Читаем Лісты полностью

Паколькі пра сваё жыццё даводзілася пісаць амаль што сотню разоў (аўтабіяграфія), то я запомніў яе капітальна. Нарадзіўся 1 лютага (па старому стылю) у 1906 г. у сялянскай сям’і каля Мінска (зараз звычайна пішу ў Мінску). Сям’я выдзялялася тым, што ўсе любілі кнігу і шмат чыталі. Пачатковую школу (народную) скончыў у мястэчку, у 1917 г. паступіў у Мінскае вышэйшае пачатковае вучылішча (чатырохкласнае), а затым вучыўся яшчэ ў дзвюх школах і цалкам скончыў сярэднюю школу ў 1924 г. У 1919 г. наша школа стала беларускай, якая і прывіла мне цікаўнасць да гісторыі і этнаграфіі свайго краю, але наогул у школе вучылі дрэнна, і мы выйшлі адтуль з вельмі слабымі пазнаннямі.

У 1924 г. паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, дзе адразу стаў спецыялізавацца па гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага. Займаўся на семінарах Пічэты (Літоўскі статут), слухаў лекцыі Даўгялы (крыніцазнаўства па гісторыі Беларусі), Доўнар-Запольскага (гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі) і г. д. Універсітэт скончыў у 1929 г. Адначасова з вучобай ва універсітэце працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы ў Мінску.

На пачатку 1930 г. з’ехаў з Мінска і больш туды не вяртаўся. Працаваў больш настаўнікам сярэдніх школ і тэхнікумаў у розных месцах СССР, на працягу двух апошніх перадваенных гадоў быў настаўнікам у Ленінградзе, дзе здаваў аспіранцкія экзамены. У пачатку 1944 г. быў залічаны ў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі АН СССР. Дысертацыю на ступень кандыдата абараніў 1 снежня 1947 г., доктарскую — 3 сакавіка 1964 г.

Друкавацца пачаў студэнтам. Першапачаткова спецыялізаваўся ў галіне археалогіі Беларусі, затым адышоў ад гэтай тэмы. Будучы студэнтам, удзельнічаў у рабоце студэнцкага краязнаўчага аб’яднання і кожны год ездзіў або хадзіў пешшу па Беларусі. Калі дадаць, што нямала ездзіць і хадзіць давялося пачынаючы з 1920 г., то атрымаецца, што мне пашанцавала — пабыўшы ў розных зонах краіны, я ўбачыў яе сваімі вачыма, што надалей вельмі дапамагло ў занятках.

Прыехаўшы ў Маскву ў пачатку 1944 г., пачаў займацца літоўскаю моваю, але авалодаў ёю дрэнна. Слабое знаёмства (г. зн. адсутнасць асабістых уражанняў) з Літвою таксама адбілася на занятках па гісторыі Літвы. Гэта агульная бяда нелітоўцаў, якія займаюцца Літвою.

Здаецца ўсё. Выбаркі зрабіце самі.

А цяпер да Вас просьба. Я скончыў кнігу, якая называецца: "Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода". У рабоце шмат адведзена ўвагі Віленскай археаграфічнай камісіі. Да работы прыкладаю фота розных мясцін і асоб-публікатараў. Калі можаце, дашліце мне фота будынка, у якім мясціўся Цэнтральны архіў. Калі ў Вас няма такой магчымасці, прашу паведаміць таксама.

Быў у Кіеве і Львове, шукаў хронікі ВКЛ. Нічога не знайшоў.

Улашчык

ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ

15 чэрвеня 1970 г.

Дарагі Генадзь Аляксандравіч.

Лічу бясспрэчным, што калі Вы мяркуеце пісаць манаграфічную працу, то на яе трэба глядзець як на дысертацыйную.

Якую браць тэму? На адлегласці гэта пагодзіць цяжка, але толькі магу сказаць, што, жывучы ў Маладзечне і, пэўна, не маючы магчымасці на месяцы выязджаць у розныя гарады на працу ў архівах, трэба браць тэму, якую можна распрацаваць у асноўным па апублікаваных крыніцах. Выходзячы з такіх меркаванняў, мне здаецца, што Вам або трэба ўзяць тэму аб семінарыях у самым шырокім сэнсе, г. зн. разглядаючы зараз усю сістэму асветы на Беларусі ў нейкі пэўны час, ці вызначыць тэму з гісторыі гарадоў Беларусі XVI ст. (у тым аспекце, які не закрануў Капыскі).

У першым выпадку Вы маеце вельмі багаты архіўны фонд папячыцеля Віленскай акругі ў Цэнтральным гістарычным архіве ў Вільні, у другім — апублікаваныя матэрыялы ў серыі "Акты Виленской комиссии" і іншых выданнях. Думаю, шт ТБШ кранаць не варта.

Калі ў Вас ёсць магчымасць працаваць больш-менш доўгі час у Мінскім архіве, то ёсць вельмі цікавая тэма — дослед аб Радзівілаўскім архіве, у прыватнасці, аб яго складзе, бо, маючы такі багаты архіў, ніхто з даследчыкаў не ведае ў поўнай меры яго складу.

Наогул не спяшайцеся з вызначэннем тэмы. Гэта трэба прадумаць вельмі ўважліва. Можа, у Вас ёсць больш канкрэтна звыш таго, што Вы напісалі.

Улашчык.

ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ

22 ліпеня 1970 г.

Дарагі Генадзь Аляксандравіч.

Дзякуй Вам за кнігу. Я нават не ведаў, што яна выйшла, а покуль бы прасіў, то і дастаць праз Мінск было б, пэўна, немагчыма.

Перейти на страницу:

Похожие книги