Цяпер пра тое, калі і хто павінен пісаць пра ўсё гэта. Самае лепшае, каб у час знайшоўся свой гісторык, ці географ, ці эканаміст, які б пачаў пісаць пра свой горад, тым больш што, як Вы пішаце, у горада добрыя перспектывы (я толькі не ведаю, як будзе ў Вас з вадою, бо пэўна ж, апрача Усы, рэчкі бліжай няма). Пра Дзяржынск можна напісаць добрую і цікавую кнігу, але ж гэтым трэба займацца спецыяльна, перш за ўсё скарыстаць матэрыялы Радзівілаўскага архіва. Зараз у кожным горадзе ёсць людзі са спецыяльнай вышэйшай асветай, і трэба толькі, каб хто-небудзь даў штуршок.
Пад Койданавам у Дзягіне (ці Дзягільне) некалі капалі крэйду, недзе каля Койданава (ці ў самым Койданаве) былі знакамітыя ткачыхі, якія ткалі прыгожыя абрусы, былі ў Койданаве кірмашы, была страшная вайна. Перш за ўсё трэба запісаць ад людзей, што яны памятаюць, каб не страцілася, а самае цікавае друкаваць. Прашу пісаць далей.
М. Улашчык.
ЕЖЫ АХМАНЬСКАМУ
10 кастрычніка 1967 г.
Глубокоуважаемый коллега.
Получил Вашу "Историю Литвы", и сразу прочитал ее. Поздравляю Вас с выходом такой сложной работы, а вместе приношу благодарность за ее присылку. Написание подобной книги требует капитального знания большого круга источников и литературы и вообще очень широкого кругозора автора. В своей работе Вы затронули многие из тех вопросов, которые у нас совершенно не освещены, в частности, ничего нет о национально-культурном возрождении литовского народа. В общем, чтение Вашей книги было не только полезным, но и доставило много удовольствия.
Вы спрашиваете, что мне нужно из книг. Долгое время я не мог достать некоторыя из томов "Библиографии гисторыи Польски" и "Нового Корбута", но этим летом мне прислали все недостающее из Ленинграда. Мне бы хотелось достать книгу 3. Каменской о мануфактуре в Уречье и Длугоша в польском переводе, но говорят, что это почти невозможно.
Посылаю Вам сборник статей, в котором помещена работа о Хронике Быховца, а также автобиографические записки Н. М. Дружинина, крупнейшего советского историка.
"Рочники" еще не получил.
Еще раз примите мою благодарность за присланную книгу.
Н. Улащик
НІНЕ БЯЛЬКЕВІЧ
21 кастрычніка 1967 г.
Ніна.
Каб не выпісваў "ЛіМ", то і не ведаў бы, што Сіманоўскі памёр. Перажыў гэту смерць, як страту вельмі блізкага чалавека. Не спатыкаў яшчэ чалавека, які б так самаадцана працаваў, быў бы такім практычным работнікам, а разам з тым так мала ўвагі аддаваў уласным інтарэсам. Цяпер вельмі шкада, што не зайшоў да яго перад ад’ездам. Чакаў, што напішуць Ю. 0. ці Шушкевіч, але ніхто не напісаў, апрача цябе.
Мы неяк гаварылі ў сябе, што Саша, пэўна, ужо прыслала табе некалькі лістоў, аж няма ніводнага. Пэўна, палохацца няма чаго, бо покуль аглядзіцца, прыехаўшы, пройдзе нямала часу. Мы тут з вакзала заехалі да нас, паснедалі, Саша троха адпачывала, а пасля паехалі на вакзал і пасадзілі ў вагон за паўгадзіны да адыходу.
Патроху ўцягваемся ў работу, бо першыя дні было проста цяжка сядзець за сталом. Можа, нішто так не прыліпае да чалавека, як гультайства. Заўтра Наташа едзе ў Ленінград — будзе там даводзіць сваю працу. Часу ёй далі мала — толькі тыдзень, які ў яе застаўся ад адпачынку, інакш кажучы, не далі зусім. Набытае ў Каралішчавічах здароўе вельмі скора расходуецца.
Паслаў "Курган" Купалы Дылу. Ён быў расчулены. Гарэцкі павінен быць у Мінску, абяцаў паклапаціць пра слоўнік. Саша зараз сядзіць так, як яшчэ не сядзеў ніколі, нават на экзаменах, але да Вас у госці збіраецца. Юзіка прапісалі ў Маскве на год, і ён таксама збіраецца прыехаць на свята ў Мінск. Пра забарону ўезду ў Маскву, пэўна, плёткі, ва ўсякім разе, я не чуў. Грошы Олі за посцілку перадам праз таго, хто прыедзе, або вышлю пераводам, калі нікога не будзе. Аўтарэферату Чамярыцкага я яшчэ не атрымаў, з чаго вынікае, што абарона будзе, відаць, не раней снежня.
Калі зможаш, дастань мне "Нёман" (№ 9), дзе змешчана тая рэцэнзія. Тут "Нёмана" не дастаў. Прывітанне Вам усім ад Наташы.
М. Улашчык.
ЗОСЬЦЫ ВЕРАС
[1967 г.]
Шаноўная Людвіка Антонаўна.
Ю. О. Бібіла пісала мне, што ў Вас ёсць розныя матэрыялы пра бежанства. Гэта старонка нашай гісторыі ўсімі забытая, і я хацеў узняць да яе цікавасць. Покуль што з гэтага мала што выходзіць, бо трэба ўкласці шмат часу, каб зрушыць справу з месца. Між іншым, я гаварыў тут (Інстытут гісторыі Акадэміі навук СССР) адносна таго, каб даць каму-небудзь з супрацоўнікаў такую тэму, і кіраўнік сектара згодзен, але кажа, каб я падрыхтаваў матэрыял, сказаў, дзе ёсць архіўныя фонды і літаратура, па якіх можна было б пачаць працу. Па апублікаваных матэрыялах ведаю, што у Томскім архіве ёсць спецыяльны бежанскі фонд, пэўна, такія ж фонды ёсць у другіх архівах, але не выдзелены асобна і таму не паказаны ў даведніках.