Шаноўная Людвіка Антонаўна.
Я напісаў уступ на 4 стар., перадрукаваў запіс Улановіч і паслаў у Мінск, просячы дзе-небудзь змясціць. Мне казалі, што зараз найбольшая надзея на "Полымя". Чакаю адказу, хаця паслаў некалькі дзён назад.
Ва уступе Ваша прозвішча не ўспамінаў, каб не ўскладняць гэту справу.
Улашчык.
ЗОСЬЦЫ ВЕРАС
16 жніўня 1968г.
Шаноўная Людвіка Антонаўна.
Ваш апошні ліст дайшоў да мяне сёння, бо я зараз у Каралішчавічах у Доме пісьменнікаў. Ліса не бачыў, бо калі быў у Мінску я, не было яго.
Быў у Вільні, да Вас не пробаваў зайсці, бо надта ўходзіўся за дзень. Калі ведаеце новы адрас Кісялёва, то прашу паведаміць. Бібіла паехала таксама ў Гудзевічы.
Улашчык.
ВАДЗІМУ КРУТАЛЕВІЧУ
2 кастрычніка 1968г.
Шаноўны тав. Круталевіч.
Уважліва чытаю Вашы артыкулы ў "Полымі", прысвечаныя ўтварэнню Беларускай рэспублікі; асабліва цікавым мне здаўся артыкул, змешчаны ў № 9 ("Абвяшчэнне рэспублікі"). У сувязі з гэтым магу паведаміць Вам невялікую дэталь, якая мае дачыненне да Вашых заняткаў.
У Беларускім аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі (Мінск) у 20-я гг. захоўвалася карэктура Маніфеста, якім абвяшчалася ўтварэнне Беларускай ССР. Гэта быў аркуш паперы прыблізна 1,2 метра Ў шырыню і 1 метр у вышыню. У самым верее вялікімі літарамі (сантыметраў 20) было набрана слова "МАНІХВЭСТ", а далей ішоў сам тэкст.
Карэктуру правіў Жылуновіч. Гэта ведаю добра, але не ведаю, ці тыраж быў выпушчаны з тою праўкаю, якую рабіў Жылуновіч, ці не. Гэта, пэўна, ведае Я. Л. Дыла, які зараз жыве ў Саратаве. Жылуновіч правіў не карэктурныя памылкі, але мяняў словы.
Жылуновіч усё жыццё гаварыў капыльскаю гаворкаю, пэўна, гэтаю ж гаворкаю быў напісаны (ці адрэгаваны ім) і Маніфест.
Калі ўсё гэта адбывалася, я быў занадта малы, каб уразумець падзеі, але абвяшчэнне рэспублікі асабліва вялікага ўражання на жыхароў Мінска не зрабіла. Бясспрэчна, на гэта мела ўплыў тая акалічнасць, што падзей было надта шмат у кароткім часе.
Перад самаю Кастрычніцкаю рэвалюцыяй у нашай школе дзесяцігадовы бальшавік хацеў павесіць у класе на сцяне бальшавіцкі лозунг, а кадэты цягнулі яго за ногі са стала, куды ён узлез, каб павесіць свой лозунг.
Улашчык. Москва, А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19.
МІКОЛУ ЕРМАЛОВІЧУ
15 лютага 1969 г.
Шаноўны Мікалай Іванавіч.
Узнятая Вамі праблема вельмі складаная. Па сутнасці яна распадаецца на некалькі меншых, кожная з якіх вымагае спецыяльных доследаў. Як мне здаецца, цэнтральным з’яўляецца пытанне адносна тэрыторыі, на якой жыла тая літва, што дала назву народу і дзяржаве. Па-другое, трэба больш-менш дакладна вызначыць час, калі балцкае насельніцтва гэтага раёна было асімілявана нашымі продкамі. Калі гэта будзе зроблена, рэшту будзе вырашаць значна прасцей.
Першае пытанне Вы вырашаеце на падставе летапісных вестак, тапанімікі і дадзеных археалогіі, але выразнай карціны не атрымалася. Нават чытаючы вельмі ўважліва, нельга ўявіць дакладна тэрыторыю першапачатковай Літвы. Разумею, што гэта залежыць ад крыніц, бо звесткі "Повести временных лет" і другіх летапісаў не маюць цвёрда акрэсленага зместу. Паведамленні пра Лаўрышаўскі манастыр, які знаходзіўся на мяжы Літвы і Русі, спатыкаюцца вельмі рэдка. Павінен сказаць, што да звесткі Густынскага летапісу адносна Заслаўя трэба аднесціся крытычна, бо гэты летапіс пісаўся ў XVII ст. на Украіне, а ў той час на Украіне Беларусь інакш як Літвой не звалі (за выключэннем Падзвіння). Зважаючы на тое, што на Украіне ёсць сваё Заслаўе (на Валыні) аўтар летапісу мог падкрэслена сказаць, што гэта тычыцца не Валынскага, але "літоўскага" Заслаўя.
Значна больш багатыя звесткі можа даць тапаніміка. Каб выкарыстаць іх, спісу населеных пунктаў на канец XIX ці XX ст. недастаткова. Варта было б звярнуцца да тых крыніц, якія былі надрукаваны ў XIX—XX ст., як "Акты Віленской комиссии" і іншыя археаграфічныя выданні, дзе пералічаны не толькі назвы населеных пунктаў, але і ўрочышч.
Аднак самыя дакладныя весткі могуць даць археолагі. Зараз усё больш вызначаецца, што старэйшымі насельнікамі на большай частцы Беларусі былі балцкія плямёны, а ў апошні час было паведамленне (здаецца, Побаля), што недалёка ад Барысава над Бярэзінаю знойдзена літоўскае гарадзішча, можа, найбольш высунутае на ўсход. На гэта варта звярнуць увагу, бо ў дакументах XV—XVI ст. "рускія воласці" пачынаюцца на ўсход ад Бярэзіны, ды і сама назва "Беларусь" на працягу цэлых стагоддзяў адносілася толькі да беларускага Падняпроўя і Падзвіння, рэшта ж звалася Літвою. Гэта трымаецца так моцна, што ў томе V шматтомнай гісторыі СССР (дзе гаворыцца пра рэалізацыю рэформы 1861 г.) Мінская губ., не кажучы пра Гродзенскую, аднесена да літоўскіх.
Але наогул у назву "Літва" ўкладаўся (тэрытарыальна) самы разнастайны змест. Часцей за ўсё Літвою звалі ўсё існаваўшае ці былое Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.
Вызначаная тэрыторыя дагістарычнай Літвы абавязкова павінна быць нанесена на карту. Уражанне ад гэтага бывае зусім іншае, чым ад друкаванага тэксту.