Читаем Лісты полностью

Мне ўспамінаецца, што некаторыя месцы фальклору, дзе га­ворыцца пра мора, фалькларысты не чулі. Ніхто, напрыклад, не ведае казкі пра Рыбу-алер’ю, якая пагражала перавярнуць карабель, на якім плыў каралевіч. А ў адной валачобнай спявалі "Ды на сінім моры, ды на белым камні — вясна-красна на ўвесь свет!" Гэта з наваградскага рэпертуару.

Учора напісаў на рукапісе — "у набор". На пару месяцаў затрымка выйшла з-за хворасці рэдактара і мае. Я ўжо пісаў, што рэдактар чытае надта ўважліва, і шмат з чаго (апрача тэкстаў, пісаных лацінкаю) перадрукоўваецца. У некаторых выпадках, калі перадрукаванае прыклейваюць, то выходзіць так, што амаль даробак не відаць. У другіх выпадках папера пачынае збірацца ў складкі, і ўзнікае трывога, каб друкарня не вярнула на­зад. У такім разе мы выб’емся з графіка, ды і рэдактар хварэе і ідзе днямі ў адпачынак.

Паказнікі ўжо пачалі рабіць. Мне далі хлопца, якому я даручыў проста спісаць з т. 17 паказнікі на карткі, каб пасля дапоўніць ці выкінуць лішняе. Покуль выкінуў амаль 200 непатрэбных. Наогул, такая работа зараз не па мне. Пасля сядзення над рукапісам гадзінаў 3-4 я ўжо больш ні на што няварты. Гэта мая "Віцкаўшчына" шчасліва перажыла два скарачэнні пла­ну, а што будзе далей — бог бацька.

Прывітанне Марыне Усевалодаўне, Вераніцы і Максіму. Прывітанне з маем. Рогаў неяк, выйшаўшы з Інстытута, паваліўся і зламаў нагу, але зараз ходзіць. Вельмі трывожуся за Каханоўскага — ён 24-га бароніцца.

Улашчык.

МІХАІЛУ ТКАЧОВУ

1 чэрвеня 1979 г.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Пішу адказ на Ваш цікавы ліст. Калісь, у 1948-49 г. я быў выкладчыкам у Маскоўскім універсітэце, і хоць мне і да таго, і пасля давялося шмат працаваць, але такім занятым я ня быў ніколі. Тое ўсё давядзецца перажыць некалькі гадоў і Вам, аж пакуль ня выпрацуецца нейкі нібы трафарэт, калі будуць зробленыя канспекты ўсіх лекцый і г.д.

Пра студэнтаў, якім абы скончыць, гаварыць ня будзем, а пра тых, з якіх нешта будзе, трэба клапаціцца. Я тут бачу добрую практыку ў студэнтаў Гістарычна-архіўнага інстытуту (ці ня большасць супрацоўнікаў нашага Інстытуту дасавецкага часу вышлі з гэтага Інстытуту). Дбайныя студэнты з першага ці другога курсу бяруць тэмы, якія пазней робяцца курсавымі, а яшчэ пазней дыпломнымі, а пасля дысертацыямі. Добра, каб і ў Вас пайшло так.

Якія варта даваць тэмы? Тут шмат што ўпіраецца ў польскую мову. Абавязкова трэба прымушаць перспектыўных студэнтаў вучыць польскую мову, бо бяз гэтага надта шмат крыніц нельга ім рэкамендаваць. Дарэчы, трэба ўвесь час тлумачыць, што вывучыць мову проста. Колькі ўжо чуў, ды і на сабе выпрабаваў, што трэба пачынаць чытаць Сянкевіча, яго трылогію ў арыгінале, іншае прыкладзецца. Трэба рэкамендаваць і нямецкую, бо ў свой час у Караляўцы (Кёнігсбергу) вышла шмат капітальных прац, якія нам трэба ведаць.

Канкрэтна, што магу параіць. Думаю, што ў першую чаргу варта скарыстаць тыя тамы "Актаў" Віленскай камісіі, у якіх змешчаныя дакументы пра Горадню і Гарадзеншчыну (Тамы 1, 5, 7, 17, 21, 22, 24). Вельмі цікавы і змястоўны матэрыял пра Гарадзеншчыну знаходзіцца ў "Пісцовай кнізе Гарадзенскай эканоміі" (Т. 1,2). З гэтых публікацый трэба выбраць штось адно, ня надта вялікае, каб было па сілах студэнтам, а разам каб у іх з’явіўся імпэт да даследчыцкай працы.

З таго, што я перабіраў, лічу больш цікаваю "Кнігі расходаў і даходаў Магілёўскага магістрату". Там можна выдзяліць такія тэмы, як розныя святы, звычаі таго часу, грашовую сістэму, дзейнасць магістрату і шмат чаго іншага. У серыі "ИЮМ" ёсць матэрыялы пра Пасожжа і наогул пра Ўсходнюю Беларусь.

Вельмі драматычныя і цікавыя звесткі (пэўна гэта знойдзе дарогу ў друк) будуць пра чараўніцтва. Дарэчы, пра гэта пісаў толькі Доўнар-Запольскі. Вельмі цікавыя і драматычныя матэрыялы пра копныя суды.

Статуты цэхаў, думаю, варта было б даваць на старэйшых курсах, на першых яны будуць здавацца сухімі.

За запрашэнне дзякуй, але ў мяне том летапісаў пайшоў у друкарню, і таму, пакуль ня будзе падпісаны сігнал, я як прывязаны тут. А ў Горадні, асабліва ў Пышках, вельмі хораша.

У рэцэнзіі на аўтарэферат Ігнаценкі я напісаў, што дарма аўтар выказваецца проці Каяловіча, бо па сутнасці паміж Каяловічам і Ігнаценкам розніцы няма. Пра тое, што Ігнаценку выратаваў Капыскі, ня чуў. Сам я ў той час ляжаў у бальніцы, свой водгук перадаў. Мне сказалі, што яго прачыталі, але адразу здалося, што чыталі толькі маленькія кавалкі, апускаючы сутнасць.

Баяўся, каб у Вільні Каханоўскага не завалілі, бо Тышкевічы і Кіркар — беларускія даследчыкі — там падтрымкі не сустракаюць. Харашкевіч завецца Анна Леанідаўна. Яе адрас такі: Москва, 121, Рублевское шоссе, 93-1-31.

Зараз выйшаў другі выпуск.

"История СССР" адмовілася друкаваць рэцэнзію на Вашыя "Замкі", бо [яны] маюць ужо надта шмат рэцэнзій. Дамовіўся з "Вопросамн нсторнн", калі не зманяць.

У нас спякота. З вясны не было ніводнага дажджу. З-за летапісаў нікуды нельга рушыцца. Блінова прыслала свой аўтарэферат.

АНДЖЭЮ ПОПЭ

3 апреля 1980 г.

Дорогой Андрей Витовтович.

Перейти на страницу:

Похожие книги