Калі Вы думаеце, што я атрымаў стос тэлеграмаў, то памыляецеся. Ад гісторыкаў прыйшло дзве. Думаю, што адна з іх — патаемная акцыя: чалавек паслаў так, каб не ведалі іншыя. А наогул усё прайшло паціху, бо не было "душы" кожнага юбілею — банкету. 30 снежня завёз Наталлю Маркаўну ў бальніцу, а з Новага года калі і не хварэў, то і здаровы не быў, і таму калі прыйшоў у інстытут, дзе сектар збіраўся адзначыць такую падзею, то быў слабы і прасіў адкласці, але ўжо купілі кветкі, і адкладаць было нельга.
Слабею. Самае горшае з гэтага тое, што не змагу пабываць у тых мясцінах Беларусі, дзе збіраюся пахадзіць ужо колькі гадоў (у свой час лічыў самае лепшае — гэта не ездзіць, а хадзіць пехатою). У 1928 г. меркаваў прайсці пехатою яшчэ з Сінельнікава да Харкава, каб пабачыць, якая ў той час была Украіна, але і гэта не выйшла. Па Беларусі пахадзіў шмат.
Прывітанне ўсёй Вашай сям’і ад Наталлі Маркаўны. Яна ўсё хварэе.
Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
10 красавіка 1976 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Два дні назад здаў машыністцы магілёўскую хроніку. Дзіўлюся — як Вы падрыхтавалі (добрасумленна). Толькі пад канец сустракаюцца пропускі асобных літар, а адзін раз — "Петр Алексеевіч".
3 машыністкамі бяда — іх зараз недастае, нібы гэта домработніцы, а тыя, што бяруць, — не хочуць мець ніякога дачынення да Інстытута, а толькі з заказчыкам. Як бы там ні было, але ўзяла вельмі кваліфікаваная, і ўпэўнены, што зробіць добра. У звязку з гэтым цалкам перарабляю тую частку прадмовы, у якой гаворыцца пра гэту хроніку. Зрабілі заўвагу, што у прадмове няма нічога пра філіграні. Пачаў шукаць (я думаў, што для такога позняга рукапісу гэта можа быць неабавязковым), але праглядзеўшы, убачыў, ппо папера там не менш як 10 гатункаў, прычым некаторыя нідзе не сустракаюцца (а можа, і ёсць, але покуль не дайшоў).
Пачаў падбіраць матэрыялы да будучай манаграфіі пра летапісанне. У Супраслі ў свой час было некалькі "рускіх кронік". Зараз прыпомнілася, што амаль ва ўсіх летапісах пішацца пра "рускую кроніку". Здавалася, што гэта павінен быць Гіпацкі летапіс, але, можа, і не так. Трэба па магчымасці перабраць усе матэрыялы, якія адносяцца да Супрасля, без вялікай надзеі на што-небудзь станоўчае. Быў жа яшчэ Слуцкі летапіс, урывак з якога змешчаны ў АСД, т. 1. Наогул, дзе нашы багацці!
Пасылаю Вам кнігу, у якой змешчаны артыкул Бутанава. Артыкул зданы ў той час, калі том ужо быў амаль у друкарні. У № 3 "Pergale" — рэц. на т. 32 ПСРЛ. У № 3 "Истории СССР" будзе кароткі артыкул Літвака (усё пра юбіляра). Інстытут гісторыі (мінскі) на гэту падзею не адгукнуўся ніяк. Праўду сказаць, іншага і не чакаў, не чакаў і таго, што ёсць.
Праз "ЛіМ" даведаўся пра смерць Дубоўкі. Урна яго павінна знаходзіцца каля магілы Купалы. Купала лічыў яго большым паэтаю за сябе.
Прывітанне Марыне Усевалодаўне, Вераніцы і Максіму.
Улашчык.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
17 красавіка 1976 г.
Дарагі Ніл Сямёнавіч.
[...] праз "ЛіМ" даведаўся пра смерць Дубоўкі. Даведаўся і пра тое, што яму на паніхіду знайшлося месца ў Доме пісьменніка. Ці знойдзецца месца для яго урны ў Мінску?
Між іншым, Купала ставіў яго вышэй за сябе ("Я Дзяржавін, а ты Пушкін"). Так казаў мне чалавек, які меў блізкае дачыненне да абодвух.
Выпадкам прачытаў, што на з’ездзе "Маладняка" кіраваў справамі Чарот. Я прасядзеў, здаецца, на ўсіх паседжаннях з’езду і нібыта памятаю, як там што рабілася. Фактычна рэй веў Дубоўка, у Чарота на гэта не ставала ні культуры, ні (пэўна) літаратурнага таленту. Вострыя спрэчкі сталіся паміж Валайцісам (РАПП), Дубоўкам і Піліпенкам (Харкаў, "Плуг"). Да гэтага часу памятаю: "Вы, Валяйтыс, дурака не валяйтэ" (Піліпенка). На фота з’езду ёсць абодва.
Ці бачылі Вы стэнаграфічную справаздачу з’езду — у сіняй папяровай вокладцы і з такою колькасцю памылак, што стала б на стос кніг.
Чарот у 20-я гады (асабліва да 1927-1929) быў надзвычайна папулярны, і тое, што пісалася ("Не ганюся за Чаротам, я й Купалу не раўня"), верна адбівае настроі свайго часу. Але ўжо пад канец гэтых гадоў яго папулярнасць пачала знікаць.
Надыходзіць Вялікдзень. У апошнія гады перад Вялікаднем заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады. Сёння думаў, як капітальна была прадумана некалі ўся велікодная цырымонія: вялікі пост, вербніца, чысты чацвер і 12 евангелляў, плашчаніца і ўрэшце сам Вялікдзень. Падрыхтоўка ішла здалёк, дзеці пра свята пачыналі гаварыць за месяц ці яшчэ раней. Адно з самых моцных уражанняў ад свята было — валачобнікі. Як толькі цямнела, то ўжо недзе было чуваць, што спяваюць. Вось брэшуць сабакі ў суседа, а вось у нас пад вакном гучыць:
Добры вечар, пане гаспадару,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Сабраліся хлопцы, слаўныя малойцы,
Вясна-красна на ўвесь свет...
I ў канцы:
Парася з хвастом
Валачы на стол,
Сыр — на талерку,
Пляшку гарэлкі.
Калі хлопцы падрасталі, то ім жадалі, "каб яны вялікія раслі і дзяўчат за цыцкі траслі". Прыгожае было свята, нават калі ведаеш, што гэта рабілася, каб чмуціць людзей.