Выйшаў з друку том першы "Гісторыі Беларускай ССР". Я з’яўляюся адным з рэдакгараў гэтага тома і адразу пасля выхаду кнігі атрымаў адзін экзэмпляр, які, аднак, аддаў рэцэнзенту, а сабе думаў набыць, калі прыеду ў Мінск чытаць лекцыі (у Педагагічным інстытуце). Аднак, прыехаўшы, даведаўся, што купіць кнігу нельга, бо яна выдаецца па падпісцы, а прадавалася ў рукі некалькі экзэмпляраў. Пра гэта я не ведаў, але каб і ведаў, то не ўсё было б добра, бо я, звычайна, купляю мінскія выданні ў колькасці 3-6 і болей экз., якія рассылаю па СССР і ў Польшчу, а падпісацца на 5-10 экз. пяцітомніка нельга. Я хацеў паслаць "Гісторыю" ў Варшаву, Познань, Вроцлаў, Беласток, на Украіну, але не змог купіць і сабе. Тое ж здарылася і з другімі рэдактарамі і аўтарамі — купіць пару экз. тома першага "Гісторыі" няма дзе.
Выязджаючы з Масквы, абяцаў, што арганізую прысылку 30—40 экз. у кіёск, які знаходзіцца ў будынку Інстытута гісторыі СССР (вул. Дз. Ульянава, д. 19), дзе яшчэ знаходзяцца інстытуты этнаграфіі, археалогіі і ўсеагульнай гісторыі. Спецыялісты гэтых інстытутаў (а таксама і МГУ) чакаюць кнігу і ўпэўнены, што могуць набыць яе, а Беларускі кнігагандаль (ці хто іншы) зрабіў так, што кніга, у якой падагульнены дасягненні гістарычнай навукі ў БССР, сталася даступнаю толькі падпісчыкам.
Бясспрэчна, трэба зрабіць так, каб некалькі сот кніг пусцілі ў продаж без падпіскі. За адным разам, калі ўжо турбую Вас, павінен сказаць пра адносіны кнігагандлю да выданняў Акадэміі навук СССР, якія непасрэдна адносяцца да Беларусі.
Калі выйшла кніга Л. В. Аляксеева ("Полоцкая земля") — самае лепшае даследаванне па гісторыі Беларусі эпохі ранняга феадалізму, то Беларускі кнігагандаль заказаў 10 экз., а пасля, пабачыўшы, які на гэту кнігу попыт, заказаў яшчэ 800 экз., але тыраж разышоўся за 1-2 месяцы ў Маскве, і, такім чынам, беларускі чытач змог набыць яе толькі выпадкам. Калі выходзіла мая кніга ("Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии"), то кнігагандаль наогул адмаўляўся ўзяць хаця б адзін экзэмпляр. 400 экз. гэтага выдання кнігагандлю ўпіхнулі літаральна сілом.
Крыўдна, працуючы ў Маскве выключна над беларускаю тэматыкаю, сілом соваць свае кнігі на Беларусь.
Выбачайце, што турбую Вас, але прапаганда беларускай навуковай кнігі — занадта вялікая справа, каб не прабаваць што-небудзь зрабіць для гэтага.
М. Улашчык, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі СССР АН СССР, доктар гістарычных навук.
Москва, А-40, Ленинградский проспект, д. 2, кв. 16.
ЛЕАНІДУ ПОБАЛЮ
15 верасня 1972 г.
Дарагі Леанід Давыдавіч.
12 верасня 1972 г. у Ленінградзе памёр Шутаў. Гэта быў вельмі своеасаблівы чалавек з задаткамі выдатнага вучонага, які, аднак, зрабіў практычна вельмі мала. Ён першы з удзельнікаў студэнцкага Краязнаўчага таварыства ўніверсітэта вёў практычную даследчую работу і наогул цікавіўся археалогіяю з дзесяці гадоў. На вялікі жаль, бацька прымусіў яго пайсці на медыцынскі факультэт, хаця ён усё жыццё адносіўся да гэтай спецыяльнасці абыякава. Адзін час працаваў у Інстытуце прафэсійных захворванняў, канструяваў вельмі складаны апарат, а пасля, не паладзіўшы з дырэктарам, кінуў гэта і стаў санітарным урачом.
У яго засталася даволі багатая бібліятэка і архіў, у архіве ёсць цікавыя матэрыялы (між іншым, адзінае, пэўна, камандыровачнае пасведчанне ў экспедыцыю на Полаччыну 1928 г. са штампам і пячаткаю Краязнаўчага таварыства ўніверсітэта).
Пішу ўсё гэта на тое, што пра яго трэба было б надрукаваць нейкі артыкул у беларускім друку, а паколькі Вы член рэдакцый, то зварачаюся да Вас.
Дзяцей у Сяргея не было. Жонка яго мала што разумее ў гэтых справах і, думаю, што пры вырашэнні гэтых пытанняў галоўнаю фігураю будзе яго брат, які таксама жыве ў Ленінградзе. Сёння пішу ліст і да яго. Думаю, калі будзе магчымасць што надрукаваць, то пісаць будзе ці яго брат Леў, ці я. Думаю яшчэ, што яго архіў трэба было б перадаць у аддзел рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі. Пра гэта таксама напішу брату.
3 9 верасня збіраўся прыехаць у Мінск, лепш кажучы, у Каралішчавічы, але захварэла жонка, і зараз не ведаю, ці змагу паехаць і ў Гродна на сімпозіум.
Прывітанне ўсім археолагам.
Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
10 лістапада 1972 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Атрымаў сёння Ваш ліст і разжаліўся. Мне так хацелася мець "Гравюры", але чамусьці кожны раз, як быў у мінскіх крамах, забываўся пра іх. Між іншым, гэта не першы выпадак, што Ленінскі [праспект] блытаюць з Ленінградскім, але кожны раз мяне знаходзілі па адрасным стале, і пошта даходзіла, хаця і са спазненнем.
Калі ў Вас будзе якая магчымасць, то прашу паслаць гэту кнігу другі раз, але яшчэ лепш будзе, калі Вы пашлеце не толькі мне, але і Рогаву (калі не высылалі), і Каралюку. Гэта для Вас, каб замацаваць знаёмства.