Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Так, так... – не даў яму скончыць князь. – Звычайна падобнага кшталту капіталы падазроныя, але за Вакульскага я паручуся. Графіня размаўляла са мною, а я запытаўся ў афіцэраў, што былі на вайне, у тым ліку і ў свайго пляменніка. Дык вось пра Вакульскага ўсе ў адзін голас кажуць, што пастаўкі, у якіх ён браў удзел, заўсёды былі добрасумленныя. Нават салдаты, атрымліваючы добры хлеб, казалі, што, мусіць, яго пяклі з мукі Вакульскага. Скажу графу больш, – працягваў князь, – Вакульскі, які сваёй сумленнасцю звярнуў увагу самых высокіх асобаў, неаднаразова атрымліваў вельмі панадлівыя прапановы. Сёлета ў студзені прапаноўвалі яму дзвесце тысяч рублёў толькі за шыльду дзеля пэўнага прадпрыемства, і ён адмовіўся...

Граф усміхнуўся і сказаў:

– Меў бы больш на дзвесце тысяч рублёў...

– Меў бы, але не быў бы тут сёння, – адказаў князь, кіўнуў графу і адышоў.

– Стары вар’ят, – пагардліва прамармытаў граф услед князю.

У трэцім салоне, куды ўвайшоў з графіняю Вакульскі, быў буфет з мноствам розных па велічыні столікаў, пры якіх сядзелі запрошаныя – па два, па тры, а дзе і па чатыры. Некалькі лёкаяў разносілі стравы і віно, а кіравала імі панна Ізабэла, якая, відавочна, падмяняла гаспадыню дома. На ёй была светла-блакітная сукенка і буйны жэмчуг на шыі. Яна была такая прыгожая, і такімі велічнымі былі яе рухі, што варта Вакульскаму было зірнуць на яе, як ён скамянеў.

“Нават марыць пра яе не магу...” – у роспачы падумаў ён.

У гэтую хвіліну ён заўважыў у аконнай нішы маладога чалавека, які ўчора быў у касцёле, а цяпер самотна сядзеў пры маленькім століку і не зводзіў вачэй з панны Ізабэлы.

“Вядома, ён кахае яе!” – падумаў Вакульскі, і яму здалося, што на яго нібы падзьмула магільным холадам.

“Я загінуў!”

Гэта доўжылася некалькі секунд.

– Бачыць пан тую старую кабету, што сядзіць паміж біскупам і генералам? – спытала графіня. – Гэта старшынёва87 Заслаўская, лепшая мая сяброўка, яна жадае абавязкова пазнаёміцца з панам. Пан яе вельмі зацікавіў, – працягвала графіня з усмешкай. – Дзяцей у яе няма, толькі дзве прыгажуні ўнучкі. Няхай пан зробіць добры выбар!.. А пакуль прыгледзься да яе, і, калі тыя паны адыдуць, я пана прадстаўлю. А… князь!..

– Вітаю пана, – звярнуўся князь да Вакульскага. – Кузіна дазволіць?..

– Калі ласка, – адказала графіня. – Вось тут, панове, вольны столік... Я вас на хвіліну пакіну...

Яна адышла.

– Прысядзем, пане Вакульскі, – прапанаваў князь. – Выдатная нагода, бо ў мяне да пана важнае справа. Уяві сабе, пан, што панскія праекты выклікалі вялікі пярэпалах сярод нашых фабрыкантаў мануфактуры... Здаецца, я слушна сказаў: мануфактуры?.. Яны сцвярджаюць, што пан хоча загубіць нашу прамысловасць... Няўжо канкурэнцыя, якую пан стварае, такая ім небяспечная?..

– Я карыстаюся значным крэдытам у маскоўскіх фабрыкантаў, прыблізна да трох, нават да чатырох мільёнаў рублёў, – адказаў Вакульскі. – Але я не ведаю яшчэ, як у нас пойдуць іх тавары...

– Страшная... страшная лічба! – ціха прамовіў князь. – Ці не здаецца пану, што яна ўяўляе сапраўдную небяспеку нашым фабрыкам?

– Не, пане. Я бачу, што яна толькі крыху зменшыць іх каласальныя прыбыткі, што мяне, зрэшты, не турбуе. Мая справа клапаціцца пра ўласныя прыбыткі і пра танныя тавары дзеля пакупнікоў, а мае якраз і будуць танней.

– Але ці думаў пан пра гэта з пункту гледжання свайго грамадзянскага абавязку?.. – спытаў князь, сціскаючы яго руку. – Нам ужо так мала засталося чаго губляць...

– Мне здаецца, што наш грамадзянскі абавязак якраз і ў тым, каб даць пакупнікам больш танны тавар ды ліквідаваць манаполію фабрыкантаў, звязаных з намі толькі тым, што яны нажываюцца на нашых спажыўцах і працаўніках.

– Пан так лічыць?.. Я не падумаў пра гэта. Зрэшты, мяне не цікавяць фабрыканты, але край, наш край, няшчасны край...

– Што я магу вам прапанаваць, панове? – нечакана звярнулася да іх панна Ізабэла.

Князь і Вакульскі падняліся.

– Якая ты прыгожая сёння, кузіна! – сказаў князь і ўзяў яе за руку. – Мне, шчыра кажучы, шкада, што я не мой уласны сын... Хоць, можа, гэтак і лепш! Бо калі б ты мне адмовіла, а гэта вельмі верагодна, я быў бы вельмі няшчасны... Ах, прашу прабачэння, – спахапіўся ён. – Дазволь, кузіна, прадставіць табе пана Вакульскага. Актыўны чалавек і актыўны грамадзянін... табе гэтага даволі, праўда?..

– Я ўжо мела прыемнасць... – ціха прамовіла панна Ізабэла, адказваючы на паклон.

Вакульскі зазірнуў ёй у вочы і ўбачыў там гэтакі спалох, гэтакі сум, што душу яго зноў ахапіў адчай.

“Навошта я прыйшоў сюды?” – падумаў ён.

Ён зірнуў у бок акна і ўбачыў маладога чалавека, які ўсё яшчэ самотна сядзеў над некранутаю страваю з прыкрытымі рукою вачыма.

“Ах, навошта мне, няшчаснаму, было прыходзіць сюды...” – думаў Вакульскі, адчуваючы такі боль, нібы з яго абцугамі выдзіралі сэрца.

– Можа, пан хоць віна дазволіць падаць? – спытала панна Ізабэла, здзіўлена гледзячы на яго.

– Што пані загадае, – машынальна адказаў ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги