Зазвычай, усе працы пра Беларусь, якія ідуць у друк, аддаюць на рэцэнзію мне, але ў апошні час мне моцна напсаваў Капыскі (з Мінска), працы якога я рэкамендаваў. Калі Вы згодзіцеся (ці маеце магчымасць) прачытаць даклад у Чарапніна, то я з ім буду гаварыць пра гэта. Але заўтра (12.ІІІ) еду ў санаторий да 4.IV, і калі Вы выкажаце згоду, то я змагу пагаварыць з Чарапніным 8.IV.
Сланеўскага ніколі не бачыў. Ён прыслаў свой артыкул яшчэ сам. Я рэкамендаваў яго ў друк так даўно, што аж забыўся, але ўрэшце той самы Рахматулін паведаміў, што артыкул ідзе ў друк, а тут і ўдава Сланеўскага напісала. Можа, і з Вашым будзе тое самае, гэта значыцца, павінен будзе паляжаць у рэдакцыі немалы час, але ўрэшце выйдзе.
Выйшаў з друку том 32 "Полного собрания русских летописей", але ўсё не даходзіць да магазіна. Як дойдзе — вышлю Вам. На Мінск спадзявацца цяжка. Там прастор Абэцадарскаму.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
13 ліпеня 1975 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Я прыехау з Чарновіц на дзень раней, чым думаў, калі Вы былі ў Маскве. Але, не ведаючы адрасу, не мог нічога зрабіць, каб пабачыцца.
Мяне вельмі непакоіць магілёўская хроніка. Ці выпісалі Вы яе ў Мінск, а калі выпісалі, то што зроблена? Праўду сказаць, я не надта веру, што рукапіс у Вас, бо ўжо чатыры месяцы як не магу атрымаць рукапісаў з Бібліятэкі Акадэміі навук з Ленінграда. Пэўна ж, і ў Вас не лепш. Зараз усе тыя летапісы, што меў тут, перадрукаваны (тры давядзецца перадрукаваць яшчэ раз, з іх адзін у машыністкі), няма тут Нікіфароўскага, Археалагічнага тав-ва і Акадэмічнага, якія ніяк не здужаюць выслаць. Палеаграфічныя апісанні тых, што тут, зроблены, ва ўсякім разе, усе і ў кастрычніку павінны быць гатовы для абмеркавання. Напішэце мне, што з Вашаю хронікаю.
Чакаючы летапісаў, я працаваў над гісторыяй вёскі, і зараз яна ў нейкай ступені гатова, але толькі ў нейкай ступені, бо там шмат этнаграфічнага матэрыялу, і я ведаю, што этнографы будуць мець розныя прэтэнзіі. Такім чынам, можна сказаць, што ў мяне гатовы першапачатковы варыянт. Да кнігі трэба будзе прыкласці некалькі фота (захаваўся дом, у якім жыў аконам Радзівілаў, засталіся явары з буславым гняздом, які рос за паншчынаю і г. д.). Некалькі хатаў, гумно (калі яно яшчэ засталося) трэба абмераць. Прымаючы ўсё гэта пад увагу, мне трэба будзе ў жніўні паехаць у вёску. У мяне есць фотаапарат, але зрабіць такія здымкі, каб яны падышлі для друкарні, я не ўмею, і таму ўзнікае пытанне — каго мне прасіць паехаць разам, каб сфатаграфаваць належныя аб’екты. Перш я хацеў ускласці ўсё гэта на сястру, але яна ў апошні час адчувае сябе так, што гэты варыянт адпадае. Таму прашу Вас пагававарыць з Лісам ці з якім-небудзь другім этнографам, як гэта зрабіць. Вёска ў адлегласці 20 км ад Мінска, і, каб паскорыць, можна будзе ўзяць таксі. Наогул справа гэта нядоўгая, але як арганізаваць?
Шукаю месца, дзе б можна было адпачыць з сярэдзіны жнівеня месяц ці паўтара. Пры стане здароўя Наталлі Маркаўны трэба, каб было дзе памыцца гарачаю вадою (ванна), і каб быў недалёка доктар, і каб кармілі і інш. Хачу запытацца ў Пушчы і чакаю адказу з Мінска, хто ў Пушчы зараз начальнік. Калі, можа, ведаеце штось падобнае, каб перабыць восень — паведамце.
3 Варшаўскага ўніверсітэта паведамляюць, што т. 32 скарыстоўваецца на занятках па гісторыі беларускай мовы. Вельмі шкадуюць, што ў іх толькі адзін экзэмпляр. Днямі аддаў том на выстаўку ў Сан-Францыска.
Ужо мінула Пятра, а я выязджаў за горад толькі ў Чарновіцах.
Прывітанні ўсім Вашым.
Улашчык.
ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ
24 снежня 1975 г.
Дарагі Валянцін Пятровіч.
Вітаю Вас з Новым годам і жадаю ўсяго найлепшага. У Вашым узросце можна жадаць усяго, і гэта не мае выгляду смешнага.
Пытаецеся, што было ў Мінску. Сімпозіум прайшоў добра, ва ўсякім разе, добра ў той секцыі, дзе быў я. Ведама, што не ўсе даклады добрыя, але калі рэспубліка ставіць за адзін раз нешта каля 50 дакладаў (частка з іх, і немалая — гаспадарчыя, сённяшнія), то гэта ўжо нешта такое, чаго гадоў дзесяць раней не магло быць. Казалі нават, што будуць друкаваць на ратапрынце, але гэта вельмі няпэўна. Затое ў канцы сказалі што тыя 4 тамы інвентароў, якія ляжаць падрыхтаваныя ўжо гадоў 15 (ёсць інвентары, якія складаліся ў адным і тым самым маёнтку на працягу 200 гадоў, інакш кажучы, вельмі высокай вартасці) засыпалі.
Праўда, інстытут таксама, як кажуць, прыняў меры, каб зрабіць гэта выданне як мага больш цяжкім — ён даў пераклад усіх інвентароў, пісаных па-польску (а яны ўсе пісаны па-польску) на рускую мову, зважаючы на тое, што ў арыгінале прачытаць такія рэчы вучоныя не адужаюць. Каб не такое мудрагельства, то заміж 4 тамоў было б два.