Я ў 1924 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага універсітэта і скончыў яго ў 1929 г. Спецыялізаваўся па гісторыі Беларусі, пасля жыў шмат дзе, а з 1944г. знаходжуся ў Маскве, працую ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. У Вільню прыехаў першы раз у канцы 1946 г., а пасля быў часта, амаль кожны год і кнігу сваю напісаў у большасці па матэрыялах Віленскага архіва, але неяк не прыходзіла ў голаў шукаць там сваіх настаўнікаў. Пасылаю Вам сваю манаграфію, за якую атрымаў званне доктара гістарычных навук, у якой знаходзіцца нейкая частка і Вашай працы.
СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ
15 снежня 1966г.
Станіслаў Пятровіч.
Вітаю Вас з выхадам новай кнігі, а зараз дзякую, што прыслалі мне. Літаратурнае жыццё Беларусі ведаю такі кепска, на ўсё не стае. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла "Палеская хроніка" Мележа. Мне здаецца, што аўтара, які б так ведаў і так паказаў вёску, як Мележ, у Саюзе, можа, і няма.
Пісаць пра перажытае нам трэба, але шмат пра каго, што Вы спыталі, я ведаў зусім мала. 3 Бабарэкам ехаў ад Масквы да Вяткі і жыў там з тыдзень разам (1931 г.). А ў 1935 г., улетку, бачыўся яшчэ троха, але гэтага замала, каб сказаць што-небудзь, апрача таго, што ён быў вельмі разумны і прыемны чалавек. Зараз у Маскве жывуць яго жонка і адна дачка, а другая дачка — у Ленінградзе. Адрас, відаць, ёсць у маёй сястры Ніны (Кахоўская, д. 28, кв. 65).
3 Пічэтам у тыя гады ў Вятцы бачыўся адзін раз і таму таксама нічога сказаць не магу, хіба што ён быў нарміроўшчыкам нейкай кааператыўнай гаспадаркі. Зараз у Маскве жыве яго жонка, але яна пісаць нічога не будзе. Часта спатыкаўся я з Пічэтам у 1944—1947 гг., жывучы ў Маскве. А. Ліс прапанаваў нават мне напісаць невялікую кнігу пра Пічэту, але ў мяне зараз выйшла так, што я не паспяваю са сваімі планавымі заданнямі, і таму адмовіўся.
У 1931 г., у самым пачатку жнівеня, Азбукін, Гурскі (дырэктар тэатра), Міцкевіч (пэўна, таксама Ваш настаўнік, матэматык) і яшчэ некалькі выехалі з Вяткі, каб ехаць на поўдзень сучаснай Кіраўскай вобласці. Мы даехалі чыгункаю да Кацельніча, дзе спаткаліся з Савічам (той, што працаваў У "Беларускай вёсцы") і Жылкам, які пад той час прыехаў з Мінска. У Кацельнічы мы думалі-думалі, як ехаць, а ўрэшце зрабілі так, як там рабілі тубыльцы: купілі вялікую лодку і паплылі. Плылі 6 ці 7 дзён, адзін раз ледзьве не ўтапіліся (нас зганяла пад плыт), але ўрэшце даехалі.
Я з Азбукіным жыў у горадзе Налінску (гэта 20 км ад р. Вяткі), а цераз Вятку км за 60 ад нас, у Уржуме, жыў Жылка. Азбукін неяк адразу пасля прыезду стаў настаўнікам у школе сялянскай моладзі, дзе выкладаў прыродазнаўства, а пазней быў адначасова і загадчыкам краязнаўчага музея. 3 вясны па зіму 1932 г. ён збіраў гербарый і сабраў нешта 600 розных раслін. Гэта ўсё знаходзілася ў музеі, а пасля яго ад’езду ў Вятку (1933 ці 1934 г.) гербарый аддалі карове. У Вятцы Азбукін таксама быў настаўнікам і троха займаўся навуковымі доследамі, але гэта было так сабе, бо друкаваць было немагчыма, нават каб што і добрае.
У Вятцы (ці ў той час ужо ў Кіраве) ён прабыў, здаецца, да лета 1936 г., а пасля пераехаў у Ульянаўск, які тады быў яшчэ раёнам. Там ён таксама пачаў працаваць у сярэдняй школе выкладчыкам геаграфіі і зноў збіраў гербарый і розных казюрак, рабіў невялікія экскурсіі каля горада (за Волгаю там пачынаецца стэп), пасябраваў з дырэктарам музея, але ўсё гэта было ізноў толькі так сабе, бо сапраўды навуковаю працаю займацца было нельга.
Улетку 1937 г. я паехаў уніз па Волзе і спыніўся ў сяле на граніцы з Казахстанам, а Азбукін рушыў далёка на ўсход і даехаў да Таджыкістана, дзе і загінуў у пачатку вайны.
Старэйшая яго дачка, казалі мне, працуе ў Ленінградскім універсітэце, але яна мала ведала бацьку (прыязджала троха ў Налінск і Ульянаўск), тым болей, што яе бацькі разышліся, калі яна была малая. Другая дачка (ад другой жонкі), казалі, працуе недзе каля Разані садаводам, але яна была зусім малая, калі загінулі бацькі. I пэўна, таксама нічога не памятае пра бацьку. У жыцці Азбукін быў тое, што завецца "лёгкі" чалавек, звычайна, у добрым гумары. Ён шмат што ведаў і быў бы, пэўна, добрым вучоным.
3 Максімам Гарэцкім спатыкаўся толькі некалькі разоў, і сказаць пра яго няма чаго.
3 вясны 1931 па 1936 ці 1937 г. у Вятцы жыў Н. Чарнушэвіч. Але ж ён жыве ў Мінску, і найлепш было б зайсці да яго самога, тым больш што ён хворы і бывае надта рады, калі да яго хто зойдзе. Можа, як дзіва для Вас скажу, што ён адзін час быў дацэнтам фізікі ці біяфізікі ў Вяцкім (здаецца, ветэрынарным) інстытуце. Каб весці заняткі, ён працаваў не менш як 20 гадзін у суткі. Скончылася гэта тым, што ў яго сталіся глыбокія каверны, і дактары ў 1932 г. сказалі, што ён праз месяц ці два памрэ. Працу ён, ведама, пакінуў, але, зарабіўшы грошай, наказаў насіць сабе малака і штодня па кавалку масла. Піў гарачае малако з маслам, і вось жыве да гэтага часу.