Калі была каланізавана тэрыторыя Літвы славянамі, продкамі беларусаў? Крыніцы гавораць, што першаю сталіцаю Літвы быў Навагрудак (навагрудчане завуць гэты горад Наваградак),але сучасная польская і літоўская гістарыяграфія адмаўляе гэта. Адмаўленне гэта ў вельмі значнай частцы мае патрыятычны характар, бо літоўцам здаецца абразлівай думка, што іх першая сталіца была заснавана не на літоўскай тэрыторыі. Я кепска ведаю археалогію Літвы на сённяшні дзень, але да нядаўняга яшчэ часу было ведама, што ў Жэмайціі нават у сярэдзіне XVI ст. не было гарадоў у поўным сэнсе гэтага слова, гэта зн. паселішчаў, дзе б насельніцтва займалася галоўным чынам гандлем і рамяством.
Зараз шмат капаюць у Вільні, але я таксама не ведаю, ці ўдакладнілі час, калі Вільня стала горадам? Магчыма, значна пазней, чым Навагрудак. А паколькі сталіцы засноўвалі ў найбольш эканамічна развітых гарадох, то пэўна можна заставацца пры старым поглядзе, што першаю сталіцаю такі быў Навагрудак.
Далейшыя раскопкі могуць вырашыць гэта пытанне, ці ва ўсякім разе шмат чаго высвятліць.
Прыняўшы, што Навагрудак быў калоніяю славян-беларусаў на літоўскай раней тэрыторыі, трэба высветліць, калі ж было асімілявана ваколічнае насельніцтва і ці прыняло яно назву "літва"? Запіс у Гіпацкім летапісе гаворьщь, што на Валыні раён Навагрудка ў сярэдзіне XIII ст. лічыўся Рускаю зямлёю, а за Нёманам была літва. Трэба мець на ўвазе, што рускімі, як у той час, так і значна пазней (да нашага часу), зваліся асобы праваслаўнага веравызнання, і таму варта падумаць аб тым, што азначалі выразы "Літва" і "Русь".
Мне здалася вельмі цікаваю гіпотэза пра Варуту, бо да гэтага часу ніхто не ведае, дзе яна была. Зараз у Літве высоўваецца нават думка, што Варута — гэта Вільня. Праўду кажучы, чытаючы Вашу прапанову і звяраючы з адпаведным тэкстам летапісу, бачыш нацяжку. Каб упэўніцца, што не было Варуты на Руце, варта было б зрабіць там археалагічныя доследы. Зважаючы на летапісныя дадзеныя, гэта павінен быць немалы населены пункт, і знайсці яго не будзе цяжка (у тым, вядома, разе, калі ён там сапраўды быў). Пра гэта вельмі варта было б дамовіцца з археолагамі.
Наколькі мне ведама, найбольш дакладныя і падрабязныя весткі аб граніцах літоўскіх плямён ёсць у працы Лаўмяньскага, але Вы чамусьці ні разу не ўспомнілі пра яе. Мне здаецца, што скарыстаць гэту працу тым больш неабходна, што і манаграфія Пашуты ў значнай частцы адыходзіць ад Студыяў Лаўмяньскага. Акрамя таго, яна вельмі вартая з метадалагічнага боку. Не скарысталі Вы і апошняй працы Любаўскага, а гэта ж быў самы большы спецыяліст у гэтай галіне ("Літва і славяне. Працы клясы гісторыі", т. III, Менск, 1928).
Праца Ваша пачынаецца з нападак на Стрыйкоўскага і беларускія летапісы (пісаныя па-беларуску). Гэтай праблеме прысвечана манаграфія А. I. Рогава. "Русско-польские культурные связи (Стрыйковский и его хроника)". Наогул, спрэчным з’яўляецца не столькі Стрыйкоўскі, сколькі тыя летапісцы, працамi якіх карыстаўся Стрыйкоўскі, перш за ўсё той, хто напісаў хроніку Быхаўца. Даволі сказаць, што пасля выхаду гэтай хронікі ў перакладзе, на яе ў Польшчы выйшлі тры рэцэнзіі (Е. Ахманьскага нават не рэцэнзія, а цэлы палемічны артыкул, аснова якога схожа з Вашым поглядам). Не спасылаючыся ні на кнігу Рогава, ні на гэтыя артыкулы, Вы не можаце ні абвергнуць, ні прыняць погляды, выказаныя ў гэтых працах. Бясспрэчна, таксама трэба было б скарыстаць артыкул Чамярыцкага пра летапісы, змешчаны ў кнізе "Гісторыя беларускай літаратуры". Цікава і кніга I. Грэкава ("Очерки по истории международных отношений восточной Европы XIV—XVI вв.").
Наколькі я ведаю ўмовы, то мне здаецца, што ў тым памеры, які Ваша праца мае зараз, яе надрукаваць будзе цяжка, і таму я параіў бы Вам узяць спярша адну праблему ці не больш як дзве, названыя. У такім разе памер будзе меншы, а змест больш сціплы. Мне здаецца, ці не варта было б Вам прапанаваць такую працу ў Кіеў — ва "Украінскі гістарычны журнал", паколькі гэтыя падзеі звязаны з Украінаю, на гэта можна спадзявацца. Ды ў такім выглядзе яе скарэй можна будзе зрушыць і ў Мінску.
У Вашай працы часта спатыкаюцца вельмі рэзкія выпады проці Пашуты і некаторых другіх аўтараў. Ведаючы ўмовы, я скажу, што зараз ні адна рэдакцыя не будзе друкаваць гэтага, і таму раю Вам самому выключыць гэтыя месцы.