Читаем Лісты полностью

Адпачыць трэба, але калі ў лістападзе пачне над томам працаваць рэдактар, то надта гуляць не будзе калі.

Саша едзе на Каўказ лячыць свой гастрыт, я рыхтуюся да абароны свае манаграфіі, Н. М. збіраецца лячьшца. Пра Каханоўскага і Ткачова нічога не чуў. Каханоўскі рыхтуецца да абароны, з яго ўжо ад гэтай абароны проста дух вылазіць. Яму, пэўна, можна было бараніцца ўжо гады тры назад.

Прывітанне Марыне Усевалодаўне, Вераніцы і Максіму. Што на свеце дзівы, то дзівы. Калісь я насіў на руках Усяслава Бялькевіча, а зараз у яго чацвёра ўнукаў, а скора і ўнукі вырастуць.

Рэцэнзента ўжо знайшоў.

Улашчык.

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

2 снежня 1978 г.

Дарагі Ніл Сямёнавіч.

21—24 лістапада ў Вільні была канферэнцыя па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве Прыбалтыкі. Паслалі і мяне, а ў апошні дзень прыехала Харашкевіч, якая ўжо больш чым 10 гадоў змагаецца за тое, каб пачаць ізноў выдаваць "Метрыку". Зрабіла яшчэ адзін даклад, прынялі яшчэ адну рэзалюцыю, але на гэта не стае асобы, якая ходзіць у высокія сферы, — такой, якой быў калісь Грэкаў. Харашкевіч — жанчына, яе завуць Ганна Леанідаўна. Адрас: Москва, 121467, Рублёвское шоссе, д. 93, к. 1, кв. 31. 3 Вільні яна паехала ў Мінск, і я прыняў захады, каб ёй спаткацца з Вамі (званіў сястры), але Харашкевіч была ўсяго адзін дзень — у архіве.

Як ездзім (ці выходзім) у людзі? Калісь у Маскву прыехаў член Каралеўскага таварыства Кац (яго бацька з Магілёва, што сцвярджае маю гіпотэзу, нібы ўсе вялікія людзі паходзяць з Беларусі). Пабыўшы ў лабараторыі Наталлі Маркаўны, ён сказаў, каб Н. М. прыслала артыкул аб сваіх дасягненнях у "Нэчур", які мае сусветную вядомасць. Яна паслала, і праз кароткі час артыкул быў надрукаваны, а ёй дасланы 1 экз. адбітку; каб атрымаць 50 адбіткаў, трэба было заплаціць 8 шылінгаў, але ў Акадэміі такіх грошай не было, і таму яна дала зрабіць 50 экз. фота, якія і рассылала тым, хто прасіў (просьбаў якраз і было 50). Таму не дзіва, што і на Вас не стала некалькі рублёў. Яны выдаткуюцца на тых, хто ездзіць увесь час, і да таго ж ездзіць марна.

Адпачынку ў гатым годзе не было. Вельмі падобна, што не будзе і ў наступным, хаця мяне запісалі на канец года ў санаторый — тут, каля Масквы. У гэтым годзе трэба было падаць на вучоны савет кнігу, якая ў мяне завецца "Введение в изучение белорусско-литовского летописания". Калі не падаць, то гэта скандал, а хто любіць скандалы? Таму трэба было давесці да таго ўзроўню, каб можна было паставіць на савет. А з мая мінулага года ў выдавецтве ляжыць том летапісаў, які мог крануцца ў які хаця час (не люблю казаць "у любы"). Зараз ён такі крануўся, і мяне ўжо сцябаюць. Рэдактар — вялікі майстар у гэтай справе і ўсё паказвае, дзе што я схібіў, але тэксты, напісаныя лацінкаю (польскія і лацінскія), ніхто рэдагаваць не будзе, бо няма каму. Вось мы і дажыліся. У т. 32 "Быхаўца" хтось рэдагаваў, але не зрабіў ні аднае заўвагі, і таму мы думалі, што ўся яго дзейнасць абмежавалася атрыманнем мізэрнага ганарару.

Дзякуй Вам за кнігі. Наталля Маркаўна шле Вам і ўсёй Вашай сям’і сваё прывітанне.

У 1976 г. скаапераваўся з мастакамі адносна адзення. Яны згадзіліся, нават ахвотна, але зараз не адказваюць на лісты, а час ужо прыйшоў. Пераглядаючы крыніцы, я здзівіўся, бо налічыў не менш як 25 узораў толькі верхняга мужчынскага адзення — і ўсё з імпартнага тавару. А як апраналіся багатыя мяшчанкі на­ват з маленькіх гарадоў, нават у час вайны ў 1708 г.! Адамашак, аксаміт, атлас, собалі, фарботкі, пярсцёнкі і іншае.

Скора і Новы год.

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

7 снежня 1978 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Набліжаецца канец года. Калісь у такую пару быў клопат, каб закалоць япрука, залатаць ці пашыць боты, а зараз іншае: трэба, каб быў выкананы план. Па плане я павінен быў у гэ­тым годзе, летам, паехаць у Вільню на кансультацыю. Летам не ехаў, думаў, што наогул не паеду, аж аглядзеліся, што план не выконваецца, і я такі паехаў.

А тут зусім завіруха. Рэдактар працуе над 35-м томам. Чытае вельмі ўважліва і робіць шмат заўвагаў, вымагае як мага больш спасылак, з чаго ўся сістэма нумарацыі парушаецца. Перадрукоўваць зноў тэкст нельга, бо наробіш памылак, а раз над томам селі, то марудзіць нельга, бо ў чарзе стаяць яшчэ чатыры гатовыя тамы, і калі што, то адразу выпхнуць у бок.

Калі нічога не здарыцца надзвычайнага, то прыблізна ў студзені том будзе перададзены ў друкарню. Згодна з "Анноти­рованным тематическим планом" (ён там ідзе пад № 50), тыраж будзе 5000 экз., а кошт — 4 руб. 30 кап. Гэта штосьці надзвычайнае, тым больш, што мне заказалі анатацыю (як мага лепшую) — для замежнача чытача!

Сёння іду ў Інстытут, дзе будзе зацвярджацца да друку гісторыя вёскі. Яна ўключаецца ў план рэдпадрыхтоўкі на наступны год, а на 15-га прызначана тое ж з "Введением...". А ў мяне ча­ста баліць галава, і ўсё ніяк не пазбудуся слядоў грыпу.

Дасылаю Вам адбітак артыкульчыка пра Пічэту. Гэта ўспамін пра маю маладосць.

Дзякуй Вам за грунтоўныя заўвагі адносна рукапісу. Трэба не менш, чым год, каб яго скончыць.

Улашчык.

АЛЯКСАНДРУ ЗІМІНУ

26 января 1979 г.

Дорогой Александр Александрович.

Перейти на страницу:

Похожие книги