Койданаў быў некалі сталіцаю Койданаўскага графства і належаў Радзівілам, а з 30-х гадоў XIX ст. перайшоў да Вітгенштэйнаў. У архіве Радзівілаў у Мінску, пэўна, ёсць інвентары і іншыя матэрыялы пра Койданаў. Самае лепшае было б, калі б за гэта ўзяўся які-небудзь настаўнік з самога Дзяржынска. Кадры павінны расці на мясцох, як гэта было некалі.
Між іншым, пра Койданаўскі замак (што ён разбураецца) я пісаў у "Савецкай Беларусі" ў 1926 ці 1927 г.
Улашчык.
У РЭДАКЦЫЮ ГАЗЕТЫ "СЦЯГ КАСТРЫЧНІКА"
19 чэрвеня 1967 г.
Дарагія землякі.
Я столькі раз гаварыў рознаму начальству, што ў нашым друку трэба адчыніць аддзел краязнаўства (раз у тыдзень ці нават раз у месяц даваць краязнаўчую старонку), што мне вельмі прыемна было атрымаць ад Вас ліст, у якім Вы прапануеце напісаць пра мінулае Дзяржыншчыны.
Па нашых правілах, перш чым пачнеш пра што-небудзь пісаць, трэба абавязкова раней прачытаць усё, што было напісана раней. 3 гэтага я і пачну, бо пра Койданава ёсць цікавая літаратура.
Я, праўда, ніколі спецыяльна не займаўся гісторыяй Койданаўшчыны, але некалькі артыкулаў чытаў. Самы грунтоўны з гэтых артыкулаў напісаў яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя А. Ельскі, пан з Ігуменшчыны, які пісаў шмат артыкулаў, змешчаных у польскім друку, па гісторыі і гісторыі мастацтва Беларусі. Ельскі быў пан, католік, паляк, і ўсё, што ён пісаў, носіць на сабе вельмі выразны адбітак усяго гэтага, але фактычны бок справы ўсё роўна застаецца.
Пра Койданава ён надрукаваў вялікі артыкул у польскім геаграфічным слоўніку. Слоўнік гэты павінен быць у Мінску у Дзяржаўнай бібліятэцы. Пачынаецца гісторыя скрозь з апавядання аб тым, што пад Койданавым сіламі Заходняй Беларусі і Літвы былі ў першы раз разбіты татары, якімі камандаваў Кайдан, адкуль і пайшла пазва. Гэта версія існуе ва ўсіх беларускіх і часткова ўкраінскіх хроніках, але сучасныя даследчыкі, у прыватнасці, палякі, адносяцца да гэтай весткі скептычна. Другая вялізная бойка ў XIII ст. адбылася каля Магільнага на Немане (пэўна, гэта ўжо не Дзяржыншчына).
У 1550 г. Койданава з усёй ваколічнай зямлёй і насельніцтвам вялікі князь літоўскі Жыгімонт аддаў Радзівілу, і ў той час было створана Койданаўскае графства, якое існавала да 1831 г., калі мястэчка перайшло да скарбу, а ваколічныя вёскі (Самуэлева, Віцкаўшчына, Рубяжэвічы і інш.) скора пасля 1831 г. перайшлі ад Радзівілаў да Вітгенштэйна, які, ажаніўшыся на Стэфаніі Радзівіл, забраў сабе (як пасаг) большасць уладанняў Радзівілаў.
Да сярэдзіны XIX ст. у Койданаве існавала друхгадовая школа, заснаваная ў 1641 г. князем Багуславам Радзівілам, і, такім чынам, Дзяржынск адносіцца да тых мястэчак Беларусі, якія маюць вельмі даўнія традыцыі навучання.
Па прывілею 1588 г. у Койданаве былі заснаваны базар у нядзелю і два кірмашы, адзін на Юр’я (23 красавіка), а другі на 1 кастрычніка. Пра базары ў нядзелю ў Койданаве і пра кірмашы я яшчэ крыху памятаю сам, але, пэўна, у мой час кірмашы былі ўжо невялікія, бо галосная чутка ішла толькі пра кірмашы ў Міры (на Уласа і на Міколу).
У тым самым "Слоўніку" можна знайсці звесткі амаль пра кожную вёску Дзяржыншчыны, але вельмі кароткія.
Другое выданне, дзе ёсць розныя даведкі, завецца так: "Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Верхнее Поднепровье и Белоруссия", т. IX, СПб., 1905 г. У гэтым томе звестак значна менш, чым у "Слоўніку", але і там ёсць кароткія звесткі пра розныя вёскі.
У 1927 ці 1928 г. у часопісе "Наш край" (выдаваўся ў Мінску) быў змешчаны артыкул пра Койданава (Шпілеўскага і Бабровіча), у якім часткова былі скарыстаны старыя матэрыялы, можа, і таго самага Ельскага, але яны дадалі новых, у прыватнасці, пра тое, як Койданава абвясціла сябе ў 1920 г. рэспублікаю. Шпілеўскі, між іншым, сам быў з Койданава.
Трохі пра Койданава пісаў і польска-беларускі пісьменнік Сыракомля (Кандратовіч) у сваёй кнізе "Вандроўкі па маіх калісьці ваколіцах", але наогул там пераважна пра Нясвіж і пра Радзівілаў.
Гэта тое, што я сам чытаў пра Дзяржынск і што надрукавана, але ў архівах ляжыць вялікая колькасць матэрыялаў, якіх у большасці ніхто не кратаў, а калі кратаў, то нічога не друкаваў. Паколькі Койданава некалі належала Радзівілам, а архіў гаспадарчы і зараз знаходзіцца ў Мінску, то там і трэба шукаць (ці пытацца) і у першую чаргу шукаць інвентары (апісанні, якія рабіла, і даволі часта, княжская адміністрацыя). У перыядычным друку XX ст. таксама, пэўна, ёсць артыкулы ці карэспандэнцыі з Койданава, але шукаць іх трэба спецыяльна.
У 1926 ці 1927 г. невялікую нататку пра Койданаўскі замак (што яго надта кепска ахоўваюць ці, лепш кажучы, добра руйнуюць) у "Савецкай Беларусі" змясціў і я. У тыя часы мы некалькі раз прыязджалі ў Койданава з супрацоўнікамі "Беларуская вёскі" (А. Матусевіч, I. Савіч), і карціна Койданава таго часу ў мяне стаіць перад вачыма.