Читаем Лісты полностью

Цяпер пра дэталі. Наколькі памятаю, арыштаваны Жылка быў не ў 1929, але ў 1930 г., прыблізна ў чэрвені. Пад арыштам пабыў каля 3-х месяцаў. У г. Кацельніч (Кіраўская вобл., на рацэ Вятцы) прыехаў у пачатку жнівеня, значыцца, з Мінска адправіўся ў канцы ліпеня. 3 Кацельніча да прыстані Медведок (на р. Вятцы, проці Уржума, які знаходзіцца ўбаку ад ракі) плыў лодкаю (Жылка зваў яе чайкаю) у таварыстве з 7 іншымі. Плылі з 4 па 10 жнівеня. Сасіновіч (студэнт-прырадавед Бел. дзярж. універсітэта) не быў жанаты і не было чуткі, што ён ажаніўся, покуль быў жывы Жылка. Жылка на яго крыўдаваў, казаў, што яны амаль не спатыкаюцца. Пра тое, што ў лютым 1933 г. Жылка атрымаў дазвол выехаць у Крым, ужо пісаў Вам.

Адрас жонкі Купцэвіча магу Вам дастаць; між іншым, яна хоча пераехаць у Мінск. Думаю, што ў яе няма нічога, бо ў 1938 г. бяда сталася і з ёю. Купцэвіч быў у Мінусінску ра­зам з Пятром Рагачэўскім, з якім моцна не ладзіў (Рагачэўскі быў троха пісьменнік, троха журналіст). Калі прышлю адрас жонкі Купцэвіча, то паведамлю, на каго можна спасылацца (як даведаліся пра яе адрас).

3 узвышаўцаў зараз у Мінску жывуць Крапіва, Глебка і Лужанін, але пра Жылку, пэўна, больш ведаюць Юрай Паўлавіч Гаўрук і Дубоўка. Калі будзеце пісаць ім, то прашу не спасы­лацца на мяне, бо ні з кім я гэтага не пагаджаў.Я зусім згодзен з тою спасылкаю на мяне, якую Вы прапануеце, але "доктара" варта было б выкінуць — у такой справе чыны не маюць вартасці.

Знаёмства маё з Жылкам было вельмі кароткім, і я прачытаў у Вашым артыкуле шмат для сябе новага.

У 1917 г. я паступіў у вышэйшую пачатковую школу, якая ў той час змяшчалася на сучасным Пляцы Волі, у будынку ранейшага духоўнага вучылішча, а пазней Камісарыята асветы (дом застаўся цэлы). У класе кароткі час (можа, да Новага года) вучыўся Жылка. Ці не быў гэта брат Уладзіміра?

Улашчык.

ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ

6 лютага 1970 г.

Дарагія Ларыса Антонаўна і Іван Пятровіч.

Выбачайце, што пішу з такім спазненнем. Новы год распачаўся няўдала. 3 канца мінулага года ўсё хварэю. Здаецца, зараз адышоў. Са спазненнем вітаю Вас з Новым годам. Прымаючы пад увагу жыццёвую практыку, выказваю толькі пажаданне, каб ён не быў горшым, чым мінулы.

У мінулым годзе скончыў працу, прысвечаную публікацыям крыніц па гісторыі Беларусі. Паколькі праца (нечакана для мяне) вырасла за межы дазволенага, давядзецца летапісы, ста­туты, мемуары, дзённікі і штось яшчэ не ўключаць у свой агляд. Адклаў гэта на другую частку. Кнігу павінны былі абмяркоўваць 3 лютага, але па розных прычынах адклалі на канец месяца.

У гэтым годзе павінен падрыхтаваць да друку том летапісаў (ці хронік), пісаных на мове, якую я аніяк не магу ўцяміць — беларуская ці ўкраінская? Для XVII ст. разабрацца ў гэтым, ды яшчэ не філолагу, вельмі цяжка. Цяжка таксама дайсці — карыстаўся аўтар хронікі Стрыйкоўскім ці, наадварот, Стрыйкоўскі пісаў сваю хроніку на падставе падобных матэрыялаў?

У мінулым годзе былі з жонкаю ў Пушчы — Свіслачы — Гродне. Раней ездзіў у Пушчу з сынам, які вырас у Маскве і не ведае свае Бацькаўшчыны.

Улашчык.

МІКОЛЕ ЕРМАЛОВІЧУ

5 красавіка 1970 г.

Шаноўны Мікалай Іванавіч!

У "Тэзісах" Ваш пункт погляду выкладзены ў вельмі скарочаным выглядзе, і таму некаторых асноўных палажэнняў проста не відаць. У прыватнасці, з тэзісаў не зусім зразумела, хто жыў у Нальшанах. Кажучы больш дакладна, вядома, што племя літоўскае, але незразумела, у якіх адносінах [яно] было да тае Літвы, якая ў Вас акрэслена на карце. З тых крыніц, якія Вы скарысталі, на Густынскі летапіс нельга спасылацца цалкам, бо ён пісаны ў позні час, калі Літвою звалі ўсіх жыхароў ВКЛ, як і ўсю тэрыторыю ВКЛ (я пра гэта ўжо Вам пісаў раней). У выданні "Белоруссия в эпоху феодализма" змешчаны ўрывак ня летапісу, але пераклад з хронікі Стрыйкоўскага. Зараз хроніку, у аснове якой знаходзіцца хроніка Стрыйкоўскага, рыхтую да выдання, і лічу, што Стрыйкоўскі карыстаўся пэўна большаю колькасцю летапісаў, чым на гэта ў свой час паказаў Рогаў. У кожным разе, там на першае месца ставяцца то рускія, а то літва, сталіца знаходзілася то ў Наваградку, то ў Кернаве (між іншым, самі наваградчане яшчэ ў час першай сусветнай вайны свой горад звалі Наваградак).

Паколькі праблема, якую Вы разглядаеце, надта цьмяная, і яе на падставе пісьмовых крыніц вырашыць пэўна ня ўдасца, варта было б больш увагі звярнуць на археалагічныя матэрыялы, бо паміж рэчамі славянскімі і літоўскімі ў XI — XIII ст. павінна быць істотная розніца.

МЕЧЫСЛАВУ ЮЧАСУ

31 мая 1970 г.

Дарагі Мечыслаў Адольфавіч!

Перейти на страницу:

Похожие книги