I ўрэшце пераехаў у новую кватэру. Здаецца, тое ж здарылася і ў Вас. Новая кватэра значна большая, чым ранейшая, але ў ёй ёсць значны дэфект (не кажучы пра тое, што ранейшая стаяла сярод паркаў, а новая — каля вакзала, дзе тоўпіцца процьма народу, уключаючы цыганак), бо ў ранейшай была вялікая гара, а тут малая. У свой час, канчаючы якую-небудзь працу, я адкладаў на гару ўсе адпрацаваныя матэрыялы, такім чынам там з часам утварыўся нібы склад ці архіў. Пераязджаючы на новую кватэру і выцягваючы пакунак за пакункам, я жахнуўся: нават для новай кватэры іх занадта шмат. Зараз узнікла пытанне: што з імі рабіць. Самому, пэўна, яны больш патрэбны не будуць, а выкідаць шкада, тым больш, што сярод іх ёсць рукапісы, якія не друкаваліся і друкавацца не будуць.
Калі чалавек памрэ, то яго зборы ахвотна бяруць бібліятэкі, але паколькі я яшчэ жывы, то не ведаю, куды б іх здаць. Буду вельмі ўдзячны Вам, калі спытаеце — ці не возьме якая з бібліятэк у Мінску? Калі жыў Сіманоўскі, то ў мяне былі добрыя кантакты з Дзяржаўнаю, але зараз гэтага няма, і мне ўсё роўна, куды здаць, абы не здаваць у макулатуру.
Дзякуй Вам за кнігу. Калі пачнецца выхад серыйных тамоў і ці не будзе на іх падпіскі? У той цеснаце, у якой жыў раней, сам часта не мог знайсці патрэбную кнігу. Зараз, раскладаючы па паліцах, прабую зрабіць нейкі парадак.
Калі быў у Мінску, Ткачоў казаў, што збіраецца ў Маскву, і хацеў зайсці да мяне. Перадайце яму ад мяне запрашэнне і адрас. Яшчэ раз вітаю Вас з Новым годам, гэты раз па часе.
ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ
22 кастрычніка 1971 г.
Дарагі Генадзь Аляксандравіч.
Атрымаў і прачытаў Вашу кнігу пра Маладзечна. Вітаю Вас з яе выхадам, бо ведама, што надрукаваць часам бывае не менш цяжка, чым напісаць. Чытаючы, адчуваеш, што аўтар добра ведае свой матэрыял, адчуваеш і другое — пісаць ёсць пра што, а яшчэ адчуваеш — памер кніжкі малаваты.
Ёсць у мяне і дробныя заўвагі. Раней вагоны былі не 3-х класаў, а чатырох, і ў чацвёртым класе — самым танным — паліцы раскладаліся суцэльным палком на ўвесь вагон. Ёсць троха заўваг пра мову. Гэта ўсё дробязі, а наогул вітаю Вас з вялікаю падзеяй у жыцці.
Скора павінен выйсці том першы "Гісторыі Беларусі", дзе я лічуся адным з рэдактароў. Пераклад на беларускую мову рабілі машыністкі. На першыя раздзелы рабіў свае заўвагі, на якія, пэўна, ніхто не звярнуў увагі. Мова там цяжкая.
Ці маеце літоўскае выданне — "Літоўскія замкі"? Кніга выдадзена артыстычна. Там ёсць малюнкі Навагрудскага, Лідскага і Крэўскага замкаў. Літоўцы прапанавалі беларускаму ўраду адрамантаваць Крэўскі замак, зважаючы на тое, што там адбываліся вялікія падзеі, звязаныя з гісторыяй Літвы.
Мой знаёмы Каралюк прасіў мяне дастаць яму адзін ці некалькі рушнікоў з вышыўкамі. У яго зараз надта цікавая калекцыя абразоў і розных вырабаў з вёсак. Ён надумаўся напісаць артыкул пра вышыўкі на ўціральніках з розных раёнаў і пытаў — ці не магу я дзе дастаць з Беларусі, абавязкова пашпартызаваных. Калі што наткнецца — паведамце. Людзі ў нас багатыя і плоцяць за рэчы столькі, колькі скажа гаспадыня.
Мой новы адрас: Москва, А-40, 125040, Ленинградский проспект, д. 2, кв. 16, тэл.: 251-75-84.
АЛЕГУ ЛОЙКУ
18 снежня 1971 г.
Алег Антонавіч.
Прачытаў Ваш артыкул пра Багдановіча ў "Полымі", успомніў мінулае і захацелася троха пагаварыць пра гэтага паэту.
3 самага пачатку ён так перавышаў узроўнем свае культуры і інтэлекту сярэдняга беларускага чытача, што было б дзіва, каб уразумелі, што такое Багдановіч. Я трапіў у беларускую школу ў 1919 г., і там мы дзецьмі завучылі "Пагоню" і "Слуцкіх ткачых". Настаўнік, здаецца, нават нічога не казаў пра аўтара. Пасля я быў на паседжанні, на якім выступаў бацька Максіма, але ўважліва пачаў чытаць яго вершы (падкрэсліваю, што вершы, бо іншае значна слабейшае) толькі зараз, набыўшы "Маладзік" і двухтомнік.
Пішу Вам усё гэта, каб звярнуць увагу на яшчэ адзін бок творчасці Багдановіча — на яго зацікаўленасць мінулым. Для гэтага я бяру толькі адзін верш: "Агата". Такога пранікнення ў мінулае, уключаючы паэмы Купалы, у беларускай літаратуры няма. Мне здаецца, што верш гэты з’явіўся ў выніку знаёмства Багдановіча з тымі працэсамі пра ведзьмакоў, якія друкаваліся ў "Археографическом сборнике документов". Наогул, гэта вельмі цікавыя дакументы, і вельмі шкада, што рэдактары, выдаючы гэтыя тамы, не здагадаліся сабраць усе "вядзьмацкія" матэрыялы ў адным месцы. Відаць, гэта было вынікам таго, што, рыхтуючы да друку гэтыя тамы, усе надта спяшаліся, бо Карнілаў (папячыцель акругі) быў упэўнены, што калі выйдзе з друку тамоў дзесяць дакументаў, у якіх гаворыцца пра праваслаўныя цэрквы на Беларусі, то ўсім будзе зусім ясна, што гэта край праваслаўна-рускі.
Вітаю Вас з надыходзячым Новым годам. Атрымаў загад ехаць чытаць лекцыі ў Мінскі педінстытут, але гэта покуль не пагоджана з Мінскам.
Улашчык.
АЛЯКСАНДРУ КУЗЬМІНУ
10 красавіка 1972 г.
Шаноўны Аляксандр Трафімавіч.