Такой манеры гаварыць я не мог вытрываць нават ад анёла і таму, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, схапіў сальнічку, якая стаяла пад рукой, і кінуў яе ў галаву нязванаму госцю. Аднак ці то ён адхіліўся, ці то я не пацэліў, але я здолеў толькі разбіць шкло гадзінніка на каміннай паліцы. Што да анёла, то ён, як і раней, выказаў сваё стаўленне да майго ўчынку трыма паслядоўнымі ўдарамі па ілбе. Гэта змусіла мяне падпарадкавацца, і, сорамна сказаць, ці то ад болю, ці то ад прыкрасці ў мяне выступілі на вачах слёзы.
— Майн Гот! — прамовіў Анёл Надзвычайнасцяў, якога відавочна змякчыла сузіранне маіх пакутаў. — Майн Гот, гэты шалавек ці фельмі п'яны, ці фельмі засмушоны. Не трэба піць такое моснае фіно, трэба распафляць. Фыпі гэтага, пуць харошы хлопшык і не плаш, ну не плаш!
Тут Анёл Надзвычайнасцяў даліў у мой келіх (які быў на траціну поўны партвейнам) бясколернай вадкасці з адной са сваіх бутэлек. Я заўважыў на гэтых бутэльках налепкі вакол рыльцаў. Там было напісана Kirschenwasser [79
].Тактоўнасць і дабрыня Анёла ў немалой ступені супакоіла мяне, а вадкасць, якою ён неаднойчы разбавіў мой партвейн, прывяла мяне ў настрой слухаць яго надзвычайны маналог. Я нават не спрабую пераказаць усё тое, што ён мне гаварыў, але з ягоных словаў я зразумеў, што ён геній, якому падлеглыя ўсе непрыемнасці, што здараюцца з чалавекам, і які арганізуе надзвычайныя здарэнні, што пастаянна здзіўляюць скептыкаў. Раз ці два, калі я спрабаваў выказаць недавер адносна ягоных заяваў, ён вельмі злаваўся, таму я вырашыў, што наймудрэйшай стратэгіяй будзе маўчаць і дазваляць яму казаць што заманецца. Пакуль ён раздабарваў, я з прымружанымі вачыма сядзеў, адкінуўшыся на спінку фатэля, і забаўляўся тым, што жаваў вінаград і раскідваў костачкі па ўсім пакоі. Аднак Анёл хутка палічыў мае паводзіны зняважлівымі. Ён падняўся, страшэнна разгневаны, насунуў сваю лейку на самыя вочы, шматслоўна вылаяўся, выгукнуўшы пагрозу, сэнсу якой я так і не зразумеў, урэшце нізка пакланіўся мне і знік, мовай арцыбіскупа з «Жыля Блаза»* пажадаўшы beaucoup de bonheur et un peu plus de bon sens [80
].Ягоны сыход прынёс мне палёгку. Некалькі шклянак лафіту навявалі сон, і мне захацелася пятнаццаць-дваццаць хвілінак падрамаць, як і звычайна пасля абеду. А шостай у мяне была важная сустрэча, прапускаць якую вельмі не хацелася. Тэрмін страхоўкі майго дому скончыўся дзень таму, узніклі некаторыя непаразуменні, і я дамовіўся з кіраўніцтвам страхавой кампаніі пра сустрэчу а шостай, дзе мы маглі абмеркаваць пытанне яе працягу. Зірнуўшы на гадзіннік, што стаяў на каміне (я быў такі снулы, што не мог дастаць кішэнны), я ўзрадаваўся, што ў мяне яшчэ дваццаць пяць вольных хвілінаў, а мая сіеста ніколі не доўжылася больш за дваццаць. Таму я цалкам супакоіўся і аддаўся сну.
Неймаверна задаволены сном, я зноў зірнуў на гадзіннік — і амаль паверыў у магчымасць надзвычайных здарэнняў, пабачыўшы, што замест звычайных пятнаццаці-дваццаці хвілінаў я праспаў усяго тры: гадзіннік паказваў без дваццаці сямі шэсць. Я зноў заснуў, потым прачнуўся і вельмі здзівіўся, зразумеўшы, што ў мяне па-ранейшаму засталося дваццаць сем хвілінаў. Я ўскочыў праверыць гадзіннік і выявіў, што ён не працуе. Мой кішэнны гадзіннік паказваў палову восьмай; праспаўшы дзве гадзіны, я, безумоўна, спазніўся на сустрэчу.
«Ну і што, — падумаў я, — зайду туды зранку і выбачуся. Але што здарылася з гадзіннікам?» Пасля праверкі выявілася, што адна з костачак вінаграду, якія я раскідваў па пакоі падчас маналога Анёла Надзвычайнасцяў, пераляцела цераз разбітае шкло і выпадкова засела ў шчыліне для заводу, спыніўшы рух хвіліннай стрэлкі.
— О, — прамовіў я, — цяпер я разумею. Усё відавочна. Такое бывае.
Я больш не думаў пра гэты выпадак і пайшоў спаць у звычайны час. Паставіўшы свечку на пюпітр у галавах ложка, я паспрабаваў засяродзіцца на «Усюдыіснасці Бога»*, аднак, на вялікі жаль, менш чым за дваццаць секундаў заснуў, пакінуўшы святло гарэць.