Мой даклад (ці паведамленне) выклікаў здзіўленне. Як магла існаваць на Беларусі такая вёска, дзе сярэдні селянін прадаваў у год (1912—1913) на 750 рублёў, і дзе ва ўсіх былі малатарні. Найбольш радыкальна выступіў Мялешка, які сказаў прыблізна так: вёска нетыповая, а ў такім разе ці варта пра яе пісаць ці гаварыць. Я не выдумваю. Слова "нетыповая" было сказана літаральна. Па дакладзе Ан. Пятровіча [Грыцкевіча] Капыскі сказаў, што магнаты на Беларусі былі цалкам гібрыдныя (мяшанцы), і таму казаць пра іх нацыянальнае паходжанне нельга. У кулуарах гэта выклікала смех, але наогул на спрэчкі давалі часу нешта па 3—5 мінут.
Пра Ваш папярэдні ліст. Лічу, што сур’ёзна займацца навуковаю працаю я пачаў, толькі паступіўшы ў аспірантуру, што было праз 15 гадоў пасля сканчэння ўніверсітэта. Упэўнены і зараз, што нават той, хто паступае зараз ва ўніверсітэт, добра падрыхтаваны, ведае замежные мовы, умее зрабіць добры канспект, чытае спецыяльную літаратуру, а часам і крыніцы, і праходзіў курс у кваліфікаваных прафесароў (не кажу пра абласныя педінстытуты, дзе і самі дацэнты мала што ведаюць), нават той пачынае стала вучыцца толькі пасля сканчэння ВНУ. Што ж казаць пра нас? Калі кажу, што выйшаў з універсітэта кепска падрыхтаваны, мне заўсёды кажуць — у Вас жа быў Пічэта.
Добра памятаю, як пасля выпускнога вечара (дзе атрымаў бутэрброт і бутэльку піва) ішоў дамоў і думаў: вось скончыў універсітэт, а што ведаю? Здаецца, сталкі сама, як прыйшоўшы туды. Гэта, беэумоўна, перабольшванне, штось набыў ва ўніверсітэце, але ж надта мала, тым больш, што і школа дала зусім мала.
Вітаю яшчэ раз з Новым годам.
Улашчык.
ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ
24 снежня 1975 г.
Дарагі Генадзь Аляксандравіч.
Сёння атрымаў Ваш ліст, сёння і адказваю, тым больш што ўвесь вечар пішу навагоднія лісты ці паштоўкі. Вашу манаграфію толькі пералістаў.
Бясспрэчна, зрабілі ўжо шмат, варта толькі паглядзець на спіс скарыстанай літаратуры, але яшчэ нямала трэба і зрабіць. Між іншым, прачытаў у Вас Кіргіз-Кайсацкая — гэта ж Казахстан на сучаснай мове. Трэба перабраць і з гэтага пункта погляду, бо за такі выраз лёгка зачапіцца, дакладней — да яго лёгка прычапіцца.
Шпілеўскаму пашанцавала найбольш — пра яго зараз часта ўспамінаюць, а менш за ўсіх — Кіркору. Ельскі не падыходзіць да Вашага часу, але ён варты спецыяльнага доследу. Трэба ж было ў свой час Лужаніну выказаць думку, што ён руйнаваў "Жалейку". Было так ці не — пэўна ж ніхто не ведае, а погаласка пайшла. Між іншым, здаецца, няма другога такога дзеяча ці даследчыка свайго часу, які зрабіў так многа, як Ельскі.
Прачытаў кнігу Саламевіча пра Федароўскага і яшчэ раз падзівіўся — колькі можа зрабіць чалавек нават у неспрыяльных умовах, калі ён усё жыццё аддае якой-небудзь ідэі. Тое ж самае можна сказаць пра Раманава, але кніга пра яго Бандарчыка напісана цяжка.
Я, безумоўна, згодзен быць у Вас апанентам, тым больш што попыт на мяне ў апошні час моцна знізіўся: у гэтым годзе я не быў апанентам ні разу.
Вітаю Вас з Новым годам і жадаю, каб Вы ў наступным скончылі сваю дысертацыю. Кожны год успамінаю, што калісь на Куццю клалі на стол сена і ставілі міску з куццёю.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
20 лютага 1976 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Атрымаў лісты і артыкул. Дзякуй, вялікі дзякуй. Напісана добра. Вельмі добра, што не напісана таго, чаго не трэба было пісаць.
Тут падрыхтаваны (даўно пададзены ў друк) два артыкулы. Адзін з іх (у "Истории СССР") павінен быў ужо выйсці, але яго адклалі спярша на другі нумар, а зараз на трэці, праз некаторы час, можа, будзе адкладзены і далей. Другі павінен быць у зборніку "Крыніцазнаўства".
Адносна ж Мінска я быў цалкам пэўны, што там нічога не можа быць. Валянцін Грыцкевіч, які таксама нешта напісаў, запэўніваў мяне, што надрукуе ў "ЛіМе" (далі ж там амаль паласу Сярбенту) ці ў нейкім часопісе. Я сказаў яму, што гэта немагчыма. А Ваш артыкул такі выйшаў. Між іншым, ад гісторыкаў не было нічога, і калі будзе, то праз нейкі доўгі час. Яшчэ большае дзіва выйшла, калі мне пазванілі 14 лютага і сказалі, што пра такую падзею, як юбілей, перадавалі па радыё. Гэта ўжо зусім дзіва.
У нас (ды можа, не толькі ў нашым Інстытуце) існуе такая думка, што 70 гадоў не варта адзначаць, бо гэта, як кажуць, вылазіць бокам: людзей віншуюць, яны хвалююцца, а пасля свята — глядзі — здараецца нешта непрыемнае, інфаркт ці што падобнае. Мяне ад гэтага выратаваў лёс.