Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Памятаю, ён ляжаў у ложку, накрыты цётчынаю пярынаю, і піў узвар з зёлак, каб прапацець. А калі я распавёў яму пра свае турботы, ён сказаў:

– Ведаеш што, дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш – ідзі, не хочаш – застанься. Але я, каб не калечаныя мае ногі, даўно б ужо быў за мяжою. Бо і цётка твая, кажу я табе, – тут ён сцішыў голас, – так жахліва менціць языком, што лепш, кажу я табе, слухаць батарэю аўстрыйскіх гармат, чым гэтую пустую малатарню. Колькі помачы ад яе шмаравання, гэтулькі і шкоды ад звягі… А маеш грошы? – запытаўся ён праз момант.

– Знойдзецца колькі сотняў злотых.

Дзядзька Рачак загадаў мне замкнуць дзверы (цёткі дома не было), засунуў руку пад падушку і выцягнуў адтуль ключ.

– На вось, – сказаў ён, – адамкні той куфар, абабіты скураю. Там з правага боку будзе скрыначка, а ў ёй – гаманец. Падай мне яго…

Я дастаў гаманец, тоўсты і цяжкі. Дзядзька Рачак узяў яго ў рукі і, уздыхаючы, адлічыў пятнаццаць паўімперыялаў.

– Вазьмі гэтыя грошы на дарогу, – сказаў ён, – і як едзеш, дык едзь… Даў бы я табе больш, але і мне не два вякі векаваць… Трэба ж пакінуць нешта бабе, каб у выпадку чаго знайшла сабе іншага мужа…

Развіталіся мы плачучы. Дзядзька трохі прыўзняўся на ложку і, павярнуўшы мяне тварам да свечкі, ціха праказаў:

– Дай яшчэ раз я на цябе пагляджу… Бо, кажу я табе, з таго балю не кожны вяртаецца… Урэшце, я і сам ужо не жылец на гэтым свеце, а паганы настрой, кажу я табе, забівае не горш за кулю…

Вярнуўшыся ў краму, я, нягледзячы на позні час, пагаварыў з Янам Мінцлем і падзякаваў яму за апеку ды пасаду. Мне здавалася, што мой намер будзе яму даспадобы, бо ўжо каля году мы абмяркоўвалі гэта, і ён заўсёды заахвочваў мяне ісці біць немцаў. Але Мінцаль неяк спахмурнеў. На другі дзень ён заплаціў мне заробленыя ў яго грошы, даў нават і дадатковую ўзнагароду, абяцаў паклапаціцца пра пасцель і куфар на той выпадак, калі давялося б мне вярнуцца. Але звычайная ваяўнічасць пакінула яго, і ані разу не паўтарыў ён сваёй любімае прымаўкі:

– Эгэ!.. Паказаў бы я швабам, каб не крама…

Калі, аднак, увечары блізу дзясятае я, апрануты ў паўкажушок і цяжкія боты, абняў яго на развітанне ды ўзяўся ўжо за клямку, каб пакінуць дом, дзе столькі гадоў пражылі мы разам, нешта дзіўнае сталася з Янам. Нечакана сарваўся ён з крэсла і, раскінуўшы крыжам рукі, закрычаў:

– Свіння!.. Куды ж ты ідзеш?..

А потым ён кінуўся на мой ложак, хліпаючы, як дзіця.

Я ўцёк. У сенцах, слаба асветленых каганцом, нехта заступіў мне дарогу. Я ажно здрыгануўся. Гэта быў Аўгуст Кац, апрануты як належыць на сакавіцкае надвор’е.

– Што ты тут робіш, Аўгусце? – запытаўся я.

– Цябе чакаю.

Я думаў, што ён хоча мяне правесці, дык пайшлі мы на пляц Гжыбоўскі94 моўчкі, бо Кац быў негаваркі. Жыдоўская фура, на якой я мусіў ехаць, была ўжо гатовая. Я пацалаваў Каца, ён мяне таксама. Я сеў на воз… ён за мною…

– Едзем разам, – сказаў ён.

А потым, калі мы былі ўжо за Мілоснаю95, ён дадаў:

– Мулка і трасе, не заснеш.

Супольнае падарожжа зацягнулася неспадзявана доўга, ажно да кастрычніка 1849 года96, памятаеш, Кац, незабыўны сябра? Памятаеш тыя доўгія маршы ў спякоту, калі не раз даводзілася нам піць ваду з калюжыны, або той пераход праз багну, калі замок увесь наш порах, або як начавалі ў лесе ды ў полі, і, уладкоўваючыся галовамі на адным ранцы, спіхвалі мы адзін аднаго, або паціху сцягвалі на сябе плашч, што служыў нам агульнаю коўдраю?.. А памятаеш тую бабку з салам, якую згатавалі мы ўчатырох употай ад усяго аддзела? Колькі раз еў я пасля гэтага бульбу, але ніколі не смакавала яна мне так, як тая. Нават сёння чую я пах гарачае пары, што падымаецца з кацялка, і бачу цябе, Кац, як ты, каб не марнаваць часу, і адмаўляеш пацеры, і ясі бульбу, і распальваеш люльку ад вогнішча.

Гэй! Кац, калі няма на небе венгерскае пяхоты і таркаванае бульбы, дык дарэмна ты туды паспяшаўся.

А памятаеш генеральную бітву, якую заўсёды згадвалі мы, уздыхаючы, на адпачынках пасля партызанскай страляніны? Я да магілы яе не забуду, а калі запытаецца ў свой час Пан Бог, дзеля чаго я жыў на гэтым свеце… дзеля таго, – адкажу я, – каб быў у мяне адзін такі дзень. Толькі ты разумееш мяне, Кац, бо ўсё адбывалася на нашых вачах. А тады здавалася, што нібыта нічога асаблівага…

За суткі з паловаю да гэтага сабраная была ўся наша брыгада паблізу нейкай венгерскай вёскі, назвы якой я не памятаю. Частавалі нас, аж міла ўспомніць. У віне, не найлепшым, праўда, можна было мыцца, а свежына з папрыкаю ўжо так нам абрыдлі, што і ў рот бы не ўзяў гэтага паскудства, каб, вядома, было што іншае. А якая музыка, а якія дзявухі!.. Цыганы дасканала граюць, а кожная венгерка – сапраўдны порах. Круцілася іх, шэльмаў, усіх разам дзясяткі з два, але зрабілася так горача, што нашы зарэзалі і засеклі трох сялян, а сяляне каламі забілі нашага гусара.

Перейти на страницу:

Похожие книги