Дарагі Ніл Сямёнавіч.
Памерла ўдава Пічэты, і яго кватэра цалкам ліквідуецца. Кіруе гэтым дачка Пічэты — Ксеня Уладзіміраўна. Я ў свой час длубаўся ў архіве акадэміка, адбіраў артыкулы для друку, але неяк сталася так, што шмат пра якія неапублікаваныя рукапісы не ведаў. Зараз, калі яны скампанаваныя ў адным месцы, рукапісы выглядаюць вельмі салідна. Сярод іх ёсць перадрукаваныя на машынцы, а ёсць і пісаныя ад рукі. Почырк у Пічэты быў страшны, і прачытаць яго пісаніну цяжка. Сярод перадрукаваных — вялікі артыкул пра Гродзеншчыну ў першай палове XVI ст. Вялікая колькасць напісана па-беларуску.
Пічэта гаварыў па-беларуску камічна ("Беларускі дзяржаўны-государственный універсіцет" і г. д.), але пісаў зусім добра. Усё гэта ідзе ў архіў Ахадэміі навук СССР.
Сярод іншага мне аддалі зборнік вершаў Чарота. Я ніколі не лічыў Чарота выдатным паэтам, і для мяне яго кніга не мае вялікай каштоўнасці. Перасылаю яе Вам, спадзеючыся, што для Вас яна будзе цікаваю, хаця б як помнік культуры.
Зараз пасылаю Вам і тую дробязь, якую часам пішу (пачаў пісаць фантастычную хроніку Магілёва, але кінуў гэта даўно). Аснову "нарыса" складае панегірык, які быў зачытаны на банкеце пасля абароны доктарскай Наталляй Маркаўнаю. Яна шле Вам і ўсёй Вашай сям’і сваё прывітанне, а сама ўсё хварэе і марыць пра паездку ў Мінск. 3 Новым Вас годам.
У РЭДАКЦЫЮ ЧАСОПІСА "ИСТОРИЯ СССР"
25 студзеня 1974 г.
У 1 нумары "Истории СССР" за 1968 г. быў змешчаны мой артыкул пра пісьменнасць у дарэвалюцыйнай Беларусі. У гэтым артыкуле я сцвярджаю, што працэнт пісьменных у Беларусі быў значна вышэйшы, чым той, які звычайна падаецца, памылка ж паходзіць ад таго, што, амаль як правіла, гаворачы пра пісьменнасць перад рэвалюцыяй, бяруць дадзеныя за 1897 г. (першага усерасійскага перапісу). Ня кажучы пра тое, што з 1897 па 1917 г. колькасць (і працэнт) пісьменных значна ўзрасла, сам працэнт па перапісу вызначаецца цалкам недакладна, таму што падлік праводзіцца сыходзячы з агульнага ліку жыхароў, г.зн. уключаюцца немаўляты. Але паколькі прыкладна да 9 год пісьменных не можа быць (прынамсі ў колькі-небудзь значнай колькасці), дык і працэнт пісьменных атрымліваецца ніжэйшы за рэальны. Сыходзячы з дадзеных перапісу 1897 г., працэнт пісьменных у Беларусі паказваецца ў межах 23-25, некаторыя ж аўтары, імкнучыся паказаць адсталасць гэтай краіны, сцвярджаюць, што пісьменных было яшчэ меней (часцей усяго 18-20 %, а час ад часу і 5 %).
Паводле маіх падлікаў, пісменных у Беларусі да 1915 г. (разумеючы пісменнасць у самым шырокім сэнсе, г.зн. як уменне прачытаць які-небудзь тэкст) было каля 40 %.
Па незалежных ад мяне абставінах гэтая выніковая лічба ўжо пасля падпісання артыкула ў друк знікла з тэксту, у выніку чаго праца страціла сэнс, паколькі задачай аўтара было даць менавіта агульны працэнт пісьменных.
Таму прашу надрукаваць у Вашым часопісе гэты ліст, г.зн. даць інфармацыю, што перад першай сусветнай вайной па маіх падліках у Беларусі пісьменных было каля 40 % ад ліку тых, хто мог навучыцца чытаць, г. зн. пачынаючы з 9 год.
М.Улашчык
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
25 красавіка 1974 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Найперш вітаю Вас з усёю Вашаю сям’ёю з блізкім святам (можа, гэты ліст трапіць да першага мая). Па-другое, паведамляю, што прыблізна ў сярэдзіне мая будзе карэктура летапісаў. Прыехаўшы з Польшчы, я падвёў варыянты па Кракаўскаму экземпляру і, здаецца, перагледзеў увесь том яшчэ раз, але перад тым, як адправіць у друкарню, давялося яшчэ дарабляць, а дарабляючы, убачыў непагоджанні. Пэўна, будзе так і далей, тым больш, што фактычна ў выдавецтве рэдактар не чытаў тэксту, паколькі там няма спецыялістаў, якія разумелі б увесь тэкст.
Зараз з усяе сілы спяшаюся з падрыхтоўкаю другога тома. Альшэўскі, Пазнанскі, Красінскага і Румянцаўскі [летапісы] ляжаць у машыністак. Нягледзячы на абяцанне, што буду даплачваць звыш нормы, якую плаціць Інстытут, машыністкі паціху клянуць мяне, а друкаванне ідзе так павольна, што невядома, калі і скончыцца. Я зрабіу з т. XVII ксеракс, гэты тэкст правіў, але правіў так многа, што часамі сапраўды прачытаць цяжка. Зараз пачаў працу ў ЦДАСА.
Усе летапісы знаходзяцца на месцы, г. зн. іх лёгка знаходзіш па вопісах, але "Ориго регис" шукаў доўга па Пташыцкаму і покуль што не знайшоў. Паколькі даю палеаграфічныя заўвагі па ўсіх летапісах (апрача тых, што загінулі), то трэба даць і на "Ориго...". Таму калі ў Вас ёсць дадзеныя, у якім месцы знаходзіцца гэты летапіс, то прашу паведаміць.Самыя цяжкія да падрыхтоўкі будуць Еўрэінаўскі і Супрасльскі летапісы. У першым столькі памылак і недарэчнасцяў, што нават не ведаю — даваць на кожную памылку заўвагі ці адзначаць толькі галоўныя. Калі давядзецца выдаць і гэты (другі) том, то на гэтым мая дзейнасць над летапісамі будзе скончана.
14 сакавіка 1974 г. Харашкевіч абараніла сваю працу пра Полацкія граматы. У даследчай частцы ў мяне з ёю шмат непагоджанняў (у пачатку XVI ст. яшчэ не было трохпалёўкі і г. д.).
Улашчык.
ЯЗЭПУ СЕМЯЖОНУ
3 мая 1974 г.
Дарагі Язэп Ігнатавіч.