30 сакавіка 1979 г.
Дарагі Ніл Сямёнавіч.
Некалькі дзён назад я глядзеў па тэлевізары передачу — мастацкая выстаўка: жывапіс і скульптура. Зразумела, у мастакоў на першым месцы дзяўчаты, але было і іншае. Між іншым, паказалі партрэт Капіцы, зусім старэнькага, і яго жонкі.
Тут я падумаў, што трэба было б, каб хто-небудзь з добрых мастакоў зрабіў партрэт Гаўрылы Іванавіча. Найлепш да гэтага падышоў бы Сергіееіч, але зараз (казалі) ён у такім стане, што зрабіць ужо не зможа. 3 тых, што засталіся ад 20-х гг. (Ганчарык, Вечар і, можа, хтось яшчэ), Гаўрыла Іванавіч самы большы, і будзе вельмі шкада, калі ніхто не напіша яго партрэт. У мяне сярод мастакоў знаёмствы вельмі малыя, прасіць самога Г. І., каб ён заказаў свой партрэт, неяк не выпадае, а яму ж ужо 79 (але выглядае зусім бадзёры). Трэба спяшацца; не заўсёды будзе такім. Таму ў мяне да Вас просьба: паспрабуйце ўладзіць гэту справу. Вы знаёмы з усімі.
Цяжка перажывалі тут утрату Юрыя Паўлавіча Гаўрука. Мне перадалі, што працаваў звыш сіл, ад таго, пэўна, дачасна і памёр.
Прывітанне Ніне Іванаўне ад мяне і Наталлі Маркаўны. У гэтым годзе ізноў будзем сядзець пад Масквою. Том летапісаў павінен у маі пайсці ў друкарню, і зараз складаю паказнікі.
АНАТОЛЮ ГРЫЦКЕВІЧУ
7 красавіка 1979 г.
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Некалькі дзён таму прыйшла "История Белорусии", сёння — Ваша кніга. Дзякуй за ўсё, рады за Вашыя поспехі. Рэдакцыя "Истории СССР" адмовілася друкаваць рэцэнзію на кнігі Ткачова, бо напісаны не па-руску. Для Вашай кнігі такой заганы няма, але ўпэўненасці няма таксама. Буду пісаць самую кароткую.
Адносна лекцый. Цалкам згодзен, вельмі падыходзіць і пара — восень, але пакуль гэта не ўвязана з выхадам летапісаў. Том 35 ПСРЛ з тэкстамі на беларускай, польскай і лацінскай мовах цяжкі для набору, а ў набор (больш дакладна — у друкарню) пойдзе, пэўна, у маі, бо зараз сканчаюцца ўсе даробкі ў выдавецтве. Таму зараз я толькі частка выдавецкай машыны і вызвалюся, калі падпішу том на выхад, а калі гэта будзе — ніхто ня ведае. Але нават зважаючы на ўсе гэтыя акалічнасці буду спадзявацца, што да лістапада ўсё будзе скончана, — я буду вольны і вазьму вялікі адпачынак.
Чаго б я хацеў, ды яшчэ зважаючы на практыку. У Горадні і Мінскім педагагічным інстытуце мне давалі 20 гадзін, з іх 16 на лекцыі, 4 гадзіны на кансультацыі і на нешта падобнае да экзамену. Добра было б, каб і ў Вас было таксама. Там я чытаў спецкурс — па-сутнасці выкладаў змест сваіх "Очерков". Зараз у мяне ляжыць рукапіс, які завецца "Введение в изучение белорусско-литовского летописания". Я пастараўся зрабіць яго ў тым стылі, у якім напісаныя "Очерки". Кажучы больш дакладна, я шмат увагі звярнуў на тое, хто быў заказчыкам летапісаў, дзе (хаця б прыкладна) яны пісаліся, як і калі трапілі ў тыя кнігасховішчы, у якіх знаходзяцца цяпер. Асобны раздзел складае дослед пра гарадскія хронікі (віцебскія, магілеўскія і слуцкая, усё гэта ў сувязі з гісторыяй новых гарадоў). Зважаючы, што лекцыі патрэбны ня так мне, як студэнтам, можа Вы яшчэ ўдакладніце, што было б для іх больш пажадана. Калі мы змовімся з Вамі па ўсіх пунктах, напішыце ліст у дырэкцыю, гэта лічыцца абавязковым. Паведаміце мне адрас Чапко.
Я прачытаў Вашу праграму. Ня ведаю, як яна розніцца да праграм педінстытутаў. Ведаю толькі на практыцы, што праграма гэта добра, але сутнасць — што ў яе ўкладаецца.
Мне здаецца, што калі б Вы наступную кнігу напісалі пра Нясвіж як культурны цэнтр, то гэта было б надта добра. Трэба нашай публіцы, перш за ўсё беларусам, паказаць, якія ў нас былі вялізныя культурныя каштоўнасці, і як мы збяднелі зараз. Сам я ўсё сватаю дзве тэмы: бежанства 1915 г. (пра гэта размова была і тут, і ў Мінску з Танкам і Брылём, і ўсё марна), а другая — ваяводы. Тры ваяводы (з тых, што я ведаю — Завіша, Храпавіцкі і Матушэвіч) пакінулі дзённікі ці мемуары, — адно гэта чаго вартае. У мсціслаўскага ваяводы Хамінскага захоўваўся Ольшаўскі рукапіс. Таксама акалічнасць, вартая ўвагі. Наогул, гэта і фігуры цікавыя, і варта было б ведаць, які ж быў народ.
Улашчык.
Калі надыходзяць вясеннія месяцы, то заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады, жаўранкі, шпакі, буслы, пачынаюць крактаць жабы і інш.
У 3 нумары "Вопросов литературы" кароткія тэксты выступленняў пры абмеркаванні гісторыі літаратуры. Там і мае тры грошыкі.
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
21 красавіка 1979 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Заўтра Вялікадня. Наталля Маркаўна зварыла чырвоных яец і вельмі рада, бо варыла першы раз за ўсё жыццё (раней варыў хтосьці). Мне, як звычайна, успамінаюцца дзіцячыя гады, радаснае хваляванне перад святам і асабліва валачобнікі. Заўсёды клаўся спаць на той лаве пад акном, пад якім спявалі валачобнікі. Які прыгожы звычай! А зараз валачобныя, здаецца, не ўключаюцца ў рэпертуар ніводнага хору ці саліста. А гэта ж цэлы цыкл, а прыпеўка: "Вясна-красна на ўвесь сьвет!".