А зараз у мяне да Вас яшчэ просьба. Ва ўсіх біяграфіях Грыгаровіча гаворыцца, што пачатак яго слоўніка (да літары В) надрукаваны ў "Известиях II отделения Академии наук", але ніхто не сказаў, за які год надрукаваны гэты слоўнік і ў якім нумары "Известий...". I Суднік, калі пісаў пра Грыгаровіча ("Беларусь", 1945, № 11—12), зрабіў тое ж самае, інакш кажучы, не паспрабаваў даведацца — быў такі слоўнік надрукаваны ці не.Я зараз перабраў, здаецца, усе "Известия..." (яны выходзілі з 1852 па 1863 г.), але знайшоў толькі звесткі, што слоўнік рыхтуецца, але самога не бачыў. Таму да Вас яшчэ просьба: спытайце ў моваведаў — быў такі слоўнік ці не, а калі быў, то дзе надрукаваны.
Між іншым, чытаючы "Историко-юридические материалы", бачу, што магілёўскі магістрат вёў свае кнігі па-беларуску ў 1710 і 1711 гг. (кірыліцаю), а ў 1712 — польскаю графікаю (перад тым некалькі год пісалі па-польску). Таму я дзіўлюся на моваведаў, чаму яны не скарыстаюць гэтае крыніцы, дзе ёсць і аканне, і дзеканне, і цэканне, і наогул ва ўсіх падручніках сказана, што з 1696 г. па-беларуску больш не пісалі.
Хаця вы мне і прыслалі змест "Архіва...", але такі прыйдзецца прыехаць, каб паглядзець на яго, лепш кажучы, каб прачытаць.
Між іншым, з археаграфічнага боку выданні Грыгаровіча былі непараўнана лепшымі, чым болыы познія віленскія ці віцебскія, нават з боку карэктарскага.
Улашчык.
МІКОЛУ ЕРМАЛОВІЧУ
2 красавіка 1969 г.
Шаноўны Мікалай Іванавіч.
Я ізноў доўга не адказваў Вам, бо прабаваў уявіць сабе перспектывы Вашых доследаў, а таксама трэба было пагаварыць з археолагамі.
Ведаючы ўмовы ў інстытутах і рэдакцыях, мне здаецца, што Вам ні падаваць увесь Ваш рукапіс на абмеркаванне, ні падаваць яго ў рэдакцыю няма сэнсу. Тая частка рукапicy, дзе гаворыцца, што думка аб захопе літоўцамі беларускіх зямель ці слаба абгрунтавана, ці зусім не мае грунту, будзе прынята (думаю, часткова). Але ў другой, дзе гаворыцца пра захоп Літвы Наваградкам, аргументаў таксама зусім мала, і Вашы слухачы, можна думаць, не захочуць мяняць прывычную гіпотэзу на новую, калі новая абгрунтована не надта капітальна.Думаю, што Вам пры гэтым будзе пастаўлена шмат пытанняў, напрыклад, чаму крыніцы лічылі Літву народам іншамоўным; інакш кажучы, як будзе растлумачыць, што толькі невялікі куточак усходніх славян так грунтоўна адчапіўся ад іншых, што яго скрозь прымалі за чужакоў (литва поганая). Таму мне і здаецца, што Вам нельга ставіць на абмеркаванне ўвесь артыкул, а толькі археалагічкую частку (ці, лепш кажучы, тапанімічную), бо без грунтоўнага даследавання літоўска-славянскіх рубяжоў IX—X ст. усё іншае павісне ў паветры.
Карту я Вашу бачыў, але, ведаючы троха ўмовы працы археолагаў, магу сказаць, што гэта іх не ўпэўніць, патрэбна больш грунтоўная. Таму я Вам і напісаў, што патрэбна яшчэ карта.
Пра паходжанне назвы "Крэва" не ведаю, але ведаю, што "крэвамі" латышы завуць сучасных рускіх, беларусаў — балта-крэвамі, раней жа, сутыкаючыся толькі з беларусамі (па тагачаснай тэрміналогіі — рускімі), звалі крэвамі беларусаў літоўцы.
Аб літоўска-славянскіх адносінах па Нарбуту ў свой час зрабілі выбаркі аўтары прадмовы да кнігі "Собрание древних грамот и актов городов: Вильно, Ковно, Троки" (Вильно, 1843 г.).
Глебку я нічога не пісаў, і покуль мы з Вамі не пагодзімся, пісаць не буду (і наогул нікому).
Шлю Вам нумар "Советской этнографии" з артыкулам Сядова. На мой погляд, гэта самы кваліфікаваны даследчык славяна-балцкіх адносін.
Калі ў Вас жаданне напісаць што-небудзь яму, то яго адрас: Москва, ул. Д. Ульянова, д. 19, Институт археологии АН СССР.
3 пашанаю да Вас — М. Улашчык.
АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
14 ліпеня 1969 г.
Дарагі Адам Осіпавіч.
Дзякуй Вам за такі прыемны падарунак. Калі яшчэ быў вучнем, то ведаў, што былі Ламаносаў і Пушкін, пасля Купала, Колас і Багдановіч, якія пісалі пра Беларусь, але з вялікім спазненнем даведаўся, што пісаў яшчэ (ды так хораша) і Міцкевіч. Дзякуй Вам і ўсім перакладчыкам за такую работу, але ўжо пара выдаць хаця б "Пана Тадэвуша" не кавалкамі, а цалкам. (Ці звярнулі Вы ўвагу, што ў рускіх перакладах слова "хлоднік" перадаецца як "халадзец", чаму перакладчыкі і іх чытачы не разумеюць, чаму гэту патраву елі не відэльцам, але лыжкамі).
Між іншым пра некаторыя прозвішчы. На Наваградчыне (у Цырыне і блізкіх месцах) поўна Чэчатаў (Чэчат), а у літаратуры тое ж прозвішча замацавалася ў форме Чачот. Здаецца, зараз гэта перарабіць цяжка, і таму кажу проста так. А прозвішча Адынец не трэба замацоўваць, бо ў нас на Бабруйшчыне і цяпер сустракаецца прозвішча ў форме Адзінец (з такім прозвішчам быў вучань Бузука. Гэта тым больш трэба выпраўляць, бо Адынец вымагае перастаноўкі націска.
Колькі раз ездзіў каля дома № 18 па Чарвякова і глядзеў, дзе Ваша кватэра, але дом мне здаваўся малы, каб мець чацвёртую. Ці не памыляюся я?
На гэты год ізноў збіраемся ў Каралішчавічы.
Шлю Вам свой апошні дослед, які адабраў вельмі шмат часу і даў слабыя вынікі. Тэксталогія проста есць чалавека.
Улашчык.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
26 верасня 1969 г.
Дарагі Ніл Сямёмавіч.