Адзін раз, калі я быў у аддзеле, туды зайшоў Купала з незнаёмым мне чалавекам росту троха ніжэй за Купалу. У яго былі яскравыя чорныя вочы і такі высмуглы твар, што я падумаў: пэўна, нехта з Каўказа. Купала падышоў да стала і, стоячы, зрабіў надпіс на кнізе, пасля чаго падаў яе таму чалавеку. Мне выразна запомнілася, што кніга была "Шляхам жыцця", і, чамусьці здаецца, пецярбургскага (а не віленскага) выдання, вокладка на ёй была шакаладнага колеру.
Калі яны абодва выйшлі, загадчыца адцзела Ю. В. Бібіла сказала, што з Купалам быў Свянціцкі. "Той самы?" — запытаўся я. — "Той самы", — адказала яна.
Некалькі гадоў назад, калі я быў у Музеі ўкраінскага мастацтва ў Львове, да мяне там звярнулася незнаёмая жанчына. Не ведаю, якім чынам размова зайшла пра тое, бачыліся Купала са Свянціцкім ці не. Я сказаў тое, што зараз пішу. Пасля даведаўся, што пытала дачка Свянціцкага.
Улашчык.
МІКОЛУ КАВАЛЬСКАМУ
1 кастрычніка 1977 г.
Дарагі Мікалай Паўлавіч.
Другі месяц, як жывем каля Мінска ў лесе, сын плаваў недзе на поўначы, хата наша была пустая. А зараз сын вярнуўся і напісаў мне, што прыйшла Ваша кніга. Вітаю Вас з такою вялікаю падзеяю, зычу Вам напісаць яшчэ некалькі, а зараз дзякую за прысылку.
Жывем у Доме пісьменнікаў, і за месяц я забыўся цалкам пра Маскву, адвык і гаварыць па-руску. Пішу Вам зараз па-беларуску.
Прывітанне Мыцыку (не памятаю, як яго завуць). Прабуду тут до 16.Х. Пішу на ун-т, бо дамовы адрас застаўся ў мяне на кватэры.
Улашчык.
ГЕНАДЗЮ КІСЯЛЁВУ
18 кастрычніка 1977 г.
Дарагі Генадзь Васільевіч.
Пражыў паўтара месяцы ў Каралішчавічах, пасля некалькі дзён у Мінску, дзе чуў самыя найлепшыя водгукі на Вашых "Пачынальнікаў". Вярнуўшыся назад, знайшоў гэту кнігу ў сябе, за што прыношу Вам шчырую падзяку. Зараз у Мінску выходзіць столькі кніг, што каб і меў магчымасць набываць іх, то не набываў бы, але ж вельмі шмат з таго, што я павінен ведаць, мінае (так мінуў "Фаўст", мінулі пераклады Гаўрука і надта шмат чаго іншага).
Якую вялікую і карысную працу Вы праводзіце, колькі цьмяных старонак раскрыта, колькі людзей, косці якіх спарахнелі, павінны сказаць Вам "дзякуй". Пэўна ж ніхто з гэтых людзей ад свае дзейнасці, апрача прыкрасцяў, не меў нічога.
Між іншым, "Панскае ігрышча" як і "Горад і вёска" і "Жывот" я памятаю з малых дзён. Як моцна яны ўрэзваліся ў памяць і як часта іх дэкламавалі, не ведаючы, хто і дзе іх напісаў. Гэта было як "Жніво", як купальскія песні.
Яшчэ раз дзякуй. Прывітанне Вашай жонцы, якую нават не ведаю, як зваць (толькі раз сустрэўся ў бібліятэцы).
Улашчык.
ЯЎГЕНУ КУЛІКУ і МІХАСЮ РАМАНЮКУ
16 лістапада 1977 г.
Дарагія Яўген Сяргеевіч і Міхась Фёдаравіч.
Пасля розных перамаўленняў пытанне, як пісаць артыкул пра адзенне, троха высветлена. Гэта павінен быць раздзел кнігі, прысвечаны адзенню ўсходніх славянаў, кажучы больш дакладна, гэта кніга павінна стаць уводзінамі да гістарычна-этнаграфічнага атласа. На беларусаў адводзіцца 1,5 аркушы, прыблізна каля 40 старонак машынапіснага тэксту. Фотаілюсграцый можна даць каля 15, з іх 3-4 каляровых. Для арыентацыі пасылаю Вам план інстытута этнаграфіі, адзначаючы, што ён мае арыенціровачны характар. Можна думаць, што на літаратуру і крыніцы будзе адведзена 10 старонак, іншае на самы тэкст, колькі яго выпадзе на стагоддзе, можна будзе высветліць у часе напісання.
Быў у Гістарычным музеі, гаварыў адносна адзення панцырных баяраў. Там сказалі, што пра гэта яны нават не чулі. Пра тое, што адзенне баяраў знаходзіцца ў музеі, мне, здаецца, казаў М. Я. Грынблат. У яго, пэўна, ёсць звесткі пра выстаўку 1867 г., на якой гэтыя рэчы былі выстаўлены. У ін-це культуры працуе Анатоль Пятровіч Грыцкевіч, які паходзіць з радзівілаўскіх выбранцаў (сялян, якія вартавалі Слуцкі замак). У свой час ён змясціў артыкул пра выбранцаў, дзе пісаў пра адзенне (тэл. 22-60-48). Калі будзеце званіць — спашліцеся на мяне, — што я прашу прабачыць і г. д.
Калісь я надрукаваў замалёўкі кобрынскіх сялян у сярэдзіне XVIII ст. Пасылаю адбітак Вам. У мяне ёсць два фота з малюнкаў, змешчаных у Літоўскай метрыцы, той, якая знаходзіцца ў Варшаве і перапісана лацінкаю, але мясцовасць, адкуль зроблены малюнкі, невядомыя. У т. 1 "Гісторыі БССР" (1972) ёсць малюнкі з альбома Меера, а таксама партрэт магілёўскага войта. Наогул, калі пашукаць, то матэрыял знойдзецца.
Пра адзенне магілёўцаў пачатку XVIII ст. глядзіце у маіх "Очерках" стар. 183—187. Звыш кнігі выдаткаў у гэтай серыі багаты матэрыял знайходзіцца у тастаментах. Тое ж у "Актах Віленскай камісіі". Адзенне арыстакратаў, пэўна, добра паказана ў альбоме Радзівілаў (Архіў БССР).
Інстытут не згодзен з тым, каб я цалкам адышоў ад гэтай працы, таму я прапаную так: я напішу ўступ з аглядам крыніц і літаратуры, а Вы астатняе.
Усё гэта робіцца без аплаты ганарару.
Прашу Вас напісаць мне свае заўвагі на ўсё гэта.
Москва, 125040, Ленинградский пр-т, д. 2, кв. 16.
Улашчык
АЛЯКСАНДРУ ЗІМІНУ
14 января 1978г.
Дорогой Александр Александрович.