30 снежня адвёз у бальніцу Наталлю Маркаўну, а з новага года адчуў такую стомленасць, што праляжаў усё свята, а пасля — яшчэ, а пасля — яшчэ. Неяк перыядычна ачуньваў (проста кажучы, рабілася троха нармальнай тэмпература), а пасля ізноў лажыўся. Такім чынам, калі трэба было ісці слухаць віншаванні, я ляжаў на сваёй канапе і думаў — колькі ж гэта мне яшчэ валяцца? 10 лютага пайшоў, але ішлося кепска, і я пачаў прасіць, каб яшчэ адкласці, але мне сказалі (лепш кажучы, так яно прыйшлося само па сабе), што ўжо купілі кветкі, і таму зараз хавацца няма як. Адсвяткавалі нешта за 15 хвілін, і я з букетам папоўз дахаты. Такім чынам, самая сутнасць юбілею — банкет — адпала сама па сабе, і нават невядома, ці будзе ён наогул.
Добра, што на гэты час прыехала сястра, і таму не былі з Сашам галоднымі.
11 люгага мяне запрасілі ў Саюз пісьменнікаў. Там абмяркоўвалі беларускую прозу за астатнія гады. У той дзень я ўжо быў мацнейшы, але дасядзець да канца не змог. Там сабраўся народ, як кажуць, закалёны ў паседжаннях, і ім нават без абеду добра гаварылася. Там даведаўся не толькі пра тое, што Бандарчык ужо не Бандарчык, але і пра тое, што ў Вас новае начальства.
Тэмпература мая (добра калі 35) часткова, пэўна, залежыць ад навукі. Апошнія два месяцы мінулага года шмат сядзеў над летапісамі, а гэта ведаеце, што такое. Сяджу і зараз, і няведама колькі давядзецца сядзець яшчэ. Уся справа ў тым, што трэба было наперад выпрацаваць вельмі жорсткія агульныя правілы перадачы тэксту (ці даваць у тэксце памылкова напісанае слова, а да яго заўвагу, ці наадварот — пісаць выпраўленае, а ўнізе рабіць заўвагу, што ў тэксце іначай; ці даваць асобныя літары ў дужках і г.д.).
Правілы ў мяне былі добрыя, але на практыцы ў адным месцы выйшла так, а ў другім інакш, і гэта не толькі з-за няўважлівасці, але і таму, што часам проста трэба зрабіць інакш. Пасля таго — пунктуацыя. У адным летапісе тэкст прачытаеш так, а ў другім — іначай, а пасля, калі пачнеш параўноўваць, то такія разыходжанні трэба пагаджаць.
Пры абмеркаванні выказвалася думка, што Нікіфароўскі [летапіс] трэба скарыстаць толькі ў варыянтах. Я зараз капітальна праверыў яшчэ і бачу, што Нікіфароўскі трэба даваць асобна абавязкова. Гэта ж не копія аднаго з другога, хаця, пэўна ж, спісаны з аднаго арыгінала. У Слуцкім летапісе варагаў заклікалі не ў Ноўгарад, а ў Наваградак. Наогул памылкі трэба будзе каму-небудзь вельмі пільна прааналізаваць, з гэтага выйдзе нешта цікавае.
Коршунаў зрабіў мне некалькі заўваг, даволі непрыемных. Каб праверыць Баркулабаўскі летапіс, яшчэ не хадзіў у музей (яго ўжо з паўгода трасуць). У сваю чаргу магу сказаць, што Кракаў быў сталіцай не Вялікай Польшчы, але Малой, а Варшава — не сталіца Малой Польшчы, але Мазовіі і г. д. Палякі да гэтага, ведама, адразу прычэпяцца.
На гэтым тыдні машыністка павінна была кончыць друкаваць другую рэдакцыю гісторыі вёскі, але адклала яшчэ на тыдзень. Абедзве машыністкі кажуць, што ім было цікава чытаць і друкаваць. Дай божа. Але хто будзе яе друкаваць?
У сакавіку павінен прыехаць чытаць лекцыі ў Мінскім педінстытуце. Два мінулыя гады мяне, папрасіўшы прыехаць, пасля прасілі не ехаць. Невядома, як будзе ў гэтым годзе. Відаць, чытаць штодня зараз мне будзе цяжка, але калі будзе троха, можа, і прыеду.
Саша паехаў у бальніцу, каб забраць маці дадому. Там яна надта нудзілася, і нават невядома — ці дасць лячэнне нейкія вынікі. На лета стараюся знайсці на ўскраіне Масквы дачу, каб не ўвесь час сядзець каля вакзала.
Прьшітанне Марыне Усевалодаўне, Вераніцы, Максіму і наогул усім.
Улашчык.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
10 сакавіка 1976г.
Дарагі Ніл Сямёнавіч.
Пасылаю Вам зборнік, у якім змешчаны артыкул пра мяне. Пісаў супрацоўнік інстытута, з якім працую разам ужо больш за 20 гадоў. У № 3 "Истории СССР" будзе яшчэ невялікая нататка. На гэтым юбілейныя радасці скончацца. Ад Саюзнай і Украінскай акадэмій атрымаў граматы (не ў звязку з юбілеем), ад Беларускай маю дулю. Можна сказаць, што ўсё ідзе, як і належыць быць. Сапраўдная бяда — тое, што "Гісторыя вёскі" кепска ідзе наперад. Наталля Маркаўна ўсё хворая. Яна перадае ўсёй Вашай сям’і прывітанне.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
17 сакавіка 1976г.
Дарагі Ніл Сямёнавіч.
70 гадоў такі ж семдзесят, і радасць з гэтага невялікая, але атрымаць такі ліст, які прыслалі Вы, — радасць. Зараз мала (надта мала) засталося тых, з кім вучыўся, працаваў, марыў, хадзіў, ездзіў, а новыя знаёмствы (не знаёмствы, а сувязі) здараюцца рэдка. Вы адзін з тых, з кім знаёмства і дружба пачаліся з першай сустрэчы. Наогул знаёмствы за апошнія 10—15 гадоў — дзіўныя. Кантакты завязваюцца або з пісьменнікамі, або з літаратуразнаўцамі, ды яшчэ з людзьмі, малодшымі за мяне, і ніяк не пераходзяць мяжы звычайнага знаёмства з гісторыкамі.