Читаем Лісты полностью

Францыск Сяліцкі прыслаў мне з Вроцлава адбітак свае рэцэнзіі на Вашага "Зубра...". Я не ведаю, маеце Вы з ім кантакт ці не, інакш кажучы — прыслаў ён таксама адбітак і Вам? Калі не, то я перашлю свой экз. Сяліцкі сам з Віленшчыны, пісаў раз мне па-беларуску, але спатыкацца з ім не давялося. Піша шмат рэцэнзій на беларускія выданні ў вельмі добразычлівым тоне. Пішу гэта на ўсякі выпадак, бо, можа, усё гэта Вам вядома.

Са спазненнем вітаю Вас з мінулым святам. 3 яшчэ большым спазненнем дзякую Вам за кнігу, якую Вы ласкава перадалі. Са шчырай удзячнасцю чытаю Вашы пераклады і радуюся, гледзячы, якую Вы робіце вялізарную справу. Замежныя мовы ў нас ведаюць мала хто, а ў Вас гэта веданне спалучаецца з паэтычным талентам.

Можа, для Вас будзе цікава ведаць, што калі ў свой час з’явіліся пераклады "Песні пра Гаявату" Мардвілкі, то адна высокакультурная дама параўноўвала той пераклад з тэкстам Буніна і з арыгіналам і вельмі дзівілася, калі ўпэўнілася, што пераклад зроблены з англійскай мовы. Яна проста казала, што беларуса, які б ведаў англійскую мову, і тым больш здольнага перакласці "Песню...", не можа быць, але тут нейкая анамалія.

3 пашанаю да Вашай дзейнасці — М. Улашчык.

Москва, Ленинградский проспект, д. 2, кв. 16.

МІХАІЛУ ТКАЧОВУ

1 жніўня 1974 г.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Учора пайшоў у бібліятэку і там адразу прачытаў тры рэцэнзіі на сваю кнігу (апрача Вашай яшчэ ў "Истории СССР" і "Славянскім аглядзе", Прага). Думаю, што Вашая ня толькі вызначаецца добразычлівасцю, але і найбольш змястоўная. Археографы ("История СССР" і "Советские архивы") далі разбор з пункту погляду археаграфіі, а Вы ўзнялі значна большыя пытанні. Тая акалічнасць, што ў навуковай працы ўсялякую крыніцу, на якую спасылаешся, трэба прааналізаваць — наколькі яна верагодная, клапоціць усіх, але для Беларусі гэта можа важней, чым дзе-небудзь, бо там спасылаюцца на што трапіць пад руку.

Том летапісаў, які павінны былі набраць у маі, ляжаў-ляжаў у Ленінградзе, і заміж карэктуры атрымаў звестку, што рукапіс вярнуўся назад у Маскву, бо набор надта складаны. Што будзе далей, ня ведаю, але варта трохі і адпачыць, бо я са сваімі хворымі замарыўся. Думаў, што ў жніўні буду ў Мінску, але гэта зусім ня выпадае.

"Нёман" прадаецца тут скрозь, і я адразу набыў сабе нумар, а вось "Историю СССР" колькі ні пытаю — не магу знайсці.

Прывітанне ўсім, а Вам вялікі дзякуй.

ГАЎРЫЛУ ГАРЭЦКАМУ

26 кастрычніка 1974 г.

Дарагія Ларыса Восіпаўна і Гаўрыла Іванавіч.

Дзякуй Вам за часопіс. Чытаў паволі. Які цікавы і харошы быў Ваш пляменнік і з якога моцнага кораню. Колькі ў нас страчана за апошнія дзесяцігодцзі.

У мяне прайшоў карэктуру том 32 Поўнага збору рускіх летапісаў. Работа гэта такая, што зараз дактары загадалі зрабіць перапынак, бо я аж "падбіўся" на гэтай дзейнасці. Покуль няма другой карэктуры, то і сапраўды можна перадыхнуць. Улетку рыхтаваў да друку другую частку. Калі яна выйдзе, то ўсе беларускія летапісы (за выключэннем хронікі Трубніцкага) будуць перавыдадзены. Справа гэта такая, што машыністкі, хаця ім і плацяць удвая, клянуць мяне або проста адмаўляюцца ці (самы горшы варыянт) выдаюць брак.

Наталля Маркаўна троха адужала, але адна выходзіць з дому мала. Яна перадае Вам сваё прывітанне.

МІХАІЛУ ТКАЧОВУ

17 лістапада 1974 г.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Скора скончыцца яшчэ адзін год, у нас нават ужо забралі матэрыялы да справаздачы, а галоўная мая праца — друкаванне 32 тома Поўнага збору летапісаў — яшчэ ня скончана. 4.ІХ прыслалі першыя аркушы карэктуры, 14.Х здаў апошні аркуш, а да гэтага часу пра другую нават ня чуваць. Адно зусім ясна — што ў гэтым годзе том ня выйдзе. Вельмі складана з паказальнікамі, бо князі і розныя "дыгнітары" вельмі пераблытаныя. Але як бы там ні было, том ідзе.

Прафесар Жытковіч, колішні віленскі, а зараз тарунскі, надрукаваў у "Квартальніку" (№ 2) артыкул пра мае "Очерки". Ён націскае на два пункты: кніга ня чыста акадэмічная, у кнізе не падкрэслена роля палякаў, у дадатак паказаў на колькасць памылак. Я чакаў вострага артыкулу ад Ахманскага, але яго ўсё няма (пэўна будзе ў чарговым нумары "Студый"), а пра Жытковіча ня думаў. Наогул, гэта ўжо дзевятая рэцэнзія, на што я ніколі не спадзяваўся.

Думаю, што калі том выйдзе з друку, прыеду да Мінска. З наступным томам ідзе кепска. Да гэтага часу не магу атрымаць з Ленінграду Супрасльскага летапісу. Адтуль прыслалі рукапіс мне непатрэбны, а замяніць патрэбным ніяк не збяруцца. Тыя, што падрыхтаваў машыністцы, яна перадрукавала так, што толькі сапсавала добрую паперу, а ў выдавецтва здаваць яе нельга. Наогул, справа з машыністкамі робіцца ледзьве ня самаю складанаю: ніхто маіх тэкстаў ня хоча друкаваць, хоць ім за гэта плоцяць вельмі добра.

Чуў, што цяжка хварэў Ліс. У якім стане ён зараз? У "Истории СССР" выйшаў мой артыкульчык пра "Помнікі", і па рэакцыі з Мінску адчуваю, што там гэта вельмі не спадабалася.

Прывітанне ўсім знаёмым.

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

9 студзеня 1975 г.

Дарагі Ніл Сямёнавіч.

Перейти на страницу:

Похожие книги