Вялікае дзякуй Вам за "Песні". Парадаваўся, гледзячы ці чытаючы не толькі самыя песні, але і на такое эстэтычнае выданне. Кніга скрозь зрабіла б добрае ўражанне, а ў Мінску, дзе так мала выдаюць прыгожых кніг, асабліва прыемна.
Пачаў чытаць калядныя песні і на мяне дыхнула дзіцячымі гадамі, калі пад Коляды малымі сядзелі на чыста вымытай падлозе, пасыпанай жоўтым пяском, і чакалі, што маці будзе ставіць на стол розныя смачныя рэчы, а можа, і так дасць троха сушаных груш.
1975 год пачаўся з нейкага шалёнага грыпу, ад якога ледве адляжаўся. Пачаў хадзіць два дні назад, але да гэтага часу ўсё хістае.
Надта зацягнуўся выхад тому летапісаў. Ужо пайшлі чыстыя аркушы, а карэктуры паказнікаў усё няма. Першыя дні гэтага года быў нават рады, бо чытаць не мог, а зараз сяджу і непакоюся, бо па планах гэты том (32-гі) павінен быў выйсці яшчэ ў 1973 г. У гэтым годзе павінен здаць у выдавецтва (ці хаця б правесці праз вучоны савет) другі том. У такім разе ўсе беларускія летапісы будуць сабраны ў адным месцы. Не будзе ставаць толькі магілёўскай хронікі, пісанай па-польску.
Тут мне надта накруціў магілёвец, каб яму горка ікалася. Магілёўская хроніка не надта падыходзіла пад гэту серыю, але там была магчымасць усунуць і яе. Калі і дзе і хто яе зараз надрукуе ў поўным памеры — справа вельмі цьмяная.
АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
20 студзеня 1975 г.
Дарагі Адам Восіпавіч.
Дзякуй Вам за кнігу. Чытаў яе патроху, а прачытаўшы, хацеў адразу напісаць, але год пачаўся няўдала: самага першага пачаўся грып у нейкай паршывай форме, а калі прайшоў адзін — пачаўся другі, і выйшла так, што я толькі сёння адчуў, што магу пісаць.
Пра кнігу магу сказаць, што тыраж яе занадта малы, бо прачытаць, уразумець, што там напісана, і затым узяцца за пошукі павінны тысячы. Нешта ў 1926 ці 1927 гг. у Дзяржаўную б-ку хлопец з Камароўкі прыносіў прадаваць Стрыйкоўскага 1582 г. выдання і кнігу Тышкевіча пра Барысаўскі павет. Сіманоўскі аднак прапанаваў такую цану, што той абразіўся, "Описание" падараваў мне, а са Стрыйкоўскім пайшоў дахаты. У той час па ўскраінах Мінска, асабліва сярод каталіцкага насельніцтва, было шмат чаго з польскіх выданняў і, пэўна, было шмат і старадрукаў, але збіраць не было каму. Было даволі ўсякага і па шляхецкіх засценках, можа, не было засценка, дзе не было б розных прывілеяў, уключаючы пергамінавыя. Усе гэта загінула, найбольш у 30-я гады. Хаця я сам вызначыўся як гісторык з 14—15 гадоў, але ў нашым доме былі прывілеі, якіх я так і не ўбачыў, і захаваўся толькі прыгавор Палаты Мінскага грамадзянскага суда, згодна з якім мой прадзед атрымаў вольнасць. Пасля размовы з пакойнай сястрой Нінай выявілася, што ў нас была старасвецкая уніяцкая ікона (дзеда па матцы пры пераводзе ў праваслаўе доўга білі, але, стаўшы праваслаўным, ён захаваў уніяцкую ікону ці некалькі іх). У нашай хаце ікона прабыла нешта да 1924 г., калі яе пашчапалі на трэскі і спалілі.
Неяк давялося пісаць (у артыкуле пра "Помнікі гісторыі"), што на Беларусі сотні гадоў існавалі сотні цэхаў, але ад іх дзейнасці амаль нічога не засталося. Але нават нягледзячы на такія трагічныя страты, з Вашай кнігі належыць, што хоць штосьці яшчэ засталося, і наша мінулае не выглядае такім пустым, ях гэта здавалася яшчэ якіх 20-30 гадоў назад.
Не ведаю, як гэта робіцца фармальна, але за гэту кнігу Вам належала даць заслужанага дзеяча культуры, бо мала што з апошніх выданняў выклікае на [с]толькі думак, як Ваша кніга.
У мяне прайшлі першую карэктуру паказнікі да т. 32 Поўнага збору рускіх летапісаў. Пэўна ў сакавіку выйдзе з друку, і тады думаю прыехаць у Мінск. Рыхтую да друку другі том летапісаў, і калі ён выйдзе, то ўсе беларускія летапісы, за выключэннем Хронікі Трубніцкага, будуць сабраны ў адным месцы.
Вітаю Вас з Новым годам і з харошай кнігай.
На жаль, дастаць кнігу Дробава не ўдалося. Прасіў сястру, прасіў людзей, але яна разышлася занадта скора.
ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ
11 сакавіка 1975г.
Дарагі Валянцін Пятровіч.
Калісь я пражыў больш за два гады ў адным пакоі з сібіраведам Барысам Долгіх, які шмат расказваў мне пра ўдзел у дзейнасці енісейскіх казакоў беларускай шляхты ці мяшчан, узятых у палон у сярэдзіне XVII ст. 3 яго слоў належала, што большасць дзясятнікаў і сотнікаў і наогул начальства ў гэтым войску былі па паходжанні з Беларусі. Ці былі гэта літоўцы? Калі хто і быў, то як выключэнне, бо забіралі найбольш з усходняй Беларусі, перш за ўсё з тых раёнаў, якія і ў той час зваліся Беларуссю — Падняпроўя і Падзвіння. Між іншым, маскоўскія мяшчанскія слобады заснаваны палоннымі са Шклова, Оршы, Віцебска і др.
Як зрабіць, каб надрукаваць у "Истории СССР"? Мне здаецца, найбольш пэўна было б, каб Вы зрабілі даклад пра свае доследы ў нашым інстытуце — у сектары феадалізму. Кіраўнік сектара Чарапнін з ахвотаю прымае (ці прымаў да гэтага часу) даклады з другіх устаноў, у тым жа сектары працуе загадчык адцзела феадалізму ў рэдакцыі "Истории СССР" — Марган Рахматулін.