Читаем Лісты полностью

Прыехаўшы дахаты, прачытаў Ваш артыкул-рэцэнзію на зборнік вершаў Гаўрука. Рэцэнзія напісана вельмі сардэчна, і нам абодвум (мне і жонцы) гэта вельмі прыемна, бо ў 1967 г. мы разам з Гаўруком былі ў Каралішчавічах, і ён нам вельмі спадабаўся. Таленавіты чалавек з вельмі цяжкім лёсам, якому рэдка даводзілася чуць пра сябе добрае слова.

На вялікі жаль, я не бачыў гэтай кнігі ў магазінах і таму не набыў яе. Быў бы вельмі ўдзячны Вам, калі б Вы змаглі прыслаць яе.

Пасылаю Вам два свае артыкулы. У тым, дзе напісана пра пісьменнасць, галоўны пасля апошняй карэктуры выкрасліў мае падлікі, што ў Беларусі к 1917 г. пісьменных было каля 40 %. Прывітанне ўсяму Вашаму сямейству. Улашчык.

УЛАДЗІМІРУ КАЛЕСНІКУ

4 кастрычніка 1969 г.

Шаноўны Уладзімір Андрэевіч.

Я ведаў Жылку з таго часу, як ён з’явіўся ў Мінску (не па­мятаю добра — у 1926 ці 1927 г. г.). Я ў той час вучыўся ва ўніверсітэце і адначасова працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы, куды заходзілі ўсе культурныя дзеячы Мінска.

Жылка скора стаў рэдактарам "Літаратурнай старонкі" газе­ты "Звязда", якая выходзіла адзін час па нядзелях (Вам варта праглядзець камплекг гэтых старонак, калі Вы не зрабілі гэтага і без мае рэкамендацыі). Здаецца, два разы даваў у гэту старонку некалькі артыкульчыкаў і я. У гэты ж час намеснікам рэдактара "Звязды" быў Купцэвіч, які ў 1928 ці 1929 гг. пераехаў у Маскву і стаў там фрэзероўшчыкам, а адначасна пісаў крытычныя артыкулы ва "Узвышша". Купцэвіч перапісваўся з Жылкам у 1931-1932 гг., але праз некаторы час знік, і цяпер ніхто не ведае, дзе і калі ён скончыў свае жыццё. Я ведаў яго жонку, але яна і сама нічога [не] чула пра лёс свайго мужа.

Памятаю, што ў рукапісе "Тэстаменту" былі некалькі раз шматкроп’і, але не больш, як тры разы: першы раз, здаецца, тры радкі, пасля два разы па адным радку. Думаў, гэта зроблена таму, што аўтар адчуваў сябе вельмі дрэнна, баяўся, што не паспее скончыць, і адсылаў тое, што было. Пра тыя радкі, што Вы прыслалі, не магу сказаць нічога, бо ў памяці яны ня захаваліся.

Калі ва Уржуме архіў у гаспадыні забраў не брат паэта, то гэта мог быць толькі Бэндэ, які рабаваў усе архівы пісьменнікаў (апрача Бэндэ, ніхто ж з пісьменнікаў ці літаратуразнаўцаў пэўна не ведаў, калі і дзе памёр Жылка).

Жонка Жылкі прыязджала да яго ў верасні 1931 г., пражыла там да чэрвеня ці ліпеня 1932 і затым паехала ў Ленінград.

У Мінску я ніколі не спатыкаўся з Жылкам неафіцыйна, а толькі ў бібліятэцы ці ў рэдакцыі "Звязды". 3 журналістаў таго часу (большасць рэдакцый у той час змяшчалася ў адным будынку, дзе было і Дзяржаўнае выдавецтва), які пэўна ведаў Жылку, але таксама няблізка, зараз жывы Алесь (Аляксандр Лявонцьевіч) Матусевіч.

Вы, пэўна, ведаеце з літаратуры, што зборнік вершаў Жылкі ("3 палёў Заходняй Беларусі") быў сустрэчаны крытыкаю (у той час кожны часопіс лічыў амаль сваім абавязам аблаяць кнігу аўтара, які быў у другой арганізацыі) варожа. Пасля была вельмі непрыгожая гісторыя, калі ініцыяламі Жылкі ("Ул. Ж.") падпісваўся, здаецца, Дудар, што выклікала пратэсты Жылкі.

Вось, здаецца, і ўсё, што я магу паведаміць Вам. У апошнім нумары "Полымя" Александровіч піша, што ён атрымаў ад дачкі Краскоўскага той архіў Жылкі, які заставаўся ў яе. Неяк у размове Жылка ўспамінаў пра яе, казаў, што, скончыўшы філасофскі факультэт універсітэта, яна зарабляе на жыццё вышыўкамі.

Я прашу Вас прыслаць копію верша, але мне здаецца, што спасылацца на мяне ў прадмове не варта, бо я ведаю толькі, што "Тэстамент" быў напісаны і што (мне так здаецца) аўтар лічыў яго няскончаным, чаму і ставіў шматкроп’і.

Пра Жылку павінен ведаць Шушкевіч, які так многа піша пра загінуўшых, хаця ў свой час Шушкевіч быў у БелАПП, а Жылка, пэўна, ва "Узвышшы".

Улашчык.

УЛАДЗІМІРУ КАЛЕСНІКУ

16 кастрычніка 1969 г.

Шаноўны Уладзімір Андрэевіч.

Бясспрэчна, што пакладацца толькі на памяць, успамінаючы пра падзеі, якія адбыліся 37 гадоў назад, нельга, але пра некаторыя дэталі магу сказаць зусім упэўнена. Той "Тэстамент", які прысылаў мне Жылка, быў значна меншы ад таго, што маеце Вы. Той экзэмпляр, што быў у мяне, пэўна, заняў бы не больш, як тры машынапісныя старонкі.

Зусім пэўна магу сказаць, што з сучаснага тэксту ў мяне былі тыя раздзелы, якія стаяць пад нумарамі 15,20 і 23, але мне здаецца, што нумар 15 знаходзіўся ў самым пачатку, гучэў як уступная частка. Выходзячы з гэтага, аднак, нельга рабіць вывад, што нехта дапісаў рэшту; найбольш верагодна, што Жыл­ка, цяжка хворы, паслаў мне ўрывак. Дарэчы, ці ёсць у Вас той верш пра трох сяброў, аб якім я пісаў Вам? На гэты верш я пісаў яму адказ.

Перейти на страницу:

Похожие книги