травою, не звінеў спалоханы жаўрук. Чуваць было толькі цяжкі крок батальёну, частае дыханне людзей, часам стук карабінаў адзін аб адзін або гучны голас маёра, які, едучы наперадзе, падаваў каманды афіцэрам. А там, злева, бушавала зграя гарматаў і ліў дождж карабінавых стрэлаў. Хто такой буры пры ясным небе не чуў, браце Кац, той нічога не разумее ў музыцы!.. Памятаеш, якое дзіўнае адчуванне ў душы мелі мы тады?.. Не страх, а нешта накшталт смутку і цікаўнасці…
Батальёны, якія былі на флангах, усё больш аддаляліся ад нас, нарэшце правы знік за ўзгоркам, а левы схаваўся ў шырокай лагчыне за нейкую сотню сажняў ад нас, і толькі раз-пораз паблісквала там хваля багнетаў. Некуды падзеліся гусары, гарматы і рэзерв, які цягнуўся ззаду, і застаўся адзін наш батальён, які спускаўся з аднаго пагорка, каб падняцца на другі, яшчэ больш высокі. Толькі час ад часу спераду, ззаду або збоку прылятаў вершнік з лістом або з загадам на словах ад маёра. Дзіва дзіўнае, як гэтулькі загадаў не затлуміла яму галавы!
Нарэшце ўжо была амаль дзявятая, падняліся мы на апошнюю вышыню, парослую хмызняком. Новая каманда – і плутоны, што ішлі следам адзін за адным, пачалі шыхтавацца ў адну лінію. Калі ж дабраліся мы да вяршыні ўзгорка, загадана было нам прыгнуцца і нахіліць зброю, а потым укленчыць.
Тады (памятаеш, Кац?) Кратахвіль, які кленчыў перад намі, вытыркнуў галаву між дзвюх маладых хвоек і прашаптаў:
– Зірніце, га!..
Ад падножжа ўзгорка на поўдзень, ажно некуды за край далягляду, цягнулася раўніна, а на ёй – нібы рака белага дыму, шырокая, на некалькі сотняў крокаў, і доўгая – ці я ведаю? – можа, на мілю.
– Стралковыя ланцугі!.. – ціха сказаў стары падафіцэр.
З абодвух бакоў тае дзіўнае ракі відаць было некалькі чорных і сотні белых хмар, што клубіліся пры самай зямлі.
– Гэта батарэі, а там гараць вёскі… – растлумачыў падафіцэр.
А калі паўзірацца лепей, дык можна было ўбачыць дзе-нідзе, таксама з абодвух бакоў доўгае стужкі дыму, прастакутныя плямы: цёмныя – з левага, белыя – з правага боку. Падобныя яны былі да вялізных вожыкаў з бліскучымі іголкамі.
– Гэта нашыя палкі, а там – аўстрыйскія… – паказаў падафіцэр. – Ну, ну!.. – дадаў ён. – І сам штаб лепей не бачыць…
З тае доўгае ракі дыму далятаў да нас няспынны трэск карабінавых стрэлаў, а ў тых белых хмарах шалела бура гарматаў.
– Гэ!.. – азваўся тады ты, Кац, – і гэта бітва?.. Было тут чаго баяцца…
– Пачакай, – прамармытаў падафіцэр.
– Рыхтуй зброю!.. – разлеглася па шэрагах.
Укленчаныя, пачалі мы даставаць і адкусваць патроны97
. Зашчоўкалі сталёвыя шомпалы і куркі, якія ўжо пачалі ўзводзіць… Насыпалі мы пораху на панеўкі – і зноў цішыня.Насупраць нас, можа, за вярсту, былі два пагоркі, а між імі гасцінец. Я заўважыў, што на ягоным жоўтым тле з’яўляюцца нейкія белыя кропкі, якія хутка ўтварылі белую лінію, а потым – белую пляму. Адначасова з лагчыны за некалькі сотняў крокаў ад нас выйшлі сінія жаўнеры, якія хутка сфармавалі сінюю калону. У тую ж хвіліну справа грымнуў гарматны стрэл, і над белым аўстрыйскім аддзелам з’явілася сівая хмарка дыму. Пару хвілін паўзы – і зноў стрэл, і зноў над аўстрыйцамі – хмарка. Паўхвіліны – зноў стрэл і зноў хмарка…
–
З тае хвіліны стралялі з нашага боку няспынна, аж зямля дрыжала, але белая пляма там, на гасцінцы, расла. У той жа час на супрацьлеглым узгорку бліснуў дым і ў бок нашае батарэі паляцела з шыпеннем граната. Другі дым… трэці дым… чацвёрты…
– Разумныя д’яблы! – прамармытаў падафіцэр.
– Батальён!.. Наперад марш!.. – з усяе моцы крыкнуў наш маёр.
– Кампанія!.. Наперад марш!.. Плутон!.. Наперад марш!.. – паўтарылі рознымі галасамі афіцэры.
Ізноў нас перастроілі. Чатыры сярэднія плутоны засталіся на месцы, чатыры пайшлі наперад, направа і налева. Падцягнулі мы ранцы і ўзялі зброю, як каму зручней.
– Кацілася торба з высокага горба!.. – крыкнуў тады ты, Кац.
І ў тую ж хвіліну высока над намі праляцела граната і гучна выбухнула дзесьці ў тыле.
Тады бліснула мне ў галаве дзіўная думка. Ці не з’яўляюцца бітвы шумнымі камедыямі, якія войскі ладзяць для народаў, без вялікае сабе, зрэшты, шкоды?.. Бо тое, што я бачыў, выглядала велічна, але не так, каб страшна.
Мы спусціліся на раўніну. З нашае батарэі прыляцеў гусар з данясеннем, што адна з гарматаў пашкоджаная. Адначасова злева ад нас упала граната, зарылася ў зямлю, але не разарвалася.
– Пачынаюць нас лізаць, – сказаў стары падафіцэр.
Другая граната выбухнула над нашымі галовамі, і адзін з аскепкаў упаў Кратахвілю пад ногі. Ён збялеў, але зарагатаў.
– Охо-хо! – пачулася ў шэрагах.