Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Прышый сабе аксамітны каўнер ды ідзі да д’ябла.

– Чалкам без патрэбы гневаецца пан, бо, прынамсі, гэта ж дзеля панскага гонару, не майго, – адказаў слуга і грукнуў дзвярыма, выходзячы.

Ён адчуваў, што ў пана надзвычай лагодны настрой.

Вакульскі апрануўся і з кубкам гарбаты сеў за рахункі. Пасля таго, як скончыў, напісаў дэпешу ў Маскву пра асігнацыі на сто тысяч рублёў і другую – да агента ў Вене, каб той прытрымаў некаторыя замовы.

На некалькі хвілін раней за дзясятую прыйшоў Марушэвіч. Малады чалавек выглядаў яшчэ больш зблажэлым і збянтэжаным, чым учора.

– З дазволу пана, – прамовіў Марушэвіч пасля некалькіх прывітальных слоў, – я адразу кладу карты на стол… У мяне ёсць арыгінальная прапанова…

– Гатовы выслухаць нават самую арыгінальную…

– Пані баранеса Кшэшоўская (я прыяцель баронскае пары), – працягваў выпетраны маладзён, – прагне прадаць скакавую кабылу. Я адразу падумаў, што пан пры ягоных сувязях, можа, хацеў бы мець такога каня… Ёсць вялікі шанец перамогі, бо, апроч яе, на скачках пабягуць толькі два жарабцы, яны значна слабей…

– Чаму ж пані баранеса сама не выстаўляе гэту кабылу?

– Яна?.. Яна да смерці ненавідзіць скачкі!

– Навошта ж яна купіла скакавую кабылу?

– З дзвюх прычын, – адказаў малады чалавек. – Спачатку барон, якому неабходныя былі грошы на сплату ганаровага доўгу, заявіў, што застрэліцца, калі не дабудзе васьмісот рублёў, нават і за сваю любімую кабылу, а па-другое, баранеса не жадае, каб яе муж браў удзел у скачках. Дык яна купіла кабылу, але бедачына аж захварэла ад сораму і роспачы і хацела б пазбыцца яе любым коштам.

– А менавіта?

– Восемсот рублёў, – адказаў малады чалавек і апусціў вочы.

– Дзе знаходзіцца конь?

– У манежы Мілера.

– А дакументы?

– Вось яны, – ужо весялей адказаў маладзён і дастаў пачак паперак з бакавое кішэні сурдута.

– Можам разлічыцца адразу? – запытаўся Вакульскі, праглядаючы паперы.

– Так.

– Пасля абеду пойдзем паглядзець каня?

– О, вядома…

– Няхай пан піша распіску, – сказаў Вакульскі і дастаў са стала грошы.

– На восемсот?.. Вядома!.. – казаў малады чалавек.

Ён схапіў паперу, пяро і пачаў пісаць. Вакульскі заўважыў, што ў маладзёна крыху дрыжаць рукі, і ён мяняецца з твару.

Распіска была напісана як належыць. Вакульскі паклаў восем сторублёвак і схаваў паперы. Праз хвіліну малады чалавек, па-ранейшаму збянтэжаны, пакінуў кабінет. А збягаючы па сходах, ён думаў:

“Я нягоднік, так, нягоднік… Але ж праз пару дзён я аддам бабе дзвесце рублёў і скажу, што далажыў іх Вакульскі, калі разгледзеў вартасці каня. Зрэшты, яны не сустракаюцца, ані барон з жонкаю, ані гэты… купчык з імі… Распіску загадаў напісаць… Бач ты яго! Адразу відаць гандляра і нуварыша… О! Страшна я пакараны за сваю легкадумнасць…”

Аб адзінаццатай Вакульскі выйшаў на вуліцу з намерам наведаць адваката.

Толькі ён дайшоў да брамы, як адразу тры рамізнікі, угледзеўшы светлае паліто і белы капялюш, адначасна рушылі коней. Адзін уехаў другому дышлем у брычку з адкрытым верхам, а трэці, які хацеў іх абмінуць, ледзь не скалечыў грузчыка, што валок цяжкую шафу. Усчаўся гармідар, заляскаталі пугі, засвісталі паліцыянты, збегліся разявакі і ў выніку двое самых гарачых рамізнікаў самі сябе на ўласных брычках павезлі ва ўчастак.

“Паганая прыкмета, – падумаў Вакульскі і раптам стукнуў сабе па лбу. – Добрая справа! Іду да адваката, каб той купіў мне дом, а сам не ведаю ані як той дом выглядае, ані дзе ён знаходзіцца”.

Ён вярнуўся дадому і ў капелюшы на галаве ды з кійком пад пахаю пачаў гартаць каляндар. На шчасце, ён чуў, што дом Ленцкіх128 знаходзіцца дзесьці ў ваколіцах Алеі Ерусалімскае, аднак мінула некалькі хвілін, пакуль ён знайшоў вуліцу і патрэбны нумар.

“Добра выглядаў бы я перад адвакатам! – думаў ён, спускаючыся сходамі. – Аднаго дня ўгаворваю людзей, каб яны даверылі мне свае капіталы, а ў наступны – купляю ката ў мяшку. Ясна, што адразу скампраметаваў бы або сябе, або… панну Ізабэлу”.

Ён сеў у брычку, што праязджала побач, і загадаў павярнуць на Алею Ерусалімскую. На рагу вылез і пайшоў пешкі ў адну з папярочных вуліц.

Дзень быў пагодны, неба амаль без аблокаў, брук без пылу. Вокны ў дамах былі адчыненыя, некаторыя з іх якраз мылі. Свавольны вецер матляў спадніцы пакаёвак, і можна было заўважыць, што варшаўскай прыслузе лягчэй наважыцца памыць вокны на чацвёртым паверсе, чым уласныя ногі. Шмат з якіх памяшканняў чуліся гукі фартэп’яна, з многіх падворкаў – катрынкі або манатонныя зазыванні пясочнікаў, шчотачнікаў, старызнікаў ды ім падобных прадпрымальнікаў. Сям-там у браме пазяхаў вартаўнік у блакітнай кашулі, па сярэдзіне вуліцы бегалі сабакі, малыя дзеці бавіліся тым, што дзерлі кару з маладых каштанаў, у якіх яшчэ нават не пацямнела светла-зялёная лістота.

Наогул, вуліца выглядала чыстай, ціхай і вясёлай. У канцы яе віднеў нават край далягляду і купа дрэў, але той вясковы пейзаж, неўласцівы Варшаве, ужо пачалі закрываць рыштаванні і цагляная сцяна.

Перейти на страницу:

Похожие книги