Жучкевіч да гэтага часу (прынамсі, было так нядаўна) ходзіць у рэдакцыю, маючы намер абвергнуць мяне, даказаць, што я ў тапаніміцы нічога не разумею. Але і мая рэцэнзія не надта пайшла на карысць. Усе дэфекты навучання ў нашых інстытутах ці ўніверсітэтах так і лезуць з яго новай кнігі. Ён такі ж нават і не прабаваў праглядзець паказнікі розных археаграфічных выданняў, натуральнае чалавечае прозвішча ў яго Іваноў, і таму, напрыклад, назву Петрыкаў ён выводзіць ад прозвішча Петрыкаў (гэта зусім упэўнена). А не ведае, што Петрыкаў у не надта нават старых крыніцах зваўся Петрыкавічы і г. д. Да яго не дайшло, што тапаніміст павінен быць моваведам з шырокім кругаглядам, інакш заўсёды будзе не майстрам, але партачом. Пра гэту кнігу пісаць нічога не буду, каб не мела выгляду людаедства, але наогул каму-небудзь варта было б адзначыць.
Пра Вашу тэму, пра педагогіку і грамадскія падзеі. Я скончыў кнігу пад назваю "Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўстве гісторыі Беларусі феадальнага часу", і мне, кажучы пра дзейнасць Віленскай камісіі, давялося крануць тых, хто ўзначальваў камісію, якія вымаганні былі адносна гэтай установы, часткова крануць публіцыстыку.
Думаю, што і Вам, кажучы пра семінарыі, проста неабходна будзе звярнуцца да тых асоб, якія ўзначальвалі на Беларусі палітыку, у першую чаргу Мураўёва з усімі яго дакументамі (вялікая колькасць яго "Запісак" знаходзіцца ў Цэнтральным архіве ў Ленінградзе, у фондзе Заходніх камітэтаў), затым Карнілава, які ўзначальваў школьную палітыку і надрукаваў некалькі кніг, у тым ліку і пра Мураўёва. Варта будзе крануць Мілавідава, што многа пісаў і пра асвету на Беларусі. Наогул, я так і разумею, што праца Ваша ў асноўным будзе не педагагічная, а гістарычная.
Жадаю поспехаў у рабоце. У мяне гэты год цяжкі, адпачынку покуль няма, і невядома, калі буду яго мець, а адпачыць было б трэба.
Улашчык.
УЛАДЗІМІРУ КАЛЕСНІКУ
22 ліпеня 1970 г.
Шаноўны Уладзімір Андрэевіч.
Дзякуй Вам за кнігу, прысланую мне, а таксама дзякуй і ад аўтара, паколькі сам ён не можа гэтага зрабіць. Сярод пакінутых і забытых Жылка быў, пэўна, самы пакінуты і забыты. Павінен сказаць, што партрэт яго на вокладцы няўдалы: твар надта напружаны, што для Жылкі было зусім неўласціва. Вельмі добрае фота, якое цалкам перадае выраз Жылкі, было змешчана ў "ЛіМе". Наогул, гэта быў вельмі мяккі па характары і вельмі культурны чалавек. Здаецца, пісаў Вам, што сярод апошніх лістоў ён прысылаў мне свае пераклады, былі там і вершы скандынаўскіх паэтаў. Але ўсё гэта быцам у тумане — бо адбывалася ў пачатку 1933 ці ў канцы 1932 г.
Улашчык.
ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ
21 верасня 1970 г.
Дарагі Генадзь Аляксандравіч.
Дзякую Вам за працу пра Тарашкевіча. Я па яго граматыцы вучыўся ў 1919 г. Ці бачылі Вы артыкул пра яго дзейнасць у 1919-1920 гг. у польскім часопісе? (не запісаў назвы). Мне здаецца, што выраз "не стала" ў канцы гучыць не па-беларуску, бо ў беларускай мове "стала" азначае нешта пэўнае, устойлівае, а тут гаворыцца пра канец жыцця.
Высылаю фота без сям’і Галенчыкаў, якую дашлю пазней пасля перафатаграфавання. Кангрэс адабраў тут шмат часу, хаця наогул я чыннага ўдзелу зусім не прымаў.
У Мінску выйшаў слоўнік Бялькевіча. Здабывайце яго скарэй, бо тыраж у тысячу экз.
Збіраюся ў Мінск, але гэты год цяжкі, і невядома, калі траплю туды.
Улашчык.
СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ
24 кастрычніка 1970 г.
Дарагі Сцяпан Хусаінавіч.
Я чытаю ўсё, што выходзіць з Вашым прозвішчам, ці, лепш кажучы, усё, што магу дастаць, бо Вы, Мальдзіс і Кісялёў ствараеце нанава гісторыю беларускай літаратуры, а разам і гісторыю культуры XIX — пачатку XX ст. Здаецца, я пісаў Вам, што Вы рэальна зрабілі тое, што некалі хацеў зрабіць я (сфатаграфаваць і апісаць мясціны, дзе жылі нашы культурныя дзеячы). Таму вітаю Вас з кнігай і дзякую за прысылку яе. Мяне вельмі ўзрадавала некалі з’яўленне Вашага артыкула пра "Нашу ніву", бо гэты ёлап Карнейчык напісаў, што "Ніва" была органам аграрыяў, а калі я сказаў яму, што ў такім разе Купала ў сваёй творчасці (як рэдактар "Нівы") бараніў інтарэсы паноў, то ён сказаў, што гэта яму нехта дапісаў, бо ён так не думае.
Цяпер пра Вашу будучую абарону. Я з мілай душой вазьмуся быць у Вас апанентам, але дзе Вы будзеце бараніцца? Калі гэта будзе ў у-це, то туды мне дзверы зачынены, хаця і неафіцыйна. Справа ў тым, што я два разы пісаў рэцэнзіі на працы Лушчыцкага, у адной з якіх адзначыў, што калі прыняць погляды гэтага філосафа, то выйдзе, што Каліноўскі быў носьбітам рэакцыйнай ідэі, а Мураўёў, які павесіў Каліноўскага, — прагрэсіўным дзеячам (таму што ён знішчыў рэакцыянера). Успомнілася мне гэта ў снежні 1968 г., калі бараніў сваю працу Мараш, якому Лушчыцкі арганізаваў правал. Праўда, я не быў першаасноваю, але філосаф голасна крычаў у калідоры у-та: каго паклікалі ў апаненты!
Бясспрэчна (можа, не з такой сілай) усё гэта паўторыцца і яшчэ, і таму Вам трэба мець на ўвазе каго-небудзь іншага (калі абарона будзе ў акадэміі, то я наперад выказваю сваю згоду). Жадаю Вам усякіх поспехаў у рабоце.
АРСЕНЮ ЛІСУ
28 снежня 1970 г.
Дарагі Арсень Сяргеевіч.