Я скончыў "Кнігу пра вёску". Зараз з ёю, як кот з селядцом. Усе дзівяцца — хто ж гэта будзе (які дурань) друкаваць кнігу пра адну вёску? Але калі напісаў, то такі і надрукую.
[...] Ці ведаеце Вы, што ў пачатку лета 1920 г. праз Мінск праехаў Меражкоўскі і змясціў у "Минском курьере" ўрывак са свайго рамана, прысвечанага дзекабрыстам (сцэна бітвы ў Пецярбурзе). У маі 1920 г. у Мінску пачала выходзіць і другая газета на рускай мове — "Утро Белоруссии". 3 беларускіх у той час друкаваўся "Звон", а на польскай — "Кур’ер літэвскі". Пра гэтыя газеты (апрача "Звона"), здаецца, не ведаюць і гісторыкі. Я чытаў і "Звон", і ўрывак з "Дзекабрыстаў".
Улашчык.
ГАЎРЫЛЕ ГАРЭЦКАМУ
14 мая 1977 г.
Дарагі Гаўрыла Іванавіч.
Пасылаю Вам польскія атласы. Шкада, што не цэлы камплект. Гісторыя атласу такая: праф. Глушакоў, спецыялісг па фізічнай геаграфіі Польшчы, памёр, трохі не скончыўшы асноўнай свае працы. Дачка, якая працавала разам са мной, а зараз ужо 8 год жыве ў Рыме, дзе яе муж працуе карэспандэнтам, а часам наязджае сюды, пачала раздаваць бацькаву спадчыну, мне дасталіся польскія кнігі, сярод іх атлас.
Занёс у выдавецтва другі том (лічыцца, 35) летапісаў. Нешта пад восень павінен том выйсці ў свет. Дай мне Божа. Рыхтуючы том да друку, трапіў у бальніцу, што будзе, калі я яго скончу?
3 вялікім спазненнем даведаўся, што Радзіма Гаўрылавіча абралі акадэмікам. Вітаем ад усяго сэрца і яго і Вас. Былі чуткі, што Петрыкаў стаўся чл.-кар. Ён заходзіў нядаўна ў наш інстытут, можа, чакаў прывітанняў, але ніхто пра гэта не ведаў і ніхто нічога не сказаў. Прасіў сястру, каб выслала газету пра выбары, яна штось абяцала, але покуль нічога няма.
Сёння едзем у Звянігарад на месяц. Трэба за лета падужаць, каб было сілы схапіцца з рэдактарам, а пасля з карэктураю.
Прывітанне Ларысе Восіпаўне і Радзіму Гаўрылавічу
НІНЕ ВАТАЦЫ
23 чэрвеня 1977 г.
Дарагая Ніна Барысаўна.
Вялікі дзякуй Вам за кнігу. Я жыву так, што нават не ведаў пра яе выхад у свет. Знаёмства з Багдановічам у мяне даўняе. Яшчэ у 1919 г. я вучыў у школе "Слуцкія ткачыхі" і "Пагоню" (я вучыўся ў адной з беларускіх вышэйшых пачатковых школ, якая знаходзілася на былой Багадзельнай, зараз Камсамольскай вуліцы). Вершы Багдановіча былі змешчаны ў зборніку пад назваю "Дыямэнты бсларускай паэзіі" (можа, і не зусім дакладна называю кнігу, але "Дыямэнты" — дакладна. Склаў зборнік Фарботка. Зараз часта бяру кнігу Багдановіча, чытаю і дзіўлюся — якая сіла, які талент і якая страта для зусім слабай у той час беларускай літаратуры і як добра, што ёсць людзі, якія стараюцца сабраць усё, што датычыць да гэтага такога незвычайнага чалавека.
Калі Адам Юр’евіч прыязджаў у Мінск, я быў на пасяджэнні, дзе ён выступаў. Памятаю, як ён гаварыў, што прывучаў сваіх дзяцей чытаць шэдэўры сусветнай літаратуры, казаў, што не ён зрабіў Максіма паэтам, бо паэты родзяцца, а зрабіць іх нельга. Быў ён апрануты ў старасвецкі (даваенны) сурдут і насіў вусы, і таму нам, зусім маладым вясковым хлопцам, здаваўся нейкім панам з эпохі да Першай сусветнай вайны. Ведама, пра драму ў доме Багдановічаў мы не ведалі нічога. Грамыка перад смерцю сказаў, нібы значна пазней, пэўна, перад Другой вайной (дзе была сустрэча, не памятаю), Багдановіч сказаў, нібы, будучы ў Мінску, ён прадчуваў, што людзі ідуць на Галгофу. Пэўна, гэта пазнейшыя разважанні, перанесеныя на мінулае.
Пасылаю Вам тое, што ў мяне засталося са спадчыны Пічэты. Калісьці гэты матэрыял дала мне Аляксандра Пятроўна з тым, што, можа, я дзе-небудзь надрукую. Зараз няма ніякіх спадзяванняў, што яны будуць у нейкі блізкі час надрукаваны, і таму адсылаю да Вас.
Сярод іншага ў архіве Пічэты знаходзяцца яго ўспаміны пра навучанне ў МГУ. У звязку са стагоддзем са дня нараджэння рыхтуецца да друку зборнік у памяць яго. (Зборнік ужо ў выдавецтве.)
Пасылаю Вам свае "Очерки", хаця і з вялікім спазненнем.
Дзякуй за кнігу Сакольчыка. Яна была вельмі патрэбна для аўтара, якая піша кнігу пра беларускія архівы.
М. Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ РАГОЙШУ
2 ліпеня 1977 г.
Шаноўны Вячаслаў Пятровіч.
Прачытаў Ваш артыкул пра Купалу ("ЛіМ") і надумаўся напісаць. Я не ведаў, што існуе праблема: сустракаліся Купала са Свянціцкім ці не, а каб ведаў, то напісаў бы даўно.
3 1925 па пачатак 1930 г. я працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы, кажучы больш дакладней, быў сакратаром Кніжнай палаты (у той час я быў ва ўсёй Кніжнай палаце адзіным супрацоўнікам, а дырэктарам — дырэктар бібліятэкі Сіманоўскі). Калісь у "ЛіМе" было змешчана фота, на якім мяне адрэкамендавалі як дырэктара Кніжнай палаты, зблытаўшы не толькі мой чын, але і асобу, бо на фота мяне назвалі Рыбачкіным.Гуманітарны адцзел бібліятэкі ў той час знаходзіўся ў тым будынку, у якім пазней быў Дом мастацтваў. На верхнім паверсе, з левага боку ад уваходу, змяшчаўся Беларускі аддзел. Там процівокан стаяў доўгі стол, на якім выкладаліся апопшія кніжныя навіны, і таму туды часта заходзілі навуковыя працаўнікі, часам (рэдка) заходзіў і Купала.