– Няма, – сказала старшынёва, бо заўважыла ягоную збянтэжанасць. – Не тое мяне дзівіць, дзіця маё, што ты не парупіўся пра надмагільную пліту, а сабе прабачыць не магу, што забыла я пра чалавека.
Яна задумалася і раптам паклала яму на плячо сваю сухую і дрыготкую руку ды прамовіла прыцішаным голасам:
– Маю да цябе просьбу... Абяцай, што выканаеш...
– Абавязкова, – адказаў Вакульскі.
– Дазволь мне паставіць яму помнік. Толькі сама я паехаць туды не магу, дык ты мне дапаможаш. Вазьмі з сабой каменячоса, хай расколе камень, ведаеш, той, на якім мы сядзелі на гары побач з замкам, і няхай адну палову паставіць на яго магілу. Заплаці колькі трэба, а я табе аддам грошы разам з вечнаю маёй падзякаю. Ці зробіш?
– Зраблю.
– Добра, дзякуй табе... Думаю, яму больш прыемна будзе спачываць пад каменем, што быў сведкам нашых размоў і нашых слёз. Ох, цяжка ўспамінаць... А надпіс ведаеш які зрабі? Калі мы расставаліся, ён напісаў мне некалькі радкоў з Міцкевіча. Ты, пэўна, чытаў іх:
Вось цень – калі ён падае здалёку,
То болей долы чарнатою пляміць.
Так воблік мой: чым далей з відавоку,
Тым болей ён тваю туманіць памяць89
.Ох, як праўдзіва гэта!.. І тую студню, што магла нас злучыць, хацела б я ўвекавечыць нейкім чынам...
Вакульскі здрыгануўся, узіраючыся кудысьці, вочы яго пашырыліся.
– Што з табою? – запыталася старшынёва.
– Нічога, – адказаў ён і ўсміхнуўся. – Смерць зазірнула мне ў вочы.
– Не дзіва, яна кружляе вакол мяне, старое, дык і тыя, хто побач, могуць бачыць яе. Ці зробіш, што я прашу?
– Так.
– Прыходзь жа да мяне пасля святаў і... наведвай мяне. Можа, і пасумаваць крыху давядзецца, але, можа, і я, нямоглая, яшчэ буду карысная табе. А зараз ідзі ўжо, ідзі...
Вакульскі пацалаваў ёй у руку, яна некалькі раз пацалавала яго ў галаву. Потым націснула кнопку званка. З’явіўся лёкай.
– Правядзі пана ў салон, – сказала яна.
Вакульскі быў адурманены. Не бачыў дарогі перад сабою, не думаў пра размову са старшынёвай. Ён адчуваў, нібы трапіў у нейкі лабірынт прасторных пакояў, старадаўніх партрэтаў, ціхіх крокаў і няўлоўнага водару. Вакол была каштоўная мэбля, людзі надзвычайнае далікатнасці, якая яму і не снілася, і над усім гэтым, як паэма, усплывалі ўспаміны старое арыстакраткі, прасякнутыя ўздыханнямі ды слязьмі.
“Што ж гэта за свет? Што за свет?..”
Аднак яму нечага бракавала. Ён хацеў яшчэ хоць раз зірнуць на панну Ізабэлу.
“Ну, у салоне я ўбачу яе...”
Лёкай адчыніў дзверы ў салон. Ізноў усе галовы павярнуліся ў ягоны бок, размовы спыніліся, нібы адляцела птушыная чарада. Настала хвіліна цішы, усе глядзелі на Вакульскага, а ён нікога не бачыў і толькі ліхаманкава шукаў вачыма светла-блакітную сукенку.
“Тут яе няма”, – падумаў ён.
– Вы толькі гляньце, як ён не робіць ласкі нават заўважаць вас, – ціха пасмейваючыся, прамовіў дзядок з сівымі бакенбардамі.
“Яна павінна быць у іншым салоне”, – казаў сабе Вакульскі.
Ён убачыў графіню і падышоў да яе.
– Што ж, скончылі вашу канферэнцыю? – спытала графіня. – Якая мілая асоба пані старшынёва, праўда?.. Яна вялікая прыяцелька пана, аднак не большая, чым я. Зараз я пана прадстаўлю... Пан Вакульскі, – сказала яна, спыняючыся каля дамы ў дыяментах.
– А я адразу да справы, – прамовіла дама, пазіраючы на яго фанабэрыста. – Нашым сіроткам патрэбна некалькі штук палатна...
Графіня злёгку пачырванела.
– Усяго некалькі?.. – перапытаў Вакульскі і зірнуў на дыяменты фанабэрыстае дамы, вартыя некалькіх сотняў штук самага тонкага палатна. – Пасля святаў, – дадаў ён, – я буду мець гонар даслаць палатно графіні...
Ён пакланіўся, збіраючыся адыйсці.
– Пан хоча пакінуць нас? – спытала ўжо крыху стомленая графіня.
– Але ж гэта дзікун! – казала тым часам дама ў дыяментах сваёй прыяцельцы са страусавым пер’ем.
– Я развітаюся, пані графіня, і дзякую за гонар, які пані мела ласку мне аказаць... – сказаў Вакульскі, цалуючы руку гаспадыні.
– Толькі да пабачэння, пане Вакульскі, праўда?.. У нас будзе шмат агульных спраў.
І ў другім салоне не было панны Ізабэлы. Вакульскі занепакоіўся: “Мне ж неабходна ўбачыць яе... Хто ведае, калі яшчэ давядзецца сустрэцца...”
– А, пан! – загукаў князь. – Я ўжо ведаю, у якую змову ўступілі вы з панам Ленцкім. Таварыства гандлю з Усходам. Выдатная ідэя! Мусіце і мяне прыняць... Нам трэба бліжэй пазнаёміцца... – а з-за таго, што Вакульскі маўчаў, ён дадаў: – Я нудны, пане Вакульскі, так? Але пан не можа адмовіцца, вы мусіце зблізіцца з намі, пан і падобныя да пана людзі. І разам пойдзем. Вашы фірмы – тыя ж гербы, нашы гербы – тыя ж фірмы, якія гарантуюць добрасумленнасць у справах...
Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Вакульскі нешта адказаў, але што? Ён не памятаў. Яго неспакой узмацніўся, дарэмна ён шукаў панну Ізабэлу.
“Яна, хіба, далей”, – падумаў ён і з трывогаю накіраваўся ў апошні салон.
Па дарозе яго перахапіў пан Ленцкі, дэманструючы надзвычайную сардэчнасць.
– Пан ужо сыходзіць? Дык да сустрэчы, дарагі пане Вакульскі! Пасля святаў у мяне першае паседжанне, і пачнём з Богам.
“Няма яе!” – думаў Вакульскі, развітваючыся з панам Тамашам.