Некалькі заўваг па парадку тэксту. Калі летапісы, якія рэдагаваў Гедройц, былі цалкам пралітоўскія (стар. 3), то які быў сэнс пісаць, што сталіцаю Літвы быў Навагрудак? Спасылаючыся на Іпацьеўскі летапіс, Вы пішаце, што Валадар панаваў "у Гарадцы на тэрыторыі Літвы" (ст. 3). У летапісе няма, што на тэрыторыі Літвы. Пра гэта можна толькі выказаць свае меркаванні. У Вас напісана, што Іпацьеўскі летапіс заве Навагрудак, Тураў, Пінск незалежнымі гарадамі (ст. 16), але ў летапісе так пэўна пра гэта не сказана. Вы сцвярджаеце, што навейшыя навуковыя дадзеныя абвяргаюць думку, нібы фармаванне беларускай народнасці пачалося XIV—XVI (ст. 18). Думаю, што сапраўды розніца была значна раней. Закарпацкія ўкраінцы, якія ніколі не жылі разам з рэштаю Украіны, усё ж гавораць на мове, блізкай да астатніх украінцаў, а такога не магло б быць, каб яшчэ ў IX ст. не было тых рысаў, якія розняць украінскую мову ад іншых славянскіх.
Думаю, што Ваша сцверджанне, нібы з канца XII ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі пераносіцца з Полацка ў Наваградак, не мае покуль падставы. Полацк у той час быў мацнейшы (ст. 19).
Спасылкі на Каніскага, Міцкевіча і іншых мала што даюць, бо ў той час заходняя і часткова цэнтральная Беларусь зваліся толькі Літвою (ст. 34).
Наогул, праслядзіць, які сэнс укладваўся ў тэрмін "Літва" ад X да XX стагодцзя — гэта тэма, вартая спецыяльнага доследу.
Літоўцы не звалі беларусаў "крэвамі". Так звалі латышы ўсіх усходніх славян, бо з усіх усходніх славян яны спатыкаліся толькі з крывічамі. Маўродзін — крыніца вельмі няпэўная. Тое ж можна сказаць і пра Нарбута, у якога багата фантастыкі. Думаю, што і факт хрышчэння 1405 г. вельмі няпэўны (ст. 53).
Самае няпэўнае месца ў гіпотэзе аб полацкім паходжанні літоўскіх князёў — гэта іх паганства (язычаства). Гэта была эпоха, калі з паганства скрозь пераходзілі ў хрысціянства, у першую чаргу гэта рабілі феадалы, а тут вышла наадварот (ст. 51-53).Ці былі разбіты татары пад Койданавам? Гэтым пытаннем займаецца некалькі польскіх даследчыкаў, а ў Літве — Ромас. Згодзен, што звязаць назву Койданава з Кайданам, пэўна, няма падставы. Між іншым, у Стрыйкоўскага гаворыцца пра тры паразкі і адну — рускіх князёў пад Магільным. Можа, археолагі што-небудзь скажуць пра гэта ў свой час (с. 58).
XIII ст. — самы цьмяны час у гісторыі Беларусі, і, закранаючы яго, усе аўтары павінны высоўваць свае меркаванні. У Вас таксама багата прапаноў і меркаванняў, і таксама не ўсе яны здаюцца грунтоўнымі. Прапанова, што Вайшэлк прабыў тры гады ў Палонінскім манастыры, каб набраць манахаў для хрышчэння літвы (ст. 84), думаю, не можа быць прынята. Гэта яму можна было б зрабіць неяк прасцей, не трацячы столькі дарагога часу.
Самае супярэчнае і незразумелае для мяне месца ў Вашай працы знаходзіцца на стар. 66—76. У 1248—51 гг. Навагрудак заваяваў Літву (ст. 76), а ў 1254 г. Міндаўг стаў князем літоўскім, у Навагрудку ж абаснаваўся Вайшэлк (ст. 77). А раней сказана, што Міндаўг быў перабежчыкам з Літвы ў Навагрудак. Калі не ведаць, чым быў у той час Навагрудак, якія ў яго былі матэрыяльныя рэсурсы, перш за ўсё тэрыторыя, якая падначальвалася гэтаму гораду, а таксама тэрыторыя Літвы, то ўсё гэта мае абстрактны характар. Незразумела і тое, чаму адразу пасля заваявання Навагрудчына ізноў раскалолася на Навагрудак і Літву. Усе гэта павінна быць удакладнена, інакш будзе толькі кампраметацыя ідэі.
Мне здаецца, што Вам трэба раскласці Вашу працу на некалькі частак і ў першую чаргу высветліць, каго належыць разумець пад назваю "літва", і пасля — як эвалюцыянавала гэта назва, каго пад літвою сталі разумець пазней.
Выбачайце, што я зрабіў столькі заўваг, але мне не хочацца, каб, спасылаючыся на некаторыя няўдалыя старонкі, завалілі б саму ідэю перагляду гэтага пытання.
Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
22 лютага 1969 г.
Вячаслаў Антонавіч.
У мяне да Вас просьба. Калісь пісаў у "ЛіМ" артыкул пра Івана Грыгаровіча (пра яго спадчыну). Там напісаў, што некаторыя з дакументаў другога тома "Белорусского архива" змешчаны ў "Актах Западной России". Зараз у яго біяграфічных матэрыялах прачытаў, нібы ў "Актах..." былі надрукаваны не асобныя дакументы, але ўсе цалкам.
3 таго часу, як пісаў, мінула 10 гадоў, і зараз не памятаю, ці дакладна я зверыў. Цяпер прашу Вас, калі гэта можна (каб не ехаць з-за гэтага знарок у Мінск), перадрукаваць (з архіва літаратуры) змест таго тома (нумар па парадку, год і назва дакумента).
У "Историко-юридических материалах" змешчаны вершы 1625 г. да герба горада Магілёва — адзін па-беларуску, а другі па-польску. Я перапісаў іх. Ці вядома пра іх літаратураведам, а калі невядома, то што рабіць?
Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
13 сакавіка 1969г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Дзякуй Вам за "змест". Папраўдзе кажучы, я думаў, што гэта зробіць архіў, а я заплачу машыністцы, але адно думаць, а другое — напісаць. Здаецца, памыліўся больш I. Грыгаровіч, чым я, бо ў "Акты..." такі трапіла не ўсё.