3 Уржума некалькі разоў званіла мне жонка Жылкі. Яна пакінула яго прыблізна ў чэрвені 1932 г. і паехала ў Ленінград (прыехала ў Уржум у верасні 1931 г.). Жылка прысылаў мне свае апошнія вершы і пераклады са скандынаўскіх паэтаў. Прыслаў і свой "Тэстамент", з якога памятаю толькі адзін радок: "Умыйся чэрвеньскім дажджом, жыві, расці, цвіці бясконца".
Усё гэта ў свой час загінула. Відаць, ніхто не ведае нават, дзе яго магіла. У студзені (здаецца) 1933 г. яму дазволілі паехаць у Крым, але ён быў зусім хворы, жыў адзін і выехаць не мог. Памёр, пэўна, увесну 1933 г. Казаў пра сваю маленькую дачушку, якая, здаецца, гадавалася ў яго маткі. Можа, праўда, што і блытаю, бо было вельмі даўно, але прыезд і ад’езд жонкі памятаю добра.
Гурскі і Міцкевіч у 1933 ці 1934 г. прыехалі ў Вятку, дзе Міцкевіч скора памёр. Вось пакрысе тое, што памятаю.
Улашчык.
СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ
13 мая 1967 г.
Дарагі Сцяпан Хусаінавіч.
Па-першае, пра гісторыю беларускага друку і Ваш артыкул. Пасля тае рэцэнзіі, якую далі Шабуня і Абэцадарскі на артыкул Вашага папярэдніка, іншага і чакаць было нельга. Я думаю, нават упэўнены, што рэцэнзенты калі і чыталі што з "Нашай нівы", то выпадкам асобныя нумары. Ды ім больш нічога і не трэба было, бо яны і так усё, што трэба, ведалі наперад. Таму мне здаецца, калі бераце такую вялікую тэму, то трэба ўзяць "Нашу ніву" — толькі як нейкі асяродак, стрыжань, і паказаць, што яна ўяўляла сабою сярод іншых віленскіх выданняў таго часу (1905-1914).Перабіраючы "Памятные книги" Віленскай губерні за гэтыя часы, я быў здзіўлены, убачыўшы, колькі перыядычных выданняў выходзіла ў той час у Вільні. Большасць з іх была выразнага, нават занадта выразнага, рэакцыйнага напрамку, у тым ліку і розныя "беларускія" выданні. Віленскія выданні разыходзіліся не толькі па Беларусі і Літве, але і далёка далей, і калі б Вы ўзяліся за гэту тэму, то, пэўна, выйшла б цікавая і вялікая праца.
Праўду кажучы, гаворачы пару месяцаў назад з дзеўчынаю, якая шукала сабе тэмы па гісторыі друку, я параіў ёй таксама звярнуцца да віленскага друку таго часу, але ёй трэба ўсяго напісаць дысертацыю, а Вам — вялікую працу. Таму, калі яна нават узялася за гэта, Вы пэўна адзін другому пярэчыць не будзеце.
Адносна друкавання Вашага артыкула тут. Пра часопісы сказаць нічога нельга. Мой артыкул пра колькасць пісьменных у Беларусі зацверджаны да друку гады паўтара назад, і калі выйдзе — невядома. Тое ж самае і ў іншых часопісах (мой ляжыць у "Истории СССР"). Зараз у нас увесь час ідуць размовы, што мы занадта прысталі да сацыяльна-эканамічных праблем і зусім закінулі пытанні культуры, таму мажліва будзе падбірацца які-небудзь зборнік, у які можна будзе пусціць і Ваш артыкул. У нас яшчэ даволі часта выходзяць зборнікі ў пашану каго-небудзь, але туды прымаюць не больш 12—15 старонак.
У 1958 г. эстонцы арганізавалі ў сябе першы сімпозіум па аграрнай гісторыі, і з таго часу сімпозіумы збіраюцца штогод, і ў "Ежегодниках" за гэты час надрукавана значна больш артыкулаў, чым у самой Беларусі. Варта таму ўзняць пытанне, каб наладзіць прыблізна такія сімпозіумы па справах культуры. Пра гэта буду гаварыць тут — дзе толькі можна. Наогул, калі будзе магчымасць куды-небудзь прыладзіць Ваш артыкул, паведамлю.
Цяпер пра Смаргонь. У мяне неяк пыталі пра тое ж самае пісьменнікі, і я сказаў, што нічога парадзіць не магу, усё, што ведаю, не выходзіць далей анекдотаў. У 1831 г. Смаргонь належала Пшаздзецкім, ад якіх была канфіскавана дзяржаўнымі органамі. Калі набылі яе Пшаздзецкія — зараз не памятаю, але калі будзеце шукаць у Радзівілаў, то майце на ўвазе і гэтых уласнікаў. Між іншым, Радзівілаўскія фонды ёсць, апрача Мінска, яшчэ ў Ленінградзе (гляньце артыкул Копреевой у "Трудах" Бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына (том V (8), у Вільні, у Львове, а можа, і яшчэ дзе (не кажучы пра Польшчу).
Смаргонь была не адзіным такім цэнтрам, бо мядзведзяў на Беларусі вучылі яшчэ ў Семежаве (пра гэта, здаецца, ёсць у матэрыялах, якія знайшоў П. Казлоўскі з Інстытута гісторыі), а пэўна, і яшчэ дзе. Мы так кепска ведаем сваю гісторыю, што можам знайсці ў архівах самае незвычайнае.
Я паставіў сабе зараз тэмаю даследаванняў крыніцы па гісторыі Беларусі (не падручнік, але манаграфічнае распрацаванне) і думаю, што гэтага мне стане да смерці, тым больш што зараз рыхтую да выдання беларускія хронікі.
Улашчык.
СТАНИСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
15 чэрвеня 1967 г.
Станіслаў Пятровіч.
У № 47 "ЛіМа" змешчаны артыкул пра Пічэту. Я прачытаў яго па тэлефоне жонцы Пічэты, якая была вельмі ўзрушана і прасіла, каб як-небудзь здабыць гэты нумар. Калі будзе магчымасць, прышлеце газету на маё імя, бо яна скора едзе некуды на курорт.
Атрымаў ліст з Дзяржынска са спасылкаю на Вас. Папраўдзе сказаць, я не ўразумеў, што яны хочуць? Пэўна ж, каб напісаў пра Койданаў, а ў лісце напісана — нібы просяць успамінаў.