Читаем Лісты полностью

Тыя дакументы, якія знаходзяцца зараз у архівах, ужо нідзе не дзенуцца, іх раней ці пазней знойдуць даследчыкі, але мне хацелася арганізаваць збор матэрыялаў ад жывых людзей, якія зараз ужо старыя і якіх штогод робіцца ўсё менш. Хацелася запісаць ад іх — дзе яны былі ў бежанстве, што рабілі, як вярнуліся дахаты і што там знайшлі. Для гэтага трэба наперад дамовіцца з кіраўнікамі газет ці часопісаў, каб было дзе друкаваць хоць частку сабранага матэрыялу. Покуль што на гэта надзея вельмі слабая, інакш кажучы, няма магчымасці хадзіць у Мінску па ўстановах і дамаўляцца там.

У нейкай меры справа была б зрушана, каб каму-небудзь з даследчыкаў Мінска можна было даць такую тэму і яму даручыць усю арганізацыйную справу. Але з гэтага нічога не выходзіць. Аднак і пры такіх умовах я прасіў бы Вас паведаміць, што Вы ведаеце пра бежанскія матэрыялы, бо калі-небудзь спра­ва дойдзе і да іх.

3 пашанаю

М. Улашчык.

Москва А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19.

ЮЛІІ БІБІЛА

22 лютага 1968г.

Юлія Осіпаўна.

Троха хварэю, троха залішне шлюць мне рукапісаў, таму да гэтага часу не пісаў яшчэ Сівіцкай (напішу сёння), не пісаў і Вам. Я здабыў том IV "Записок северо-западного отдела Рус­ского географического общества", а паколькі адзін экз. гэтага тома ў мяне ўжо ёсць, магу даслаць яго ў Мінск. Прашу Вас — даведайцеся, ці патрэбен гэты том Дзяржаўнай ці Акадэмічнай бібліятэцы. Ёсць у мяне таксама адзін нумар "Савецкай краіны" за 1932 г. Таксама магу пераслаць.

Адна з тутэйшых гісторыкаў (пэўна, з Мінска) пытала мяне: якое гэта выданне на гектографе, падпісанае Данило Боровик? Выданне беларускае, выйшла не за граніцаю, але ў XIX ст. не­легальна ў Расіі. Ці няма ў Вас якіх звестак пра яго?

Шушкевіч прыслаў запрашальны білет на свой юбілей. Шка­да, што не змог прыйсці, бо гэта вельмі сімпатычны чалавек.

Віншую Вас з выбарам Абэцадарскага членам-карэспандэнтам Акадэміі педагагічных навук. Пры такім складзе педагогіка, ведама, пойдзе далёка.

Прывітанне маім на Кахоўскай. Пішуць яны рэдка. Улашчык.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

17 сакавіка 1968 г.

Шаноўная Людвіка Антонаўна.

Некалькі дзён таму назад меў размову з рэдактарам нашага галоўнага часопіса "История СССР". Пытаў яго пра магчымасці друкавання артыкула пра бежанцаў. Ён адразу ўхапіўся за гэта (ніхто не ведае зараз, што такое бежанства), сказаў, што з ахвотаю будуць друкаваць (гэта яшчэ не азначае, што скора надрукуюць), але паставіў умову. Па-першае, у артыкуле павінны быць узняты агульныя праблемы бежанства (якія прычыны, колькі выселілі, куды паехалі і г. д.). Па-другое, каб адзначыць, якое значэнне меў зварот бежанцаў на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Скарыстаць гэту магчымасць неабходна, бо калі ў "Истории СССР" будзе змешчаны артыкул, то гэта знойдзе водгук, тым больш я пастараюся даць прыпіску, што гэты артыкул павінен узрушыць цікавасць да бежанства і стаць пачаткам збору матэрыялаў.

Не ведаючы зместу тых Вашых артыкулаў, якія знаходзяцца ў "Полымі", паведамляю Вас аб размове з рэдактарам. Калі Вашы артыкулы не адпавядаюць вымаганням рэдакцыі, ці не можаце Вы перапрацаваць які-небудзь з іх, а калі Вы не можаце, то, можа, ёсць хто другі? Штурхаць іх тут, у рэдакцыі, буду я, хаця, як адзначаў, спадзявацца, што гэта адбудзецца скора, нельга.

Думаў, што ў сярэдзіне сакавіка буду ў Мінску, а зараз заехаў бы і ў Вільню, але гэта справа ўсё адкладваецца.

Улашчык.

ВЕРЫ ПАЛТАРАН

18 красавіка 1968 г.

Дарагая Вера Сямёнаўна.

Прачытаў Ваш "Дзівасіл" і быў узрадаваны і ўзрушаны. Нарыс такой сілы, такога таленту. Мастацкі нарыс у абарону народнага мастацтва, у абарону разумных людзей, нарыс проці тупога стандарту.

Я быў у Тонежы ў 1927 г. у складзе студэнцкай краязнаўчай экспедыцыі, арганізаванай Беларускім універсітэтам. Быў у Тураве, Азяранах, Перарове, Рычове, Тонежы, Букчы, Обзаве і Радзілавічах.

3 іх усіх Тонеж быў самы прыемны, а Радзілавічы рабілі цяжкае ўражанне. Тонеж і другія месцы фатаграфавалі, але зараз не засталося нічога. Памятаю толькі, што ў Тонежы фатаграфавалі вельмі прыгожую дзяўчыну Мялаху Жураўскую, а з ёю яшчэ дваіх дзяўчат ці то маладых жанчын (у той час у Тураўшчыне дзяўчына ў 20 гадоў лічылася старою).

Вітаю Вас з мастацкім, таленавітым, разумным нарысам. Мне здаецца, такога нарыса ў беларускай літаратуры я не спатыкаў.

М. Улашчык.

Москва А-252, Новопесчаная, д. 21, кв. 19.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

20 мая 1968 г.

Шаноўная Людвіка Антонаўна.

Дзякаваць Вам за прысланыя запісы. Запіс пад № 1 (Улановіч) зроблен проста па-мастацку. Запісвала, пэўна, унучка, і ў каго-небудзь — ці ў бабкі, ці ў Ганны — ёсць мастацкія здольнасці.

Напішу ўступ і пашлю ў Мінск, думаю, нават не проста ў рэдакцыю, а каму-небудзь са знаёмых, каб яны, прачытаўшы, параілі, куды даць. Першыя запісы абавязкова трэба друкаваць, каб даць ахвоты другім.

Паспрабую 2-3 з прысланых Вамі запісаў надрукаваць цалкам, астатнія ў выкладзе.

Пасылаю Вам свой апошні артыкул; два экз. артыкула адсылаю ў школу вучням, якія зрабілі запісы. Калі справа ўзрушыцца, трэба будзе вызначыць месца, дзе хаваць запісы.

Улашчык.

ЗОСЬЦЫ ВЕРАС

1 чэрвеня 1968 г.

Перейти на страницу:

Похожие книги